Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведкай па справе Коржыча праходзіць жанчына, якая распаўсюджвала фэйкі пра сытуацыю ў Печах


Сьведкай па справе аб давядзеньні да самагубства Аляксандра Коржыча праходзіць жыхарка Жодзіна, якая, паводле сьледчых, распаўсюджвала фэйкавыя навіны пасьля сьмерці салдата ў вайсковай частцы ў Печах.

Пра гэта піша БелаПАН са спасылкай на начальніка галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Алега Шандаровіча.

Паводле яго, жанчына пад рознымі нікамі, у тым ліку ад імя аднаго з Коржычавых таварышаў па службе, «распаўсюджвала заведама ілжывыя зьвесткі пра нейкія жахі, што адбываліся ў 72-м аб’яднаным вучэбным цэнтры».

«Дадзеная грамадзянка дала паказаньні на гэты конт. А яе матывацыяй было тое, што яна была ў блізкіх адносінах з шэрагам ваеннаслужачых вайсковай часткі, у тым ліку з абвінавачанымі па крымінальнай справе», — сказаў Алег Шандаровіч.

Як адзначыў начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч, ніводзін з прыкладна 800 апытаных не пацьвердзіў зьвестак пра тое, што «нібыта здымаліся паўжывыя салдаты, нібыта сам Аляксандар у тым ліку здымаў чалавека, які спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, нібыта выкарыстоўваліся так званыя ашыйнікі з іголкамі, нібыта гэта рытуальнае самазабойства і гэтак далей».

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

21-гадовага шарагоўца Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка 2017 году ў склепе мэдычнай роты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. 5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

Коржычавы таварышы па службе атрымлівалі пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вялі альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў салдата, які загінуў у Печах, што хлопец, праўдападобна, учыніў суіцыд.

У выніку Сьледчы камітэт распачаў справу паводле ч. 3 арт. 443 Крымінальнага кодэксу (парушэньне статутных правілаў узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі пры адсутнасьці адносін падпарадкаванасьці, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы). 19 красавіка Сьледчы камітэт па выніках расьсьледаваньня заявіў, што Коржыча давялі да самагубства.

Паведамлялася, што па справе Коржыча былі заключаныя пад варту 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце мераў па прадухіленьні гібелі Коржыча з войска звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое — адхіленыя ад працы.

Усяго было заведзена 15 крымінальных спраў. Але, паводле сьледзтва, дачыненьне да гібелі Коржыча маюць толькі тры крымінальныя справы, якія былі заведзеныя ў дачыненьні да трох сяржантаў.

«Апускалі тварам у г...о. Хто вам пра такое потым раскажа?» Былы курсант распавядае пра сваю службу ў Печах

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску, завялі дзьве крымінальныя справы. Былому начальніку фізычнай падрыхтоўкі 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах Дзьмітрыю Кісялару прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня, а прапаршчыка Ігара Хішчанку з 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах пакаралі 5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня.

10 красавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ ​Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асабіста кантралюе сытуацыю з расьсьледаваньнем гібелі Коржыча «і там жорстка разьбіраюцца». «Абавязкова разьбяромся і трымаем у курсе справы маці, запрашаем на допыты, — сказаў Лукашэнка. — Абсалютна дэмакратычна ўсё гэта расьсьледуецца, таму што я не прымаю, калі ў мірны час нават у войску гінуць людзі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG