Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У салдат няма свайго слова ў войску». У Горадні асудзілі двух «дзядоў»


21-гадовага сяржанта Ўладзіслава Яльца і 24-гадовага яфрэйтара Максіма Малышку асудзілі за «дзедаўшчыну» ў дачыненьні да пяцёх салдат, якія служаць у Горадні. Хлопцы атрымалі адпаведна чатыры і тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму. Да таго ж суд Горадзенскага раёну пазбавіў іх вайсковых званьняў. Прысуд не ўступіў у сілу.

«Прабівалі лася» і білі рэменем са спражкаю

Падзеі, за якія судзілі вайскоўцаў, адбываліся летась у жніўні. Салдаты знаходзіліся на вучэньнях на палігоне каля вёсак Гожа і Крынічная пад Горадняй. Уночы ў намёце, дзе спалі каля дваццаці чалавек, пагасьлі абедзьве буржуйкі, якімі ацяпляўся намёт. Ялец і Малышка прачнуліся ад холаду, пабудзілі і пашыхтавалі на дварэ пяцёх апальшчыкаў, якія па чарзе мусілі сачыць за агнём у тую ноч.

Далей аповеды пра сытуацыю разыходзяцца. Паводле паказаньняў некаторых дзяжурных апальшчыкаў, іх прымусілі адціскацца пад лічэньне. Потым пачалі біць: «прабівалі лася» (моцна білі па скрыжаваных на лбе далонях), білі па плячах, а таксама рэменем са спражкаю па ягадзіцах. Ад крыкаў прачнуўся камандзір узводу, агледзеў жаўнераў, але не знайшоў сьлядоў цялесных пашкоджаньняў.

Паказаньні пацярпелых у гэтай гісторыі ўвесь час зьмяняліся і адрозьніваліся паміж сабой. Спачатку частка салдат сьцьвярджала, што іх ніхто ня біў. Пасьля пачалі расказваць дэталі гвалту, а на чарговых допытах спрабавалі зьменшыць колькасьць удараў. Асуджаныя адмовіліся расказаць у судзе сваю вэрсію падзей.

Пракурор Артур Валентукевіч запатрабаваў для фігурантаў 4 і 3,5 года пазбаўленьня волі. Адвакаты прасілі суд апраўдаць іхных падабаронных. Адна з адвакатак зьвярнула ўвагу на тое, што хлопцаў хочуць пасадзіць толькі таму, што перад гэтым справа шарагоўца Аляксандра Коржыча займела шырокі грамадзкі рэзананс.

Адзін з пацярпелых падтрымаў пазыцыю пракурора. На што Малышка зьдзіўлена азірнуўся: «Ты што, хочаш мяне пасадзіць?» Астатнія пацярпелыя ціхім голасам сказалі, што садзіць нікога ня хочуць.

На пярэднім пляне пацярпелыя салдаты. На дальнім справа — Максім Малышка
На пярэднім пляне пацярпелыя салдаты. На дальнім справа — Максім Малышка

«Як я магу прымусіць яго адціскацца, калі ён на галаву вышэйшы?»

У апошнім слове эмацыйна выказаўся абвінавачаны Максім Малышка. Ён запэўніў, што добра ведае войска, бо праслужыў паўтара года. Да канца службы яму заставалася ўсяго 15 дзён:

«Як я мог прымяняць „дзедаўшчыну“ да салдат, якія служаць са мной аднолькавы тэрмін? Як я магу прымусіць яго адціскацца, калі ён на галаву вышэйшы за мяне?»

Малышка выказаў сваю думку, чаму пацярпелыя давалі такія паказаньні.

«Хто-небудзь прыйдзе са старэйшых: „Трэба зрабіць так“, і ён [салдат] будзе рабіць, як яму сказалі. Яму скажуць капаць тут, і ён будзе капаць. У іх няма свайго слова ў войску. Яны ня могуць адмовіцца ад сваіх слоў [паказаньняў], бо іх адразу пакараюць... Іх прымусілі гэта сказаць».

«Дзядоў» узялі пад варту

Суд прызнаў, што Ялец вінаваты ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў, спалучаным з гвалтам, а Малышка — у саўдзельніцтве. У залі суду хлопцаў узялі пад варту. Цягам дзесяці дзён бакі могуць абскардзіць і апратэставаць прысуд.

Не маўчаць, зьвяртацца ў СМІ, часта тэлефанаваць. Што рабіць бацькам, калі сын пайшоў у войска

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG