Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Біў салдат антэнай і сапёрнай лапаткай». Судзяць яшчэ аднаго вайскоўца зь Печаў


Старшы лейтэнант Глеб Чайкоўскі ў судзе

У Барысаўскім раённым судзе пачаўся чацьвёрты з пачатку году працэс над вайскоўцам зь Печаў, якога вінавацяць у зьбіцьці падначаленых. Старшага лейтэнанта Глеба Чайкоўскага судзяць паводле 455 артыкула — за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі з ужываньнем гвалту. Яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня. Былы вайсковец прызнаў віну часткова, па асобных эпізодах, і вельмі крытычна выказаўся пра ўзровень маладога папаўненьня.

Глеб Чайкоўскі служыў у 3 гвардзейскай школе 72 вучэбнага цэнтру. У справе Чайкоўскага больш за 16 эпізодаў. Усе тычацца пэрыяду ліпеня-жніўня 2017 году, калі ён камандаваў узводам падчас навучаньня ваджэньню самаходнай артылерыйскай устаноўкі. Падзеі адбываліся на танкадроме № 1.

Паводле сьледзтва, Чайкоўскі зьбіваў падначаленых

  • нагой па галёнцы;
  • сапёрнай лапаткай па сьпіне;
  • малой сапёрнай лапаткай па галаве;
  • мэталічнай антэнай па нагах;
  • прымусіў адціскацца, а потым ударыў малой сапёрнай лапаткай;
  • двойчы кулаком у галаву;
  • драўлянай палкай па назе і тулаве;
  • прымусіў прынесьці і трымаць пэўны час 2 слупы вагой па 25 кіляграмаў.

Пра зьдзек і ўжываньне гвалту з боку Чайкоўскага распавялі сьледчым больш за дзесяць вайскоўцаў.

«Салдаты як дзеці, а зь дзецьмі цяпер праблемы»

Паводле Глеба Чайкоўскага, узровень маладога папаўненьня, якое штогод прыходзіць у беларускае войска, «надзвычай праблемны», і выправіць гэта за некалькі месяцаў вучэбкі складана.

«Я ня ведаў, як „дагрукацца“ да шарагоўца, які пасьля двух месяцаў навучаньня працягвае не падпарадкоўвацца і наўмысна не выконвае загады».

«Такога вайскоўца я баяўся саджаць за машыну».

«Большасьць майго часу ішла на тое, каб не дапусьціць няшчаснага выпадку».

«Безь фізычнага пакараньня было немагчыма абысьціся, бо іншых мэтадаў у мяне не было».

«Гэта было сумяшчэньне фізычнага загартоўваньня з выхаваньнем».

Гэтак казаў Глеб Чайкоўскі на допыце пра розныя эпізоды са сваёй справы.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

«Быў ім старэйшым братам»

Паводле сьледзтва, Глеб Чайкоўскі ўжываў сілу да падначаленых за невыкананьне загадаў або за несвоечасовае выкананьне загаду. Адзін з эпізодаў здарыўся ў сувязі з заўвагай, што ў салдата «сьмярдзіць форма». Сам Чайкоўскі кажа, што ня біў падначаленых з мэтай зрабіць ім балюча, але прызнаў, што часам ужываў сілу, каб салдаты пераадолелі страх перад вайсковай тэхнікай. Таксама падсудны прызнаваў, што мог дакрануцца антэнай да салдата, каб зьвярнуць ягоную ўвагу падчас заняткаў.

«Ніхто не зьвяртаўся потым па мэдычную дапамогу і ня скардзіўся», — дадаў падсудны.

У адным з эпізодаў, паводле Чайкоўскага, ён «пляснуў салдата партупэяй» па назе 3 разы. За што?

«У адказ на заўвагу, што ў салдата сьмярдзіць форма, ён мне сказаў тое самае. Я жартаўліва яго „пляснуў“, але, відаць, перагнуў палку».

Тое, што Чайкоўскі загадваў салдатам цягам пэўнага часу трымаць бярвёны, ён не прызнаў. «Загад быў прынесьці бярвёны і скласьці іх як трэба, навошта яны іх трымалі ў руках — мне невядома», — такое тлумачэньне даў Чайкоўскі.

Міністар абароны пра справу Коржыча, «батанікаў» у войску і расейскія базы ў Беларусі

Прызнаўшы віну па частцы эпізодаў, Глеб Чайкоўскі заявіў суду, што некаторыя з падначаленых, прыкладам, шараговец В., агаварылі яго на замову аднаго з прапаршчыкаў часткі, зь якім у яго ня склаліся адносіны. Паводле Чайкоўскага, прэтэнзіі да яго ўзьніклі пасьля кастрычніка 2017 году, калі здарылася «адна гучная справа». (Менавіта тады стала вядома пра сьмерць у вучэбцы ў Печах шарагоўца Аляксандра Коржыча. — РС). Падсудны сказаў, што сьледчыя крычалі на некаторых ягоных былых падначаленых, каб атрымаць патрэбныя паказаньні.

«А. мацярыўся ў адказ на простыя пытаньні»

Пра некаторых сваіх падначаленых Глеб Чайкоўскі выказаўся даволі нэгатыўна.

«А. увесь час брыдкасловіў, у тым ліку з матамі адказваў на звычайныя пытаньні».

«К. спрабаваў мне „стучаць“ на іншых сяброў, прычым зусім нематывавана».

«Б. і Б. не маглі выканаць элемэнтарны загад, нават пасьля двух разоў не разумелі, чаго ад іх хочуць».

«А. мог на занятках падняцца і пайсьці, фамільярнічаў».

«Начная язда, а Б. ня змог вылічыць шырыню дазволенай дарогі, элемэнтарныя арытметычныя дзеяньні ня выканаў. Чатыры і сем на два падзяліць ня можа! А калі ён на чалавека на ўзбочыне наедзе? Я і ня вытрымаў, даў яму...»

«Большасьць салдат неадукаваныя. Як з такімі разумовымі здольнасьцямі авалодаць складанай тэхнікай?!» — падсумаваў расповед Глеб Чайкоўскі.

Пры гэтым Глеб Чайкоўскі заявіў, што рабіў максымум, каб наладзіць чалавечыя кантакты з салдатамі ўзводу, шмат з кім меў добрыя зносіны, жартаваў зь імі.

«Мы былі ва ўзросьце, калі бацькам ім я ня мог быць, але быў старэйшым братам, бо мая задача паводле статуту — навучыць і выхаваць».

Пра паказаньні некаторых сьведак Чайкоўскі казаў: «Не, гэты ня мог мяне агаварыць».

Глебу Чайкоўскаму 26 гадоў. Ён служыў паводле кантракту, які спынілі ў лютым 2018 году на падставе ягоных «сыстэматычных парушэньняў» і звольнілі яго з войска. Цяпер былы вайсковец працуе адміністратарам у гандлёвай залі. У судзе прагучала інфармацыя, што на гэтай працы ён затрымаў рабаўніка.

Мера стрыманьня, ужытая да Глеба Чайкоўскага, — падпіска аб нявыезьдзе.

Гвалт у войску

Пасьля гвалтоўнай сьмерці ў Печах салдата Аляксандра Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце мераў па прадухіленьні гібелі Коржыча з войска звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.

4 траўня суд Барысаўскага раёну вынес прысуд сяржанту Арцёму Бердніку — тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў, з пазбаўленьнем воінскага званьня "сяржант".​ Арцём Берднік таксама не праходзіў па справе Коржыча.

Суд у Барысаве пакараў сяржанта трыма гадамі калёніі за хабар і зьдзекі з шарагоўцаў

3 траўня 21-гадовага сяржанта Ўладзіслава Яльца і 24-гадовага яфрэйтара Максіма Малышку асудзілі за «дзедаўшчыну» ў дачыненьні да пяцёх салдат на чатыры і тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна.

«У салдат няма свайго слова ў войску». У Горадні асудзілі двух «дзядоў»

30 сакавіка прапаршчыка з 72 гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру ў Печах Ігара Хішчанку, які катаваў салдат электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зьняволеньня.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармацыя БелТА).

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці.

Акрамя школ, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.

«Яны прададуць і дзяржаву, і Лукашэнку». У маці салдата Коржыча свая вэрсія сьмерці сына

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG