Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргентынскі «какаін» быў дастаўлены ў Маскву на самалёце былога дырэктара ФСБ


Аляксандр Патрушаў, сакратар Савету бясьпекі РФ, былы дырэктар ФСБ Расеі.
Аляксандр Патрушаў, сакратар Савету бясьпекі РФ, былы дырэктар ФСБ Расеі.

У справе аб спробе адправіць дыпляматычнай поштай з Аргентыны ў Расею 400 кіляграмаў какаіну абвешчаны ў вышук расеец, які жыве ў Бэрліне і названы «містэрам К» ў публікацыі аргентынскага выданьня La Nation.

Яно публікуе некалькі фатаграфій «містэра К» са зарэтушаваным тварам, зробленыя, праўдападобна, падчас апэратыўнага назіраньня за ім. Па дадзеных брытанскага выданьня Telegraph, Расея абвясьціла «містэра К» ў вышук праз Інтэрпол.

Пра крымінальную справу аб міжнародным гандлі наркотыкамі, у якім фігуруюць расейскія дыпляматы, стала вядома 22 лютага. Расьсьледаваньне пачалося яшчэ ў сьнежні 2016 году, калі пасол Расеі ў Аргентыне Віктар Каранэлі паведаміў паліцыянтам, што на тэрыторыі школы пры пасольстве выяўленыя 12 падазроных сумак, пазначаных для адпраўкі дыпляматычнай поштай, адзначаецца ў публікацыі парталу «Медиазона».

Дэталі далейшай апэрацыі распавяла на прэс-канфэрэнцыі міністарка бясьпекі Аргентыны Патрысія Булрыч. Каранэлі прадаставіў аргентынскім агентам ключы ад задніх дзьвярэй школы, каб тыя змаглі праверыць сумкі. У іх было выяўлена 389 кіляграмаў какаіну. Яго кошт у Расеі мог дасягаць прыкладна 50 мільёнаў эўра.

Ўпакоўкі з наркотыкам былі на працягу гадзіны заменены на пакеты з мукой, а ў самі сумкі ўсталявалі GPS-прымачы, каб прасачыць, каму прызначалася пастаўка. У сьнежні 2017 году мука пад выглядам какаіну была дастаўлена ў Расею дыпляматычнай поштай.

У тым жа месяцы сакратар расейскага Савету бясьпекі Мікалай Патрушаў прыехаў у Аргентыну, афіцыйна — каб прадставіць Расею на інаўгурацыі прэзыдэнта Маўрысіа Макры. Telegraph піша, што ў Патрушава была і сакрэтная місія — ён займаўся апэрацыяй суправаджэньня сумак з мукой ў Расею. Плян наркагандляроў-дыпляматаў прадугледжваў, што наркотыкі ў Расею даставяць менавіта самалётам Патрушава.

Як выглядаюць 389 кг какаіну. Іх знайшлі ў расейскай амбасадзе ў Аргентыне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:46 0:00

Пасьля гэтага былі затрыманыя шэсьць чалавек. Выданьне Clarin публікуе імёны пяцёх, у Расеі затрымалі былога супрацоўніка пасольства ў Аргентыне Алі Аб’янава, а таксама Ўладзіміра Калмыкова і Іштыміра Хуздамава. У Аргентыне былі затрыманыя Блізьнюк і яго знаёмы Аляксандар Чыкала. Яны кіравалі фондам MORAL (Mecenas Ortodoxos Rusos En America Latin, Расейскія праваслаўныя мэцэнаты ў Лацінскай Амэрыцы).

Прадстаўніца расейскага Міністэрства замежных спраў Марыя Захарава ў пятніцу, 23 лютага, заявіла, што гаворкі пра адпраўку какаіну або мукі дыпляматычнай поштай не было. Яна сьцьвярджае, што какаін рыхтаваў да адпраўкі «супрацоўнік тэхнічнага складу», у якога не было дыпляматычнага пашпарту і права на фармаваньне дыпляматычнай пошты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG