Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьвязаныя ногі і майка на галаве — гэта самагубства?!» — маці Аляксандра Коржыча будзе дабівацца размовы з Лукашэнкам


Сьвятлана Коржыч ня згодная з высновамі сьледзтва, якое лічыць, што Аляксандар Коржыч учыніў самагубства. Сьледчыя мяркуюць, што да самагубства салдата давялі супрацьпраўныя дзеяньні трох сяржантаў 3-й вучэбнай танкавай роты.

«Гэтая інфармацыя ілжывая. Я запісваюся на прыём да прэзыдэнта, буду зь ім размаўляць, — так адрэагавала маці Сьвятлана Коржыч на інфармацыю пра вынікі сьледзтва ў справе сьмерці яе сына. У яго (Аляксандра Коржыча. — РС.) усё цела пабітае! Гэта самагубства?! Чаму яны мяне ня выклікалі, не сказалі, што ёсьць праблемы? А вазілі па ўсіх інстанцыях і закінулі туды паміраць з завязанымі нагамі, на галаве майка, і зрабіць яшчэ „сабачую сьмерць“. Я гэта абвяргаю! Я бяру тэлефон і запісваюся да яго (Аляксандра Лукашэнкі. — РС.) на прыём. Няхай ён мне патлумачыць.

Да мяне падышоў чалавек, дык ягонага сына ў войску парэзалі на кавалкі нажом і пасьля напісалі суіцыд. Гэта нармальна?

Вось да мяне падышоў чалавек, дык ягонага сына ў войску парэзалі на кавалкі нажом і пасьля напісалі суіцыд. Гэта нармальна? Вось такія сяржанты ў Печах».

Сьвятлана Коржыч паведаміла Свабодзе, што зьбіраецца запісацца на прыём «да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі як да галоўнакамандуючага».

Сьвятлана Коржыч
Сьвятлана Коржыч

«Няхай ён мне патлумачыць, як можна аддаць нармальнага, здаровага, прыгожага хлопца, прайшоў камісію 18 траўня, а празь некалькі дзён стаў нейкі непрытомны. І колькі я яшчэ мусіла ім заплаціць, каб выпусьцілі майго сына жывым адтуль? Стаўкі ў іх ужо, апэтыт быў зьверскі: 50 рублёў штодня я мусіла плаціць. Можа, мой сын мусіў яшчэ маці родную прадаць?! Вось гэта я хачу ў яго спытаць, кажа Сьвятлана Коржыч. Мой сын мяне вельмі любіў. Мне было б усё адно, каб мяне ўжо разарвалі на кавалкі і мне зрабілі «сабачую сьмерць», чым забіць маладое дзіця маё. Якое я нарадзіла ў 30 гадоў, узгадавала, выпесьціла і аддала яму самае лепшае. А цяпер у мяне ўсё забралі. Усё адабралі цяперашняе і будучае. Мне губляць няма чаго!»

Сьвятлана Коржыч упэўненая, што пачынаць трэба не з сяржантаў, якія, паводле высноваў сьледзтва, давялі яе сына да самагубства.

«Давайце зьбярэм бацькоў тых дзяцей, якія загінулі ў войску за апошнія дзесяць гадоў. Хай зьбяруць усіх! кажа Сьвятлана Коржыч. Я запісваюся на прыём да галоўнакамандуючага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Няхай зьбірае сваіх міністраў, я яшчэ зьбяру групу падтрымкі тых людзей, дзеці якіх загінулі ў войску. І няхай людзі выкажуць тое, што думаюць».

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Як разьвіваліся падзеі

21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка 2017 году ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам.

21-гадовы Аляксандр Коржыч зь Пінску загінуў у войску
21-гадовы Аляксандр Коржыч зь Пінску загінуў у войску

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

У выніку Сьледчы камітэт распачаў справу па ч. 3 арт. 443 Крымінальнага кодэксу (парушэньне статутных правілаў узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі, пры адсутнасьці адносін падпарадкаванасьці, якое пацягнула цяжкія наступствы).

Паведамлялася, што разглядаюцца тры вэрсіі таго, што здарылася: давядзеньне да самагубства, забойства і самагубства. Па справе Коржыча былі заключаныя пад варту 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан за 1989 год нараджэньня, сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце мераў па прадухіленьні гібелі Коржыча з войска звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое — адхіленыя ад працы.

Вайсковая частка ў Печах
Вайсковая частка ў Печах

​Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апытаныя 18 тысяч звольненых у запас вайскоўцаў тэрміновай службы і іх сваякоў, распачатыя дзьве крымінальныя справы, паведаміў міністар абароны Андрэй Раўкоў 2 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў. 10 красавіка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі дзяржаўных СМІ Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асабіста кантралюе сытуацыю па расьсьледаваньні гібелі Коржыча, «і там жорстка разьбіраюцца».

«Абавязкова разьбярэмся і трымаем у курсе справы маці, запрашаем на допыты, — паведаміў Лукашэнка. — Абсалютна дэмакратычна усё гэта расьсьледуецца, таму што я не прымаю, калі ў мірны час нават у войску гінуць людзі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG