Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі паставілі першы помнік Касьцюшку


Здымак помніка апублікаваў у сваім «​Фэйсбуку»​ грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка. Менавіта ён у кастрычніку мінулага году абвясьціў збор сродкаў на помнік палкаводцу ва ўрочышчы Мерачоўшчыне.

Урачыстае адкрыцьцё заплянаванае на 12 траўня. У Мерачоўшчыну Івацэвіцкага раёну будзе арганізаваны аўтобусны тур.

«Такіх прыгожых помнікаў вы яшчэ ня бачылі, — адзначае Глеб Лабадзенка. — Дзякуй усім, хто верыў і падтрымаў — толькі разам мы маглі зрабіць такое. Але дзякуй і тым, хто ня верыў — гэта таксама добра падагравала азарт».

Праект падтрымалі 685 чалавек, якія сабралі больш за 22 тысячы беларускіх рублёў. Імёны ўсіх ахвярадаўцаў будуць пазначаныя на адмысловай шыльдзе каля помніка.

Бюст Тадэвуша Касьцюшкі ёсьць на тэрыторыі амбасады ЗША ў Менску. У Мерачоўшчыне зьвяіцца першы паўнавартасны помнік Касьцюшку ў краіне.

Тадэвуш Касьцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 году ў Мерачоўшчыне на Берасьцейшчыне. Вядомы як змагар за свабоду ва ўсім сьвеце. Нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША. У 1794 годзе кіраваў антырасейскім паўстаньнем за незалежнасьць Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у вайне за незалежнасьць ЗША.

Мытны камітэт Беларусі ня стаў браць грошы за перавоз скульптуры

Мытны камітэт Беларусі ня стаў браць грошы за перавоз скульптуры цераз мяжу — яе адлілі ва ўкраінскім Харкаве. Улічваючы мастацкую вартасьць і значнасьць для краіны, Міністэрства культуры прызнала скульптуру культурнай каштоўнасьцю і накіравала ў Мытны камітэт адпаведны ліст. Зборы маглі скласьці поўны кошт помніка — больш як 22 тысячы рублёў.

Cядзіба Тадэвуша Касьцюшкі была зьнішчаная падчас Другой сусьветнай вайны. Новы будынак пабудаваны ўжо ў незалежнай Беларусі на падмурку XVIII стагодзьдзя. Адкрыцьцё музэю Тадэвуша Касьцюшкі адбылося ў верасьні 2004 году.

У кастрычніку 2017 швайцарскія беларусы ўсталявалі помнік Касьцюшку і шыльду зь беларускім надпісам ў горадзе Залятурн, дзе памёр нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША.

МЗС Беларусі дапамагло вырашыць канфлікт вакол помніка Касьцюшку. І знайшло спонсараў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG