Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (30). Эпілёг. Замест пасьляслоўя


Што сталася далей з героямі гэтай гісторыі. - Што не ўвайшло ў кнігу. - Надзеі і спадзяваньні аўтара. - Цуд гісторыі.

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікавалі старонкі гэтай кнігі. Сёньня - заканчэньне.

Прэзэнтацыя кнігі адбылася ў Менску 20 сакавіка. Кнігу можна замовіць ТУТ.

Эпілёг

Засталося сказаць пару словаў пра тое, што сталася з героямі нашай кнігі пасьля даты, якою закончылася апавяданая ў ёй гісторыя.

Ініцыятары і галоўныя ўдзельнікі Бэрлінскай канфэрэнцыі на працягу паўгоду хто раней, хто пазьней пераехалі ў Менск. Аляксандар Цьвікевіч, Лявон Заяц і Аляксандар Вальковіч знайшлі працу ў наркамаце фінансаў, Уладзімер Пракулевіч — у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР.

У Менску яны сустрэліся з паплечнікамі, якія пасьля прыходу бальшавікоў у 1920 годзе так там і засталіся. Язэп Лёсік выкладаў у БДУ, займаўся навуковай дзейнасьцю, Янка Серада працаваў у наркамаце земляробства, выкладаў у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

Некаторыя дзеячы БНР вярнуліся ў БССР яшчэ раней. Аркадзь Смоліч, панастаўнічаўшы ў Вільні, з дазволу савецкіх уладаў перабраўся ў Менск у жніўні 1922 году, дзе працаваў у наркамаце земляробства, а таксама выкладаў у БДУ. Палута Бадунова скарысталася правам амністыі тым дзеячам беларускага руху, якія не змагаліся са зброяй у руках, і пераехала ў Менск у студзені 1925-га.

Вацлаў Ластоўскі першы раз прыехаў у Савецкую Беларусь у лістападзе 1926-га для ўдзелу ў Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу, пасьля якой, аднак, вярнуўся ў Коўна. Канчаткова пераехаў у БССР у красавіку 1927 году. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю, быў неадменным сакратаром Інбелкульту.

Савецкая лібэралізацыя ў эканоміцы (НЭП) і культуры (беларусізацыя) скончылася ў 1929 годзе — годзе «вялікага пералому на ўсіх франтах сацыялістычнага будаўніцтва». У траўні-чэрвені ў Беларусі працавала камісія пад кіраўніцтвам старшыні Цэнтральнай кантрольнай камісіі кампартыі Ўкраіны Ўладзіміра Затонскага, якая абсьледавала практыку правядзеньня ў БССР нацыянальнай палітыкі. Вынікам працы быў крытычны даклад, дасланы ў Маскву. Высновы камісіі паслужылі падставай для разгрому беларускай палітычнай, грамадзкай, навуковай і творчай эліты.

Усе згаданыя беларускія дзеячы (апрача Бадуновай) у ліпені 1930 году былі арыштаваныя ў рамках сфабрыкаванай ГПУ справы «Саюзу вызваленьня Беларусі», асуджаныя і сасланыя на 5 гадоў у розныя месцы глыбіннай Расеі. У 1935–38 гадох усе яны (гэтым разам і Бадунова) былі паўторна арыштаваныя і ў бальшыні сваёй расстраляныя неўзабаве пасьля прысуду. Некаторыя памерлі ў ГУЛАГу ад хваробаў.

Заходнебеларускіх дзеячоў, зьвязаных з БНР, савецкія карныя органы арыштавалі пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР. Так, Антон Луцкевіч быў арыштаваны ў Вільні праз два тыдні пасьля прыходу саветаў, этапаваны ў Менск, дзе 14 чэрвеня 1941-га яму прысудзілі 8 гадоў лягероў. Памёр у лягеры ў сакавіку 1943 году.

Раман Скірмунт, які адышоў ад беларускай палітыкі і жыў у сваім маёнтку Парэччы на Піншчыне, у кастрычніку 1939 году, пасьля заняцьця Заходняй Беларусі саветамі, быў забіты мясцовымі жыхарамі на загад савецкага камісара.

Кастусь Езавітаў пасьля Бэрлінскай канфэрэнцыі застаўся жыць у Латвіі, дзе вёў беларускую грамадзка-культурную працу. Да беларускай палітыкі зноў далучыўся падчас нямецкай акупацыі, увайшоў ва ўрад БЦР. Затрыманы СМЕРШам у 1945 годзе, памёр у турме ў траўні 1946 году — афіцыйна ад сухотаў і дыстрафіі, паводле іншых зьвестак — расстраляны.

Найдаўжэйшае і больш-менш спакойнае жыцьцё з Айцоў БНР пражыў Язэп Варонка, які ў 1923 годзе выехаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі і жыў у Чыкага, дзе займаўся беларускай грамадзкай дзейнасьцю да сьмерці ў 1952 годзе.

Пазьбеглі сьмерці ад рук савецкай карнай сыстэмы і Пётра Крачэўскі з Васілём Захаркам, якія пасьля Бэрліну вярнуліся ў Прагу і працягвалі справу БНР на выгнаньні.

Крачэўскі памёр у Празе 8 сакавіка 1928 году. Было яму 48 гадоў, але на фатаграфіях апошніх гадоў ён выглядаў на ўсе 70 — даліся ў знакі гады выгнаньня і матэрыяльнай нястачы. Старшынёўства па ім пераняў ягоны намесьнік Захарка, які заставаўся апошнім самотным захавальнікам незалежнай дзяржаўнай традыцыі, распачатай актам 25 сакавіка, аж да самай сьмерці ад сухотаў 14 сакавіка 1943 году.

Абодва прэзыдэнты Рады БНР пахаваныя на Альшанскіх могілках у Празе.

* * *

ЗАМЕСТ ПАСЬЛЯСЛОЎЯ

Да чытача

Першы том «Архіваў БНР» у дзьвюх кнігах выйшаў у сьвет дваццаць гадоў таму — акурат пад 80-ю гадавіну незалежнасьці. Усе гэтыя гады я спадзяваўся, што назьбіраны там матэрыял натхніць нейкага пісьменьніка на напісаньне па яго матывах нечага літаратурнага. Нечага такога, што б бязь лішніх намаганьняў мог прачытаць любы чалавек, які трошкі цікавіцца мінуласьцю.

Аднак я зусім не спадзяваўся, што нешта падобнае паспрабую зрабіць я сам — і не гісторык, і не пісьменьнік. Папярэджваю чытачоў, што хоць кожны сказ у гэтай кнізе мае пад сабой дакумэнтальнае падмацаваньне, не спрабуйце браць зь яе цытаты для сваіх курсавых, дыплёмных, кандыдацкіх і доктарскіх працаў!

Мая задача — зацікавіць, даць імпульс, падказаць тэму або нечаканы паварот, а далей — шукайце першакрыніцы. Бо насамрэч яны бясконцыя і могуць адкрывацца нанова, казаць іншыя рэчы, чым казалі мне, даваць іншыя пэрспэктывы.

Было нямала тэмаў, дакумэнтаў, назіраньняў і проста думак, якія з розных прычынаў не ўпісаліся ў структуру кнігі. Каб дабру не прападаць, дам ім месца тут — без асаблівага складу і ладу, лягічнага абгрунтаваньня або нейкай задняй думкі.

Аўтар і падарожнік

Гэтая кніга задумвалася як папулярны пераказ падарожнікам у часе архіўных матэрыялаў простай і даступнай мовай у лёгкай і выразнай форме. Каб адкрыць чытачу невядомае, зацікавіць, захапіць, узрадаваць, засмуціць, абнадзеіць.

Найцяжэй было стрымліваць таго падарожніка — ён увесь час рваўся пракамэнтаваць апісваныя падзеі і факты, выказаць усё, што ён думае пра таго або іншага героя — таго асудзіць, гэтага пахваліць. Бо ж падарожнік з вышыні гістарычнага досьведу ведае ўсё. Хто што скажа або зробіць пасьля, дзе апынецца, як скончыць. Часам я дазваляў яму большую вольнасьць — каб была прастора да адступленьня. Часам наступай ягонай песьні на горла — каб не навязваць чытачу празьмерна суб’ектыўных высноваў.

Вядома, часта хацелася знайсьці аналёгіі з сучаснасьцю, бо паралелі часам былі відавочныя. Але хай сёньняшнія беларускія палітыкі чытаюць гэтую кнігу і самі пазнаюць у тых героях сябе, прымяраюць да сябе іхныя ўзьлёты і падзеньні, дасягненьні і памылкі.

А яшчэ вельмі хацелася б пачуць уражаньні ад гэтай кнігі, напрыклад, Уладзімера Караткевіча, які сваімі кнігамі шмат каго прывёў у беларускі сьвет. Некаторыя старонкі архіваў БНР былі нібы напісаныя ягонаю рукою, дзякуючы чаму ў мяне ўвесь час захоўвалася ўражаньне, што ўвесь гэты матэрыял просіцца хутчэй у літаратуру, чым у гістарычную манаграфію.

Уладзя

У справаводзтве Народнага Сакратарыяту за выходным № 1381 зарэгістраванае пасьведчаньне, выдадзенае 2 верасьня 1918 году Ўладзімеру Каткоўскаму ў тым, што ён грамадзянін-беларус Менскай губэрні, Менскага павету, Койданаўскай воласьці, мястэчка Койданава і мае патрэбу выехаць у Кіеў.

Я знайшоў гэты дакумэнт амаль у тыя самыя дні, калі ў 1995 годзе пазнаёміўся праз рассылку Mailing List Belarus з Уладзімерам Каткоўскім, тады — студэнтам Амэрыканскага ўнівэрсытэту ў Благоеўградзе. Потым ён быў маім калегам на «Радыё Свабода», апантаным амбасадарам беларушчыны ў сусьветным сеціве, нястомным вэб-майстрам, заядлым блогерам... Уладзя трагічна загінуў у 2007 годзе, на яго помніку ў Менску — экран кампутара як акно ў вечны беларускі сьвет.

У каго гісторыя весялейшая

Часта гэтае архіўнае падарожжа ў БНР засмучала мяне настолькі, што хацелася горка заплакаць — наколькі ж усё там было змрочна і безнадзейна і загадзя асуджанае на ўсё тое, што было пасьля. У чытальнай залі Дзяржаўнага архіву за пару сталоў ад мяне сядзела жанчына, якая ўвесь час усьміхалася, часам ледзьве стрымвала сьмех, а часам дык і ня стрымвала.

Праходзячы міма, я кінуў позірк — што ж яна там такога сьмешнага чытае. Шмат я не разабраў — дакумэнты былі на ідышы. Ну вядома, во ўжо ў каго самая вясёлая гісторыя і самыя сьмешныя архівы! Але гэтае кароткае здарэньне крыху палепшыла настрой. Усё ж, нягледзячы ні на што, нашая гісторыя хутчэй аптымістычная — тое, чаму не было наканавана існаваць, ня толькі дажыло да нашых дзён, але і не зьбіраецца так проста паміраць.

Пацалунак

Ужо чвэрць стагодзьдзя не пакідае мяне ў спакоі маленькая пісулька па-польску, закапаная ў дакумэнтах архіву за 1921 год. Падаю яе тут у перакладзе. Аўтар гэтага інтыму назаўсёды застанецца невядомы:

«Пану Ластоўскаму сардэчныя вітаньні. Страшна яго люблю, а ўжо жыцьцё нашае камунай ніколі ня выйдзе ў мяне з памяці. Найпрыемнейшы момант быў той, калі пан Ластоўскі ляжаў перад распаленай печчу паміж бабамі і ўсьведамляў нас гісторыйкамі. Пацалуй Ты яго за гэта».

Як важна зрабіць у жыцьці нешта такое — няважнае, дробнае, датклівае — каб нехта зь іншага часу і далёкага сьвету даслаў за гэта такі пацалунак.

Дотык Езавітава

Адзін дзень я гартаў матэрыялы са збораў Кастуся Езавітава — нават ужо й ня памятаю ці з часоў Вайскова-дыпляматычнай місіі ў Рызе, ці пазьней зь ягонай культурніцкай дзейнасьці. Гэта былі аркушы, густа сьпісаныя чарнільным пяром, чарніла было густое, і калі за акном сьвяціла сонца, яно спэцыфічна пералівалася вясёлкай — можа хто яшчэ памятае такі аптычны эфэкт.

Скончыўшы свой архіўны дзень і глянуў на свае рукі — мае пальцы былі перамазаныя ў тое латыскае чарніла 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Хто разгадае — што гэта?

Аматарам крыптаграмаў. Нататкі алоўкам Вацлава Ластоўскага:

«1. Прыём новых сяброў П. і І. Е.
ІІ Ласт
ІІ Душ. (і яшчэ зь дзясятак прозьвішчаў з рымскай лічбай ІІ наперадзе)
IV Пігулеўскі (і яшчэ два — зь лічбай IV)
2. Выбары перш. ступені».

Што гэта? Трошкі патыхае масонствам, і мы ведаем, што ў Коўне было заснаванае квазімасонскае «Беларускае Брацтва». Але што такое «П. і І. Е.»?

Што яшчэ

Калі б я ставіў задачы дасьледнікам гісторыі БНР, я б перш за ўсё накіраваў іх на пошукі самага сэрца Архіваў — справаводзтва Народнага Сакратарыяту за 1918 год [Заўвага: Пратаколы паседжаньняў НС і журналы паседжаньняў Рады БНР знойдзеныя! - СШ]. Добра было б знайсьці і ўпарадкаваць архівы замежных місіяў — у Бэрліне, Празе, Рызе, Вільні, Таліне, Хэльсынкі, Канстантынопалі і сям-там яшчэ.

Варта было б пашукаць у архівах Літвы, Латвіі, Фінляндыі, Эстоніі матэрыялы аб прызнаньні або непрызнаньні БНР.

Кожная гісторыя, нават гісторыя дзяржавы — гэта гісторыя людзей. Матэрыялы для гэтай гісторыі дагэтуль хаваюцца ў архівах ЧК-ГПУ-НКВД-МГБ-КГБ.

Усё знойдзенае працягваць публікаваць у сэрыі «Архівы БНР».

Хацелася б таксама патрымаць у руках вялікую манаграфію гісторыі Беларусі 1917-1929 гадоў, якая ахапляла б падзеі ў БНР, Савецкай Беларусі і Заходняй Беларусі.

БНР яшчэ чакае свайго шырэйшага мастацкага ўвасабленьня. Не хапае біяграфічных раманаў пра вядучыя постаці беларускага руху — ну хоць бы пра Антона Луцкевіча і Вацлава Ластоўскага. Нават у гэтай кнізе знойдуцца дзясяткі завязак для раманаў або тэлесэрыялаў.

У навучальных установах варта ўвесьці курс «Беларуская нацыянальная рэвалюцыя» (БНР і БССР). І ўрэшце пазбавіцца ад расейскацэнтрычнай тэрміналёгіі — бо яшчэ і сёньня ўжываецца азначэньне «грамадзянская вайна і замежная інтэрвэнцыя», але ж у Беларусі грамадзянскай вайны як такой і не было...

Ну і пазначыць найбольш знакавыя мясьціны БНР мэмарыяльнымі шыльдамі — у Менску гэта былы Гарадзкі тэатар (сёньня — тэатар імя Янкі Купалы), былы Губэрнатарскі дом (пл. Свабоды, 7), былы Юбілейны дом (пр. Незалежнасьці, 26), будынак «Стройзапу» (вул. Валадарскага, 9)...

Вясна

Маё падарожжа ў БНР пачалося аднойчы зімовым вечарам у Вільні. Заканчваецца яно праз чвэрць стагодзьдзя вясновай раніцай у Празе. З працоўных вокнаў можна пабачыць магілу пісьменьніка, які як ніхто разьбіраўся ва ўзаемадачыненьнях чалавека і дзяржавы, асобы і сілаў гісторыі. Франц Кафка да БНР непасрэднага дачыненьня ня мае, аднак некалькі гадоў ён хадзіў з маімі героямі па тых самых вуліцах, разумеў свой час, а таму — і іх час, іх дылемы, нявыкруткі і мары.

Сёньня яны ляжаць амаль побач. Невысокі мур аддзяляе Новыя габрэйскія могілкі ад Альшанскіх. Там спачываюць два апошнія прэзыдэнты даваеннай Рады БНР Пётра Крачэўскі і Васіль Захарка. Гэта бадай што адзіныя магілы дзеячоў БНР, якія мы сёньня маем магчымасьць наведаць.

Магутныя камяні з выявамі «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга перажылі чатыры дзесяцігодзьдзі камунізму. Цяпер побач зь імі — афіцыйныя мэмарыяльныя шыльды на чэскай мове. Магіламі прэзыдэнтаў апякуецца цяперашняя Рада БНР, штогод у памятныя дні сюды прыносяць кветкі, тут чытаюць малітвы, запальваюць сьвечкі.

Астатнія героі маёй кнігі ў пераважнай большасьці зьніклі ў пекле савецкага Гулагу бяз памятнага сьледу на гэтай зямлі.

Сёньня, праз 100 гадоў, успомнім усіх іх — добрых і злых, разважлівых і апантаных, шчырых і хітрых, адукаваных і непісьменных, сяброў і супернікаў — са спагадай і ўдзячнасьцю. 100 гадоў таму ідэя беларускай незалежнасьці — з увагі на ўсе абставіны — ня мела ніякіх шанцаў. Але тыя людзі верылі ў цуд, і гэты цуд адбыўся.

Сёньня з увагі на ўсе абставіны краіна Беларусь хай і не выглядае дакладна так, як марылі пра гэта першыя беларускія незалежнікі, аднак беларуская незалежнасьць, прызнаная ва ўсім сьвеце — неабвержны факт.

Усё астатняе дадасца — непазьбежна, як узыход сонца.

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG