Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: Алексіевіч слушна зрабіла, што адмовілася


Нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч патэлефанавалі з прэзыдэнцкай адміністрацыі і прапанавалі ўзначаліць камісію па вызначэньні варыянту помніка ў Курапатах.

На што пісьменьніца адказала, што гэтым павінны займацца людзі, для якіх Курапаты былі справай жыцьця. І ўзначальваць такую камісію меў бы права толькі Зянон Пазьняк. А ў камісіі, у сваю чаргу, павінна быць «больш людзей, якія насамрэч зрабілі Курапаты Курапатамі».

Гэтая заява Сьвятланы Алексіевіч цяпер актыўна абмяркоўваецца ў сацсетках, і многія выказваюць меркаваньне, што менавіта Пазьняк мог бы узначаліць такую камісію. А вось як адрэагаваў на гэта адкрывальнік Курапатаў, старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк:

«Пазванілі Алексіевіч, прапанавалі ёй гэта ўзначаліць. Яна зразумела, што хочуць за яе плячыма схаваць брыдкую справу і адмовілася. У прынцыпе, слушна зрабіла. А што датычыць што гавораць у сацыяльных сетках, каб Пазьняк узначаліў і гэтак далей. Пазьняку трэба прыехаць, каб узначальваць. А прыехаць ён ня можа, таму што ў гэтай краіне, дзе правіць Лукашэнка, ня дзейнічаюць законы. Туды ехаць нельга, таму гэта чыста рытарычная прапанова. А што мяркуюць людзі ў сацсетках, я не лічу патрэбным камэнтаваць і прапаноўваць».

Адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк, які з 1996 году знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі, лічыць, што народны мэмарыял у Курапатах ужо створаны. Як толькі быў абвешчаны конкурс, ён заклікаў творцаў не ўдзельнічаць у ім.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс і што цяпер ідзе конкурс. Міністэрства культуры распрацавала палажэньне аб парадку арганізацыі і правядзеньня конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку мэмарыялу «Курапаты». Праекты можна падаваць да 27 красавіка, усе пададзеныя матэрыялы будуць разгледжаныя на закрытым пасяджэньні журы не пазьней за 1 траўня 2017 года.

У палажэньні пра конкурс сьцьвярджаецца, што памятны знак павінен быць прысьвечаны «адбыўшымся ў дадзеным месцы трагічным падзеям і адлюстроўваць ідэю ўвекавечаньня памяці ўсіх бязьвінна загінуўшых ахвяр ХХ стагодзьдзя ў гісторыі Беларусі».

Ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў, галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч выказаўся супраць такога фармату конкурсу. Ён лічыць, што да абмеркаваньня мэмарыялізацыі Курапатаў маюць быць далучаныя ўсе прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апякуюцца Курапатамі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG