Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабрана 100% сродкаў на ўстаноўку помніка Касьцюшку на ягонай радзіме


Праект помніка Касьцюшку (аўтар Гэнік Лойка)

За два дні да заканчэньня кампаніі на краўдфандынгавай плятформе Talaka.by сабрана ўся неабходная сума на помнік выдатнаму грамадзкаму дзеячу, паўстанцу, палкаводцу Тадэвушу Касьцюшку. Гэта 17,5 тысячы рублёў.

Скульптуру плянуецца паставіць на ягонай радзіме ў Мерачоўшчыне на Берасьцейшчыне. Ужо падпісаная адпаведная дамова на яе выраб, зробленая перадплата.

Адзін з ініцыятараў кампаніі збору сродкаў Глеб Лабадзенка ўдакладніў, што сума цалкам пакрывае выдаткі на бронзавую фігуру і часткова на пастамэнт. За аснову праекту ўзятая праца вядомага менскага скульптара Гэніка Лойкі.

«Я ўпэўнены: цяпер той момант, калі ўсё атрымаецца, — гаворыць Глеб Лабадзенка. — Таму што гэта выгадна ўсім, у тым ліку і дзяржаве. Паглядзіце, як палякі цягнуць на сябе Касьцюшку на дзяржаўным узроўні. Даўно за свайго яго лічаць амэрыканцы. Тое ж павінна быць і ў нас...»

Фармальна кампанія збору сродкаў ня скончаная: адзін з самых вядомых беларускіх тай-баксэраў, удзельнік гурту Brutto Віталь Гуркоў 10 лістапада выставіць свой шалік з выявай Пагоні і Калюмнаў на аўкцыён, а выручаныя грошы перадасьць на помнік Касьцюшку .

У праектным апісаньні на «Талацэ» акцэнтуецца, што ў Беларусі дагэтуль няма ніводнага помніка Тадэвушу Касьцюшку, калі не лічыць бюсты на тэрыторыі амэрыканскай амбасады ў Менску і ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была радавая сядзіба.

Асьвячэньне помніка Касьцюшку ў Залятурне Photo - Alexander Aliaksandar Sapieha
Асьвячэньне помніка Касьцюшку ў Залятурне Photo - Alexander Aliaksandar Sapieha

Тым часам скульптура Касьцюшкі на 200-я ўгодкі ягонай сьмерці ня так даўно адкрытая ў швайцарскім Залатурне, дзе ён памёр. Вакол гэтай падзеі ўзьнік скандал: польская амбасада ў Швайцарыі дабілася, каб на пастамэнце не было залішніх згадак пра Беларусь.

У працэсе абмеркаваньня прагучалі абсалютна справядлівыя папрокі: а ці годна беларусы шануюць памяць свайго слаўнага земляка, ці ёсьць яму помнікі на радзіме?

«Давайце пакажам, што мы нацыя, якая памятае і шануе сваіх нацыянальных герояў, слаўных сыноў нашай зямлі!», — заклікала каманда ініцыятараў кампаніі збору сродкаў на помнік у Мерачоўшчыне. Заклік быў пачуты.

Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году. Нарадзіўся 4 лютага 1746 году, памёр 15 кастрычніка 1817 году. Лічыцца адным з самых вядомых у сьвеце беларусаў. Помнікі яму стаяць у Варшаве, Кракаве, Лодзі, Бостане, Вашынгтоне, Дэтройце. Усяго па ўсім сьвеце — болей за 200 вялікіх і малых формаў.

У ягоны гонар названыя самая высокая гара ў Аўстраліі, востраў на Алясцы, акруга ў штаце Індыяна, політэхнічны ўнівэрсытэт у Кракаве, а таксама шматлікія плошчы, вуліцы, паркі розных краінаў сьвету.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG