Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаўскім судзе разгледзяць тры справы аб вайсковых злачынствах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У суд Барысаўскага раёну паступілі тры крымінальныя справы аб вайсковых злачынствах, не зьвязаных са «справай Коржыча», напісала ў сваім фэйсбуку прэс-сакратар Вярхоўнага суду Беларусі Юлія Ляскова.

23 красавіка пачнецца суд па справе супраць А. Бердніка, якога абвінавачваюць у злачынствах, прадугледжаных першай і другой часткай крымінальнага артыкула 455 «Злоўжываньне ўладай, перавышэньне ўлады ці бязьдзеяньне ўлады». Яму пагражае пазбаўленьне волі да дзесяці гадоў.

4 красавіка суд Барысаўскага раёну атрымаў крымінальную справу паводле тых жа частак артыкула 455 супраць А. Зайца. Дату пачатку судовага разбору пакуль не прызначылі.

Таксама 13 красавіка ў Барысаўскі суд накіравалі крымінальную справу супраць А. Комара. Ён абвінавачваецца паводле:

  • першай і другой частак артыкула 430 «Атрыманьне хабару»;
  • артыкула 454 «Парушэньне правілаў нясеньня ўнутранай службы»;
  • першай і другой частак артыкула 455 «Злоўжываньне ўладай, перавышэньне ўлады ці бязьдзеяньне ўлады».

Максымальны тэрмін адказнасьці — да дзесяці гадоў. Дату пачатку судовага працэсу не прызначылі.

Што рабіць бацькам, калі сын пайшоў у войска

21-гадовага шарагоўца Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка 2017 году ў склепе мэдычнай роты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. 5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

Коржычавы таварышы па службе атрымлівалі пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вялі альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў салдата, які загінуў у Печах, што хлопец, праўдападобна, учыніў суіцыд.

У выніку Сьледчы камітэт распачаў справу паводле ч. 3 арт. 443 Крымінальнага кодэксу (парушэньне статутных правілаў узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі пры адсутнасьці адносін падпарадкаванасьці, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы). 19 красавіка Сьледчы камітэт па выніках расьсьледаваньня заявіў, што Коржыча давялі да самагубства.

Паведамлялася, што па справе Коржыча былі заключаныя пад варту 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце мераў па прадухіленьні гібелі Коржыча з войска звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое — адхіленыя ад працы.

Усяго было заведзена 15 крымінальных спраў. Але, паводле сьледзтва, дачыненьне да гібелі Коржыча маюць толькі тры крымінальныя справы, заведзеныя на трох сяржантаў.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску, завялі дзьве крымінальныя справы. Былому начальніку фізычнай падрыхтоўкі 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах Дзьмітрыю Кісялару прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня, а прапаршчыка Ігара Хішчанку з 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах пакаралі 5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня.

10 красавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ ​Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асабіста кантралюе сытуацыю з расьсьледаваньнем гібелі Коржыча «і там жорстка разьбіраюцца». «Абавязкова разьбяромся і трымаем у курсе справы маці, запрашаем на допыты, — сказаў Лукашэнка. — Абсалютна дэмакратычна ўсё гэта расьсьледуецца, таму што я не прымаю, калі ў мірны час нават у войску гінуць людзі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG