Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне патрэбныя іншыя сьведкі». Сьвятлана Коржыч пачала вывучаць матэрыялы справы пра сьмерць сына


Сьвятлана Коржыч

Дата перадачы справы аб гібелі Аляксандра Коржыча ў суд застаецца невядомай. Ягоныя блізкія ня згодныя з фармулёўкай «давядзеньне да самагубства».

23 красавіка маці загінулага салдата Аляксандра Коржыча Сьвятлана прыехала ў Менск, каб пазнаёміцца з матэрыяламі справы. У першы дзень яна змагла вывучыць толькі тры тамы. Сьвятлана Коржыч расказала Свабодзе, што пакуль ня ўбачыла там нічога новага.

«Які дурань прызнаецца, што забіў?»

«Вывучала, вывучала, але там нічога новага няма... Там вельмі шмат усяго, нават ня ведаю, колькі тамоў, — кажа Сьвятлана Коржыч. — Я толькі тры вывучыла пакуль, а там яшчэ вельмі-вельмі шмат усяго. Агулам, яны кажуць, 153 эпізоды... Буду яшчэ глядзець, але думаю, што нічога новага там няма».

З матэрыяламі справы аб гібелі сына Сьвятлана знаёміцца ў будынку цэнтральнага апарату СК. Яна дала падпіску аб неразгалошваньні і ня можа падрабязна расказваць, пра што там ідзе гаворка. Маці загінулага салдата паўтарае, што агучаная 20 красавіка фармулёўка «давядзеньне да самагубства» яе не задавальняе.

«Давядзеньне да самагубства... Я кажу ім: якое давядзеньне? — гаворыць Сьвятлана Коржыч. — Мне адказваюць, што гэты артыкул лепшы, чым самагубства. Што вінаватыя будуць пакараныя, што людзі даюць нармальныя паказаньні. Пра тое, як зьдзекаваліся з салдатаў, як тэлефоны забіралі, грошы».

Па словах Сьвятланы Коржыч, у сваіх паказаньнях абвінавачаныя прызнаюцца ў злачынствах часткова.

«Вядома, што ня ўсё прызнаюць, — кажа яна. — Які дурань скажа, што ён забіў Аляксандра Коржыча? Такога дурня няма...»

«Хачу знайсьці новых сьведак, але ўсе баяцца»

Сьвятлана Коржыч кажа, што зь ёй працягваюць зьвязвацца родныя салдатаў, які былі таварышамі сына па службе. Аднак яны ня хочуць быць удзельнікамі будучага працэсу зь яе боку.

«Званіла мне дзяўчына, сястра загінулага хлопца (маецца на ўвазе выпадак, калі салдат тэрміновай службы загінуў ад стрэлаў з танкавага кулямёта. — РС), — працягвае Сьвятлана Коржыч. — Ён быў сьведкам па справе сына. Баіцца гаварыць. Кажа, што нічога ёй брат не расказваў пра тое, што адбывалася ў частцы... Падыходзяць да мяне бацькі салдатаў, якія служылі разам з сынам. Я на рынку гандлюю, людзі проста там падыходзяць і расказваюць, што ўся частка ў Печах ведае, што адбылося на самой справе. Прашу быць сьведкамі на судзе — мне адказваюць, што ня хочуць, каб іхніх сыноў паклалі разам з маім».

Сьвятлана Коржыч разьлічвае прагледзець усе матэрыялы справы аб сьмерці сына да 26 красавіка. Пасьля гэтага стане зразумела, што рабіць далей.

«Мне зараз патрэбныя сьведкі. А дзе іх знайсьці, скажыце? Буду вывучаць пакуль гэтыя справы, глядзець і чытаць, — кажа Сьвятлана Коржыч. — Мне патрэбныя нейкія зачэпкі, каб можна было абскардзіць. Вы ж самі ведаеце, пішуць „давядзеньне да самагубства“. Ніякі дурань не прызнаецца, што гэта ён забіў».

Маці салдата, які загінуў у Печах, таксама будзе настойваць на эксгумацыі цела сына. Сьвятлана Коржыч лічыць, што незалежная экспэртыза можа даказаць гвалтоўны характар сьмерці.

«Пра перадачу справы ў суд гаварыць пакуль рана»

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч сказаў Свабодзе, што пра магчымы тэрмін перадачы справы ў суд гаварыць пакуль заўчасна. «Цяпер ідзе азнаямленьне ўдзельнікаў працэсу з матэрыяламі», — сказалі ў СК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG