Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я хутка пакрыюся лёдам». Сваякі затрыманага француза пра яго падарожжа ў «беларускае пекла» 


Гомельскі сьледчы ізалятар
Гомельскі сьледчы ізалятар

Бацькі і сябры 24-гадовага француза Жаляна Віё (Jolan Viaud), затрыманага беларускімі мытнікамі падчас праходжаньня мяжы, распачалі кампанію за ўратаваньне маладога чалавека з «палону».

На створанай у Facebook адмысловай старонцы абвешчаны збор сродкаў на аплату адвакатаў. Як сказалі ў сям’і на просьбу Радыё Свабода, ужо нанятыя два абаронцы ў Беларусі і адзін у Францыі. Таксама ўдакладнілі, што суд, хутчэй за ўсё, будзе прызначаны на канец лістапада ці пачатак сьнежня.

Жалян Віё некалькі месяцаў таму выправіўся ў падарожжа па Эўропе. 21 верасьня быў затрыманы на ўкраінска-беларускай мяжы, ад таго часу пра яго лёс сваякам нічога не было вядома. Прычынай узяцьця пад варту нібыта стаў патрон, падараваны Жаляну польскім сябрам. Пра сувэнір француз сам паведаміў супрацоўнікам мытні.

​Пра здарэньне на мяжы Жалян расказаў у лісьце, які ўдалося пераслаць на радзіму больш чым праз тры тыдні пасьля ўтрыманьня ў Гомельскім СІЗА № 3. Цяпер яму пагражае ад трох да сямі гадоў зьняволеньня за незадэкляраваны правоз боепрыпасаў празь мяжу.

Сувэнірны патрон тэрмінам да сямі гадоў зьняволеньня

Вось якую апошнюю інфармацыю зьмясьцілі блізкія Жаляна ў Facebook:

«...Жалян — гарачы аматар падарожжаў. Пераяжджаючы з краіны ў краіну, гэты цікаўны малады чалавек імкнуўся да ведаў, прагнуў адкрыць для сябе іншыя культуры, якія, як ні дзіўна, хутчэй падзяляюць, чым аб’ядноўваюць нашу цудоўную плянэту.

Тры месяцы таму Жалян, які звычайна жыве ў Лёндане, пакінуў Францыю пасьля апошняга наведваньня сям’і на паўднёвым захадзе краіны. За прамінулы час ён пабываў у Гішпаніі, Італіі, Славеніі, Харватыі, Вугоршчыне, Аўстрыі, Славаччыне, Польшчы. Аднаму з двух сваіх братоў ён сказаў, што «шчасьлівы жыць такім жыцьцём у кантакце з рознымі людзьмі».

«Я пражыў значна больш цудоўных момантаў за два месяцы ў Эўропе, чым у Лёндане за ўвесь год!» — такі быў яго допіс, дасланы па электроннай пошце.

Паездка 21 верасьня завяршылася ў Беларусі. Падчас свайго пераезду з Украіны Жалян меў пры сабе патрон, які прэзэнтаваў яму Павал, адзін са знаёмых, сустрэтых падчас вандроўкі.

​​Калі ён прыбыў на беларускую мяжу, па ўласнай ініцыятыве выбраў «чырвоны калідор» для дэклараваньня тавараў, каб паказаць мытні для праверкі свае рэчы. У тым ліку і патрон.

Супрацоўнікі мытні расказалі зусім іншую вэрсію гісторыі. Пасьля навуковай экспэртызы стала вядома, што патрон ў працоўным стане. Ад таго часу малады чалавек знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА № 3. Прычынай — «непрадстаўленьне мытнаму кантролю агнястрэльнай зброі».

Санкцыя за такое правапарушэньне складае ад трох да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Спрацоўнікі мытні сьцвярджаюць, што знайшлі патрон у заплечніку.

Мінула больш за месяц ад таго часу, як Жалян заключаны ў турму, без магчымасьці зьвязацца са зьнешнім сьветам — акрамя адваката, прызначанага судом, які не гаворыць ні па-француску, ні па-ангельску.

Праз нейкі час Жалян усё ж здолеў выкарыстаць права на тэлефанаваньне і звязаўся зь сябрам у Лёндане. Той і паведаміў сумныя навіны сям’і.

Падтрымліваюцца рэгулярныя кантакты з амбсадай Францыі ў Беларусі, ажыцьцяўляўся пошук больш прафэсійных юрыстаў, пераведзеныя грошы на цёплую вопратку і кнігі.

Ехаў па цудоўныя ўражаньні...

16 кастрычніка Жаляну ўдалося адправіць ліст аднаму зь сяброў у Менску. Ліст апублікаваны ў Facebook і папярэджвае грамадзтва, палітыкаў пра тэрміновасьць сытуацыі. Сярод іншага, апісваюцца ўмовы ўтрыманьня ў Гомлі.

«Турэмныя вокны закрытыя аканіцамі, празь якія я ледзь бачу неба... Акно ў камэры не зачыняецца належным чынам, так што заўсёды холадна»...

«Прагулка толькі 1 гадзіна на дзень, а часам і гэтага не бывае. Памяшканьне, куды нас выводзяць, малюсенькае, нельга нават прабегчыся»...

«Ужо холадна, −2-3°... Я хутка пакрыюся лёдам. Кладуся спаць у шкарпэтках і двух джэмпэрах. Мае падушкі, матрацы і прасьціны старыя, брудныя і пакрытыя плямамі»

«Толькі адзін душ на тыдзень — па панядзелках... і ў халоднай вадзе. Вада агідная, а порцыя ежы мізэрная і без смаку. Каб піць, далі стары іржавы мэталічны кубак».

«Немагчыма звязацца са знешнім светам... Яны зьмешваюць ўсіх, незалежна ад учыненых злачынстваў»...

«Калі ўзялі мае адбіткі пальцаў, мае пальцы крываточылі з-за холаду. Я выразна бачыў кроў іншых зьняволеных, якія праходзілі гэтую працэдуру перада мной... Я баюся быць заражаным».

«Яны прымусілі мяне пагаліць бараду, а яна была важнай для мяне! І хутка мне давядзецца таксама пагаліць галаву»...

Дзяжурны Гомельскага сьледчага ізалятару напярэдадні пацьвердзіў журналістам, што затрыманы грамадзянін Францыі сапраўды знаходзіцца пад вартай. Ніякай іншай інфармацыі ён ня даў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG