Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята яднаньня: як адкрывалі першы ў Беларусі помнік нацыянальнаму герою Касьцюшку. ФОТА, ВІДЭА


Сотні людзей зьехаліся на ўрачыстае адкрыцьцё помніка Тадэвушу Касьцюшку на ягонай радзіме ў Косаве. У адрозьненьне ад штогадовых ушанаваньняў Касьцюшкі ў дзень яго народзінаў, сёньня на ўрачыстасьцях было шмат бел-чырвона-белых сьцягоў.

Адкрыцьцё першага помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Беларусі. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:10 0:00

​На ўрачыстасьць прыехалі дыпляматы ЗША, Польшчы, Украіны, Расеі, мясцовыя ўлады, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, стваральнікі помніка і госьці з многіх гарадоў.

Кіраўнік Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандар Грыцук падкрэсьліў важнасьць помніка для розных людзей незалежна ад іхных перакананьняў.

«Сёньня мы лічым, што зь перажытага мінулага нам трэба браць тое, што можа зрабіць нас лепшымі, што можа быць нам прыкладам. Асоба Касьцюшкі — гэта прыклад адданасьці сваёй Радзіме, сьвятой любові да роднай зямлі. Ёсьць рэчы, якія сваёй сілай і значнасьцю могуць аб’яднаць нас усіх — такіх розных у сваіх думках і перакананьнях», — сказаў Аляксандар Грыцук.

На адкрыцьці помніка ў небе лунала шмат бел-чырвона-белых сьцягоў, прысутныя міліцыянты ніяк на гэта не рэагавалі. Праз пэўны час зьявіліся і два чалавекі з чырвона-зялёнымі дзяржаўнымі сьцягамі.

Помнік быў ахінуты белай тканінай, якую ўрачыста зьнялі старшыня Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандар Грыцук і скульптар Гэнік Лойка.

Лабадзенка: Гэты помнік паставіла Беларусь, яго хацелі ўсе

​Ініцыятар збору сродкаў на помнік Глеб Лабадзенка ў сваёй прамове падкрэсьліў, што яго адкрыцьцё ёсьць добрым прыкладам «прыватна-дзяржаўнага супрацоўніцтва».

«Таму, хоць гэты помнік народны, важна разумець, што яго паставіла Рэспубліка Беларусь. Гэты помнік хацелі ўсе, прыйшоў яго час», — сказаў Глеб Лабадзенка.

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

Лабадзенка распавёў і перадгісторыю стварэньня помніка: ідэя ўзьнікла пасьля таго, як у Швайцарыі беларусы замежжа паставілі помнік там, дзе Касьцюшка дажываў свае гады.

«Вакол таго помніка ўзьніклі дзіўныя спрэчкі — ці можам мы, беларусы, лічыць Касьцюшку сваім земляком і называць „сынам Беларусі“. Адказ на гэтае пытаньне вельмі просты — цяпер мы з вамі стаім каля роднага дома Тадэвуша Касьцюшкі. І гэта — Беларусь!» — сказаў Глеб Лабадзенка.

Першы помнік Касьцюшку ў Беларусі

Сродкі на помнік Тадэвушу Касьцюшку ў Косаве зьбіралі ў інтэрнэце. Праект падтрымалі 690 чалавек, якія сабралі больш за 22 тысячы беларускіх рублёў. Гэта першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касьцюшку, калі не лічыць бюстаў на тэрыторыі амэрыканскай амбасады ў Менску і ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была радзінная сядзіба. Прапановы яго паставіць гучалі ўжо даўно.

Напрыклад, у 2016 годзе з такой прапановай да ўладаў зьвярталася Таварыства беларускай мовы. Аднак да ініцыятывы Глеба Лабадзенкі справа зь месца ня рушыла.

Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году. Нарадзіўся 4 лютага 1746 году, памёр 15 кастрычніка 1817 году. Лічыцца адным з самых вядомых у сьвеце беларусаў.

Помнікі яму стаяць у Варшаве, Кракаве, Лодзі, Бостане, Вашынгтоне, Дэтройце. Усяго па ўсім сьвеце — болей за 200 вялікіх і малых формаў. У ягоны гонар названыя найвышэйшая гара ў Аўстраліі, востраў на Алясцы, акруга ў штаце Індыяна, політэхнічны ўнівэрсытэт у Кракаве, а таксама шматлікія плошчы, вуліцы, паркі розных краінаў сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG