Не маўчаць, зьвяртацца ў СМІ, часта тэлефанаваць. Што рабіць бацькам, калі сын пайшоў у войска
Што рабіць бацькам, калі сын пайшоў у войска

Не маўчаць, зьвяртацца ў СМІ, часта тэлефанаваць. Што рабіць бацькам, калі сын пайшоў у войска

Леанід Судаленка

У красавіку і траўні працягваецца прызыў ва Ўзброеныя сілы Беларусі. Ці стала войска больш празрыстым і адкрытым да кантролю грамадзтва пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча? Пра якія правы варта помніць прызыўнікам і іхнім бацькам?

На гэтыя пытаньні адказваюць Леанід Судаленка, юрыст, праваабаронца і бацька двух сыноў, якія адслужылі ў войску, і Сяргей Усьцінаў, старшыня ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаваньняў».

Леанід Судаленка Сяргей Усьцінаў

Сяргей Усьцінаў

Бацькі — адзіны дзейсны грамадзкі кантроль

Судаленка: Бацькі могуць запісвацца да камандзіра часткі на прыём хоць штодня, іх абавязаныя прыняць. Толькі бацькі і блізкія сваякі могуць паўплываць на тое, што адбываецца зь іх дзецьмі ў войску. Кантроль бацькоў — гэта адзіны дзейны мэханізм, каб сачыць за сваім сынам.

Усьцінаў: Некаторая адкрытасьць прысутнічае, але рэальна пазытыўных зьменаў ня так і шмат. Я зьвяртаўся з канкрэтнымі прапановамі да міністра абароны, у тым ліку па арганізацыі кругласутачнай гарачай лініі. У адказ міністар абароны заявіў, што міністэрства распрацоўвае аптымальны варыянт працы «гарачай лініі», у тым ліку ў кругласутачным рэжыме.

Не цярпець, не баяцца, не плаціць

Судаленка: Бацькі не павінны закрываць вочы на тое, што сын, напрыклад, часта просіць прысылаць грошы. Гэта можа быць міжсалдацкая карупцыя, калі старэйшыя салдаты патрабуюць грошы ад маладзейшых. Быў жа выпадак з шараговымі зь Веткаўскага раёну ў частцы ў Берасьці. Зь іх вымагалі 500 рублёў на тыдзень. А калі бацькі не перадавалі грошы, салдат зьбівалі.

Самае дрэннае, што можа здарыцца, гэта калі салдат цярпіць зьдзекі. Маці кажа: «Сынок, пацярпі, ну ўсе ж цярпелі. Пацярпі і ты». Але цярпець нельга.

Усьцінаў: Ніхто не адмяняе права ваеннаслужачага скардзіцца на катаваньні. Такія дзеяньні могуць быць абскарджаныя вышэйстаячай службовай асобе і нават у судзе. Галоўнае — не баяцца падыходзіць з гэтым пытаньнем да камандзіра і вышэйстаячага афіцэра. Таксама для фіксацыі выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня трэба адразу ж ісьці ў мэдычны пункт і патрабаваць фіксацыі сьлядоў катаваньняў. Адмову мэдпэрсаналу трэба абскарджваць каманднаму складу.

Тэлефанаваць штодня

Судаленка: На ўзроўні камандаваньня частак салдатам звычайна забараняюць браць у войска тэлефоны з камэрамі. Я набываў сыну самы просты тэлефон для сувязі. Кожны салдат перад адбоем мае гадзіну вольнага часу. Грамадзкасьць павінна дамагацца, каб у гэты час салдат меў права ўзяць свой мабільны тэлефон і патэлефанаваць сваякам ды сябрам — каму заўгодна.

У некаторых частках толькі па выходных дазваляюць карыстацца тэлефонам. Гэта мясцовыя ініцыятывы, якія трэба мяняць. Статут воінскай службы не забараняе карыстацца тэлефонам.

Як бацька салдата я павінен ведаць кожны дзень, зь якім настроем засынае мой сын у войску. Каб майму сыну забаранілі карыстацца тэлефонам штодня ў вольны час, я біў бы трывогу. Сядзеў бы на асабістым прыёме ня толькі ў камандзіра часткі, але й дамагаўся прыёму ў міністра абароны.


Усьцінаў: Карыстаньне мабільным тэлефонам — гэта права ўласнасьці згодна з Канстытуцыяй і Грамадзянскім кодэксам.

Па артыкуле 152 Статуту ўнутранай службы Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь парадак захоўваньня асабістай маёмасьці, у тым ліку мабільных тэлефонаў, вызначае камандзір вайсковай часткі. Лічу такі падыход неканструктыўным. Пры такой сытуацыі дадзенае права фактычна нікчэмнае, залежыць ад настрою камандзіра. Праз дазвол на карыстаньне тэлефонам салдат заахвочваюць да добрых паводзінаў.

Толькі дакладнае замацаваньне права салдата на карыстаньне мабільным тэлефонам у нарматыўна-прававым акце, напрыклад, у пастанове Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, будзе пазытыўным крокам у прафіляктыцы дзедаўшчыны.

Не маўчаць

Судаленка: Галоўнае — ня трэба маўчаць, думаючы, што войска — гэта горб, які трэба паўтара гады несьці. Армія — гэта пра іншае. У войска салдат ідзе ня дзеля таго, каб цярпець, а каб аддаць доўг Радзіме, што прапісана ў Канстытуцыі.


Усьцінаў: Кожны вайсковец павінен разумець, што годная армія будуецца не на боязі таварышаў па службе, а на ўзаемнай павазе. Ад замоўчваньня выпадкаў катаваньняў, жорсткага ці бесчалавечнага абыходжаньня лепш ня будзе. Беспакаранасьць спараджае далейшае беззаконьне. Таму ўсе выпадкі трэба абскарджваць, зьвяртацца да праваабаронцаў і ў СМІ. Катаваньні баяцца агалоскі. Цяпер можна нават атрымаць кансультаваньне онлайн. Напрыклад, у нашай «Прававой ініцыятыве» праз сайт http://legin.by могуць зьвяртацца як самі салдаты, так і іх сваякі.

Патрабаваць лекаваньня

Судаленка: Калі мэдычная камісія прызнае прызыўніка прыдатным да вайсковай службы, уся адказнасьць ляжыць на ёй. Прызыўнік з пэўным захворваньнем павінен ісьці да камандзіра часткі і патрабаваць лекаваньня, якое ў яго было да прызыву ў войска.

Калі ж камандзір часткі ня можа забясьпечыць лекаваньня, трэба патрабаваць пераходу салдата ў тую частку, дзе гэтае лекаваньне можа быць забясьпечана. Калі і гэта немагчыма, то варта зьвяртацца ў мэдычную частку і патрабаваць лекаваньня там. Урэшце, салдат мае права зьвярнуцца ў суд супраць адмовы ў лекаваньні, якое яму было прызначана да войска.

Пісаць пра праблемы ў СМІ

Судаленка: Калі камандзір не рэагуе на скаргі салдата, трэба распаўсюджваць інфармацыю пра праблемы ў частцы. Агучваць гэта ў прэсе, публікаваць інфармацыю ў інтэрнэце.

Два гады таму мой сын служыў. Я наведаў камандзіра часткі, сустрэўся з зампалітам. І сказаў яму, што калі хоць нешта здарыцца з маім сынам, заўтра пра гэта будзе вядома ў інтэрнэце. Можа, гэта сапраўды дапамагло, і да майго сына за ўвесь тэрмін ніхто і пальцам не дакрануўся. Усё было толькі паводле статуту.

Вывучыць свае правы і не баяцца зьвяртацца ў суд

Судаленка: Урэшце, салдат мае права ісьці ў суд і даказваць свае правы. Франак Вячорка вылучаўся ў дэпутаты падчас службы. Гэта не забаронена. Праблема ў тым, што салдаты ня ведаюць сваіх правоў. Хто ім тлумачыць у ваенкамаце, на што яны маюць права, а на што — не? Толькі абавязкі ім тлумачаць.

Раю бацькам і салдатам шукаць інфармацыю, знаёміцца з правамі сваімі. Зараз магчымасьці шырокія. Праз пошук у інтэрнэце можна знайсьці адказ на любое пытаньне. Было б толькі жаданьне.

Таксама можна зьвяртацца па дапамогу да адвакатаў і праваабаронцаў. Да мяне, урэшце. Я не пакіну ніводнага выпадку без увагі. Давяду да грамадзкасьці пра тое, што адбываецца ў любой частцы.

Якія правы яшчэ могуць быць абмежаваныя ў войску?



Усьцінаў: У першую чаргу прызваныя на тэрміновую вайсковую службу грамадзяне павінны разумець, што цяпер ім прыйдзецца нейкі час жыць па распарадку. І некаторыя правы могуць быць абмежаваныя:

1) Нягледзячы на свабоду думкі і права яе свабодна выказваць, права атрымліваць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю, вайскоўцы ня маюць права крытыкаваць загады камандзіра.

2) Грамадзяне, якіх прызываюць на вайсковую службу, абавязаныя прыпыніць сваё сяброўства ў палітычных партыях і іншых грамадзкіх аб’яднаньнях, якія маюць палітычныя мэты.

3) Права веравызнаньня прызнаецца, аднак вайскоўцы ня маюць права адмовіцца ад абавязкаў вайсковай службы з рэлігійных матываў. Адпраўленьне рэлігійных абрадаў магчымае толькі ў вольны ад вайсковай службы час.

4) Для вайскоўцаў, якія праходзяць тэрміновую вайсковую службу, усталёўваецца шасьцідзённы службовы тыдзень з адным выхадным днём. За ўвесь пэрыяд вайсковай службы (18 месяцаў) даецца адзін адпачынак тэрмінам на 10 сутак.

5) Абмяжоўваецца карыстаньне мабільным тэлефонам.