Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пракамэнтаваў сьмерць салдата ва Ўруччы і справу Коржыча


Вайсковая частка Печы, дзе загінуў Аляксандар Коржыч

На сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў выпадкі сьмерцяў у беларускім войску і выказаўся пра рэфармаваньне вайсковай сфэры, піша БЕЛТА. Пытаньне пра гвалт у войску было сярод 12 пытаньняў Свабоды да кіраўніка Беларусі.

«Я асабіста вельмі балюча ўспрымаю, калі ў войску гінуць людзі. Для мяне гэта недапушчальна, таму што я ведаю, да чаго прыводзіць галавацяпства», — сказаў Лукашэнка.

Пра сьмерць падчас вайсковых заняткаў

Кіраўнік дзяржавы назваў «галавацяпствам» сьмерць Дзьмітрыя Ўдода ў вайсковай частцы ў менскім Уруччы. Афіцыйна раней акалічнасьці сьмерці салдата не агучваліся. Па інфармацыі Міністэрства абароны, старшы мэханік-кіроўца БМП атрымаў агнястрэльнае раненьне, несумяшчальнае з жыцьцём.

«Гэта галавацяпства, калі з БМП, з буйнакалібэрнага кулямёта расстрэльваюць салдата на стрэльбах. Гэта нават не вучэньні», — сказаў Лукашэнка.

Дзьмітры Ўдод, здымак 2017 году
Дзьмітры Ўдод, здымак 2017 году

Пра «справу Коржыча»

Лукашэнка запэўніў, што справа аб сьмерці Аляксандра Коржыча знаходзіцца на ягоным кантролі, маці салдата Сьвятлану Коржыч трымаюць у курсе расьсьледаваньня.

«Тое самае і па Коржычу. Сытуацыя на маім кантролі, і там жорстка разьбіраюцца. Абавязкова разьбяромся, і трымаем маці ў курсе справы, запрашаем на допыты. Абсалютна дэмакратычна ўсё гэта расьсьледуецца, таму што я не прымаю, калі ў мірны час нават у войску гінуць людзі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Спускаюць справу на тармазах». Сьвятлана Коржыч упершыню расказала пра расьсьледаваньне сьмерці сына

Пра мадэрнізацыю войска

Лукашэнка мяркуе, што салдат тэрміновай службы варта адпускаць дадому да двух разоў на тыдзень, бо гэта можа зьмяніць беларускае войска. Паводле ягонай заявы, гэта ўжо пачалі рэалізоўваць.

«Чаму мы гэтых дзяцей ня можам адпусьціць раз ці два на тыдзень дадому, калі ён заслужыў? Гэта ж Беларусь — кампактная краіна. Сёньня дзьве гадзіны, і ты на месцы. Пабыў дома, вярнуўся. Пяць-сем дзён ты там служыш, і ўжо лягчэй. Ня тое, што цябе зь сям’і вырвалі ў гэтую казарму», — прапанаваў Лукашэнка.

Кажучы пра мадэрнізацыю войска, Лукашэнка заявіў, што ініцыяваў чатыры рэфармаваньні гэтай сфэры. Апошняя з чатырох рэформаў праводзіцца цяпер, стаўку робяць на «мабільныя сілы».

* * *

Дзьмітры Ўдод загінуў 4 красавіка падчас заняткаў па агнявой падрыхтоўцы ў вайсковай частцы ў менскім Уруччы. У Мінабароны тлумачылі гэта парушэньнем тэхнікі бясьпекі пры ўзбройваньні баявых машын. Па факце сьмерці вайскоўца Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле крымінальнага артыкула 463.2 «Парушэньне правіл абыходжаньня са зброяй».

Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.​

Агулам у справе аб сьмерці салдата Коржыча дапыталі каля 400 чалавек, завялі крымінальныя справы на восем вайскоўцаў, звольнілі чатырох службовых асобаў, прызначылі новага начальніка цэнтру падрыхтоўкі вайскоўцаў. 30 сакавіка прапаршчыка зь Печаў Ігара Хішчанку, які катаваў салдатаў электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG