Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінца засудзілі ў Беларусі за правоз паляўнічай стрэльбы празь мяжу


Ілюстрацыйнае фота

Стала вядома пра трэці за апошні год прысуд іншаземцу за правоз празь мяжу Беларусі зброі.

Суд Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці прысудзіў грамадзяніну Ўкраіны пазбаўленьне волі на тры гады і тры месяцы за «незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі».

Пра гэта стала вядома пасьля таго, як Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зьвярнулася ў суд для прывядзеньня пакараньня ў адпаведнасьць з нацыянальным заканадаўствам, каб гэта стала падставай для экстрадыцыі ўкраінца на бацькаўшчыну.

Але суд палічыў адпаведнае хадайніцтва Міністэрства юстыцыі беспадстаўным — ва Ўкраіне такое правапарушэньне ёсьць адміністрацыйным, а не крымінальным. У выпадку, калі Міністэрства юстыцыі не абскардзіць судовае рашэньне, грамадзянін Украіны будзе адбываць пакараньне ў Беларусі.

Цяпер украінец знаходзіцца ў выпраўленчай калёніі № 2 упраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі па Берасьцейскай вобласьці. Прысуд быў абвешчаны 8 чэрвеня 2017 года. У лістападзе таго ж году Генэральная пракуратура Беларусі прапанавала Ўкраіне экстрадаваць украінца на бацькаўшчыну для далейшага адбываньня пакараньня.

Як высьветлілася падчас судовага разгляду хадайніцтва Міністэрства юстыцыі Ўкраіны, грамадзянін Украіны спрабаваў правезьці на тэрыторыю Беларусі паляўнічую вінтоўку, якую экспэртыза вызначыла як «гладкаствольную агнястрэльную зброю».

У Беларусі грамадзяніна Ўкраіны асудзілі паводле часткі першай артыкулу 333-1 (незаконнае перамяшчэньне агнястрэльнай зброі) Крымінальнага кодэксу.

Справа француза з патронам

Француз Жалян Віё ў судзе
Француз Жалян Віё ў судзе

​Летась у канцы лістапада шырокі розгалас атрымаў іншы выпадак затрыманьня іншаземца за правоз зброі празь дзяржаўную мяжу Беларусі. 24-гадовы француз Жалян Віё быў затрыманы 21 верасьня на памежным пераходзе Новая Гута (мытнік сказаў, што Віё аглядалі, бо быў барадаты) і абвінавачаны ў незаконнай перавозцы агнястрэльнай зброі (ч. 2 арт. 295 КК) і незаконным абарачэньні атрутных рэчываў (ч. 1 333-1 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў прадугледжваюць да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

«Я хутка пакрыюся лёдам». Сваякі затрыманага француза пра яго падарожжа ў «беларускае пекла»

17 лістапада прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачаньня Вольга Лашчанка папрасіла пакараць падсуднага штрафам у памеры 300 базавых велічыняў (6900 рублёў) і вызваліць на парукі. Пры гэтым прадстаўніца пракуратуры адзначыла, што віна іншаземца «цалкам даказаная». У выніку Жаляна Віё прызналі невінаватым і вызвалілі з-пад варты ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства.

Чатыры з паловай гады за гістарычную зброю для японца

Японскі мастак Даічы Ёшыда
Японскі мастак Даічы Ёшыда

​Менавіта Жалян Віё зьвярнуў увагу грамадзкасьці яшчэ на адну аналягічную справу, заведзеную на японскага мастака Даічы Ёшыда — у 2016 годзе ён быў запрошаны на фэстываль манга ў Адэсу. У Кіеве набыў у антыкварнай краме розныя часткі зброі да 1945 году выпуску. У кастрычніку 2017 году яго асудзілі на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

«Дапамажыце мне» — як японскі мастак ляцеў транзытам празь Беларусь і сеў у калёнію на 4,5 года

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG