Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё пра жанчын і крыху пра ката. Навінкі ад выдаўца Андрэя Янушкевіча


Новы агляд Свабоды пра кніжныя навінкі 2018 году — ужо выдадзеныя і тыя, што яшчэ рыхтуюцца да публікацыі.

Людміла Рублеўская. Пантофля Мнэмазіны. Раман

Маладая дызайнэрка Вірынэя праштрафілася перад начальствам і была адпраўленая працаваць у маленькую транспартную газэтку. На станцыі мэтро яна выпадкова заўважае ўласнага мужа, які нібыта загінуў сем гадоў таму. Але дэтэктыўная інтрыга — толькі фон, на якім дасьледуецца цэлая эпоха. Рэпрэсіі 1930-х гадоў, ганебная «справа дактароў», карная мэдыцына, спэцлякарня, схаваная ў пушчы, якая робіцца прытулкам для «ворагаў народу»... І немагчымая гісторыя каханьня, якая адбываецца ў сталінскіх засьценках, у лягерах ГУЛАГу, падчас хрушчоўскай «адлігі» і нават у XXI стагодзьдзі.

У сваім новым рамане Людміла Рублеўская ператасоўвае віртуальную рэальнасьць і гістарычныя падзеі і ставіць герояў перад выбарам: зьмірыцца, стаць часткай сыстэмы альбо ўпарта абараняць выспу ўнутранай свабоды. Дзе заканчваецца віртуальная рэальнасьць, удзельнікам якой чытач раптам становіцца, ён не зразумее да апошняй кропкі.

Летась кніга Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата» была ўганараваная Нацыянальнай літаратурнай прэміяй, а раман «Дагератып» атрымаў другое месца літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Новы твор абяцае стаць ня менш пасьпяховым.

Аўтограф-сэсія аўтаркі пройдзе падчас Менскага кніжнага кірмашу на стэндзе выдавецтва ў суботу, 3 сакавіка, а 15.00 (будынак БелЭКСПа, пр-т Пераможцаў, 14).

Анка Ўпала. На засьнежаны востраў. Раман

У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе Анка Ўпала апісвае рэальных людзей і рэальныя падзеі. Зьмененыя толькі імёны і некаторыя тапонімы. «Я не магла дазволіць сабе бавіцца выдумкай, бо знаходжу гэтую гісторыю занадта важнай, большай за мяне, большай за нас, — кажа пісьменьніца. — Хай тыя, хто пажадае, пражывуць яе разам са мной».

Падзеі рамана адбываюцца ў Яблычным горадзе, куды пісьменьніца выправілася, каб падвучыць швэдзкую мову. А разам зь ёй там апынуліся дзясяткі іншых такіх самых шкаляроў з розных краінаў.

Усё, што між імі адбываецца, паказвае, што сёньняшні сьвет маленькі і крохкі. Тое, што дзеецца на іншым кантынэнце, — дзеецца на адлегласьці выцягнутай рукі, дзеецца з табой. Мы ўсе жывём разам, дыхаем адным паветрам, п’ём адну ваду. Ніхто не чужы, ніхто ня іншы настолькі, каб быць бясконца далёкім. У пэўным сэнсе іншасьць — гэта ілюзія.

Аўтограф-сэсія аўтаркі пройдзе падчас Менскага кніжнага кірмашу на стэндзе выдавецтва ў суботу, 3 сакавіка, а 12.00 (будынак БелЭКСПа, пр-т Пераможцаў, 14).

Ганна Янкута. Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў. Дзіцячая аповесьць

Аднойчы кот Шпрот, які любіць уначы цішком зьбегчы з балькона і паблукаць па ваколіцах, знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома. Так пачынаюцца прыгоды ката і хлопчыка Алеся ў Парку Чалюскінцаў, завязваецца іх сяброўства з суседзямі — прывідамі, вераб’ямі і мышамі. Героі кнігі ратуюць сяброў, якія трапілі ў загадкавую пастку, і вучацца разам спраўляцца зь нягодамі.

​Чым кніга асаблівая? Па-першае, дзеяньне адбываецца ў сапраўдным сёньняшнім Менску: вы пабываеце ў завулку Калініна, на бульвары Талбухіна, у Парку Чалюскінцаў. Па-другое, «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў» — толькі першая кніга з сэрыі пра незвычайнага ката і ягоных сяброў. Чытачоў чакае працяг — каб сабраць усю калекцыю, варта пачынаць ужо цяпер! Па-трэцяе, ілюстрацыі ў кнізе жывуць асобным жыцьцём: калі іх уважліва разгледзець, то можна ўбачыць, што пэрсанажаў трошкі больш, чым у тэксьце, і ў гэтых загадкавых пэрсанажаў таксама ёсьць свая цікавая гісторыя.

Кнігу напісала вядомая перакладчыца кніг для дзяцей і дарослых Ганна Янкута. Дзякуючы ёй па-беларуску зьявіліся на сьвет гісторыі пра Шэрлака Холмса, зімовая казка з прывідамі «Калядны харал» Дыкенса, кніга жахаў «Замак Отранта» Ўолпала і шмат чаго яшчэ. Арыгінальныя малюнкі стварыла Ліля Давыдоўская — ілюстратарка і дызайнэрка, выпускніца Акадэміі мастацтваў, якая жыве і працуе ў Каіры (Эгіпет). Замалёўкі з розных гарадоў і краін можна паглядзець у яе акаўнце Instagram.

На краўдфандынгавай плятформе Ulej распачаўся збор сродкаў на выданьне «Ката Шпрота і таямніцы атракцыёнаў». На папярэднюю замову вы атрымаеце кнігу па найніжэйшым кошце — адзін асобнік з аўтографамі аўтараў за 16 рублёў, 2 асобнікі — за 30 рублёў, 3 асобнікі — за 44 рублі.

Выхад кнігі плянуецца на чэрвень 2018 года. Яна будзе мець прыкладна 80 старонак фармату, набліжанага да А4, у цьвёрдай вокладцы, на шчыльнай мелаванай паперы. Усе ілюстрацыі (а іх будзе больш за 70) будуць каляровымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG