Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне затрыманы меркаваны арганізатар паставак какаіну ў РФ


Ілюстрацыйнае фота. 12 валізак з амаль 400 кіляграмамі какаіну былі зарэгістраваныя як дыпляматычны багаж

У прыгарадзе Бэрліну паліцыя затрымала Андрэя Кавальчука, якога падазраюць у арганізацыі кантрабанды какаіну з Аргентыны ў Расею па дыпляматычных каналах. Пра гэта «Інтэрфаксу» паведаміў яго адвакат Уладзімір Жарабёнкаў.

Паводле адваката, яму патэлефанавала жонка Кавальчука і паведаміла пра затрыманьне мужа ў межах крымінальнай справы аб кантрабандзе наркотыкаў. Як чакаецца, у наступныя дні паліцыя мае намер выйсьці ў суд за ордэрам на яго арышт. Паліцыянты паводзілі сябе карэктна і сказалі, што плянуюць ва ўсім разабрацца і ўсё растлумачыць у гэтай справе, расказаў адвакат.

На мінулым тыдні стала вядома, што ў сьнежні ў школе пры пасольстве Расеі ў Аргентыне знайшлі 12 валізак з амаль 400 кіляграмамі какаіну.

Яны былі зарэгістраваныя як дыпляматычны багаж. Для ўстанаўленьня асобаў, якія маюць дачыненьне да наркатрафіку, какаін замянілі на муку і адправілі ў Маскву. СМІ паведамлялі, што для перавозкі грузу выкарыстоўвалі самалёт спэцыяльнага лётнага атраду «Россия», на якім лятае сакратар Савету бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў. У ведамстве гэтую інфармацыю назвалі фэйкам. Але паліцыя Аргентыны пацьвердзіла сапраўднасьць здымкаў самалёта.

У так званай «какаінавай справе» фігуруюць шэсьць чалавек: экс-супрацоўнікі амбасады, былы аргентынскі паліцыянт і меркаваны арганізатар паставак какаіну Андрэй Кавальчук. У рамках гэтай справы ў Расеі затрыманыя тры чалавекі, у тым ліку былы загадчык гаспадаркі расейскай амбасады ў Буэнас-Айрэсе Алі Абянаў.

Як піша газэта «Коммерсант», канал паставак мог дзейнічаць з 2012 году, інфармацыю пра гэта цяпер правяраюць сьледчыя ФСБ. Груз быў спакаваны як дыпляматычная пошта і адпраўляўся з дапамогай вайскова-транспартнай авіяцыі праз сталіцу Ўругвая Мантавідэо ў Маскву. За кожны чамадан загадчык гаспадаркі атрымліваў адну тысячу даляраў.

На допыце Абянаў расказаў, што ўпершыню Кавальчук патэлефанаваў у 2012 годзе, назваўся супрацоўнікам службы бясьпекі амбасады Расеі ў Нямеччыне (у самым пасольстве гэта адмаўляюць) і папрасіў адвезьці яго ў аэрапорт Буэнас-Айрэса. Сярод багажу Кавальчука быў «вельмі цяжкі чамадан, вагой кіляграмаў 25-30», які ён папрасіў адправіць пазьней грузавым расейскім самалётам, патлумачыўшы, што ў ім знаходзяцца дарагое віно, кава і падарункі, піша выданьне. У 2014 годзе Абянаў па просьбу Кавальчука пакінуў на захоўваньні ў пасольстве ўжо дзьве валізкі. Пры гэтым Кавальчук папрасіў абгарнуць іх у спэцыяльную пакавальную паперу, абвязаць вяроўкай і паставіць сургучныя пячаткі.

Паводле Абянава, так звычайна пакуюць дыпламатычную пошту, якая не падвяргаецца надгляду. Пазьней аналягічным спосабам былі спакаваныя яшчэ 12 валізак, якія перад сваім вяртаньнем у Маскву Абянаў перавёз у дапаможнае памяшканьне школы пры пасольстве Расеі ў Буэнас-Айрэсе. На допыце Абянаў заявіў, што ніколі не правяраў валізкі. Пра тое, што ў іх ляжыць 362 кіляграмы какаіну, даведаўся ягоны зьменшчык Ігар Рогаў, зь якім Кавальчук, як піша «Коммерсант», збіраўся дамовіцца.

Раней Андрэй Кавальчук у інтэрвію «Коммерсанту» па тэлефоне сьцьвярджаў, што ён хацеў адправіць у Расею не 12, а 8 валізак, у якіх, паводле яго вэрсіі, знаходзілася кава, а не какаін. Ён таксама заявіў, што на ягоны чамадан быў падобны толькі адзін з канфіскаваных аргентынскай паліцыяй.

Расея: загадкавая справа пра 400 кіляграмаў какаіну абрастае новымі падрабязнасьцямі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG