Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reddit выдаліў 944 акаўнты, меркавана зьвязаныя з расейскай «фабрыкай троляў»


Ілюстрацыйнае фота

Амэрыканскі навінавы сайт Reddit выявіў і выдаліў каля тысячы акаўнтаў, як мяркуецца, зьвязаных з так званай «фабрыкай троляў» — «Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў» (Internet Research Agency, IRA), гаворыцца ў заяве генэральнага дырэктара сайту Стыва Хафмана.

«У мінулым месяцы я паведаміў вам, што мы выявілі і выдалілі некалькі сотняў акаўнтаў, якія, як мяркуецца, былі акаўнтамі „Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў“. Хацеў бы расказаць вам больш падрабязна пра тое, што ўсё гэта значыць. На гэты момант нашага расьсьледаваньня мы выявілі 944 падазроныя акаўнты, некаторыя зь іх мелі значны ўплыў на сайт», — гаворыцца ў заяве Хафмана.

Разам з тым кіраўнік Reddit падкрэсьліў, што ў ходзе расьсьледаваньня «ніякіх зьвязаных з выбарамі рэклямных публікацыяў» выяўлена не было.

«Ніводзін з 944 карыстальнікаў не разьмяшчаў рэкляму на Reddit. Мы таксама ня выявілі эфэктыўнага выкарыстаньня гэтых акаўнтаў для маніпуляцыі галасамі», — сказаў на заканчэньне Хафман.

Цяпер спасылка на ўсе гэтыя акаўнты відаць карыстальнікам, аднак з часам яны і іхны кантэнт будуць выдаленыя з Reddit.

У верасьні 2017 году Facebook выдаліў большасьць групаў, зьвязаных з пракрамлёўскай «фабрыкай троляў»: было закрыта 25 суполак, якія мелі агулам 3 мільёны падпісантаў. Таксама выдалілі 32 групы з 2 мільёнамі падпісантаў у Instagram. Twitter таксама знайшоў некалькі тысяч акаўнтаў расейскай «фабрыкі троляў». У лістападзе 2017 году Google News заблякаваў расейскія СМІ, зьвязаныя з «фабрыкай троляў», але пазьней зноў пачаў паказваць гэтыя матэрыялы.

У пачатку красавіка 2018 году кіраўнік Facebook Марк Цукербэрг заявіў, што кампанія выдаліла звыш 270 акаўнтаў, што кантралююцца «Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў», якое зьвязваюць зь блізкім да Крамля расейскім бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным і называюць «фабрыкай троляў».

Восеньню 2017 году Facebook паведаміў, што зьвязаныя з Расеяй акаўнты, у прыватнасьці з «АІД», пачынаючы з пэрыяду выбараў прэзыдэнта ЗША куплялі ў сацсетцы рэкляму, якая насіла палітычны характар. На думку некаторых экспэртаў, гэта дапамагло перамагчы Дональду Трампу. У абвінаваўчым заключэньні, падпісаным адмысловым пракурорам Робэртам Мюлерам, гаворыцца, што супрацоўнікі так званага «Агенцтва інтэрнэт-расьсьледаваньняў», выдаючы сябе за амэрыканцаў, праз сацсеткі агітавалі грамадзянаў ЗША, у тым ліку ў падтрымку кандыдатуры Дональда Трампа.

15 сакавіка Злучаныя Штаты пашырылі санкцыі ў дачыненьні да Расеі: у дадатковы санкцыйны сьпіс трапіла арганізацыя «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў», а таксама 14 асобаў, амаль усе зь іх зьяўляюцца супрацоўнікамі «АІД».

На гэты момант юрыдычнай асобы «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» ужо не існуе, яно перарэгістравалася пад назвай «Фэдэральнае агенцтва навінаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG