Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гіём Віё: Тое, што здарылася з братам у Беларусі, для нашай сямʼі сапраўднае пекла


Жалян Віё ў судзе
Жалян Віё ў судзе

Працэс над грамадзянінам Францыі Жалянам Віё, які абвінавачваецца ў незаконным перамяшчэньні празь мяжу боепрыпасаў і незаконным абарачэньні забароненых рэчываў, будзе працягнуты ў судзе Гомельскага раёну 17 лістапада.

Працэс над грамадзянінам Францыі Жалянам Віё, якога абвінавачваюць у незаконным перамяшчэньні празь мяжу боепрыпасаў і незаконным абарачэньні забароненых рэчываў, будзе працягнуты ў судзе Гомельскага раёну 17 лістапада.

Адмовіць у вызваленьні пад асабістае заручэньне

Адвакат Дзьмітры Пяткевіч прасіў суд зьмяніць меру стрыманьня для свайго падабароннага, адпусьціўшы яго пад заручэньне Тацяны Мурашкі і Марыі Косьцій, якія выступілі з адпаведным хадайніцтвам.

Тацяна Мурашка і Марыя Косьцій
Тацяна Мурашка і Марыя Косьцій

Дзяўчаты пазнаёміліся з Жалянам падчас вандровак і ўжо больш за тры гады падтрымліваюць зь ім сувязь праз сацыяльныя сеткі. Сёлета ён гасьцяваў у іх у Менску, а праз два дні першым паведаміў пра сваё затрыманьне.

Аднак з улікам цяжкасьці злачынства просьба была адхіленая.

Гіём Віё
Гіём Віё

Гіём Віё прыехаў у Гомлю, каб падтрымаць брата. Пра свае ўражаньні ад першага дня, праведзенага ў судзе, у інтэрвію Свабодзе ён сказаў наступнае:

«Тое, што адбывалася ў першай палове дня, збольшага мяне задаволіла, — сказаў ён. — Але тое, што я пачуў па выніках, магчыма, проста ня вельмі добра зразумеў, патрэбны дадатковыя тлумачэньні адваката. Што тычыцца Жаляна, дык ён усё той жа, толькі схуднеў. Яно і зразумела, усё ж амаль два месяцы ў зьняволеньні. Пасьля перапынку ён мне здаўся нават больш упэўненым, чым раніцай.

...Магу сказаць, што для нас было вялікім ударам, калі ў 2010 годзе мы страцілі бацьку, і цяпер вось адбываецца нешта падобнае — малодшы з трох братоў трапіў у турму. Для сямʼі гэта, безь перабольшаньня, пекла...»

16 лістапада Гіём адлятае на радзіму, а перад адʼездам выказаў спадзяваньне, што неўзабаве гэтая неверагодная гісторыя скончыцца і ўсё зноў увойдзе ў звыклую каляіну. Апекавацца Жалянам будзе адвакат Дзьмітры Пяткевіч.

Дзьмітры Пяткевіч
Дзьмітры Пяткевіч

Суд мае магчымасьць не пазбаўляць волі

У камэнтары для Свабоды юрыст заявіў, што бок абароны будзе і надалей трымацца ранейшай пазыцыі — прызнаньня невінаватасьці Жаляна Віё.

«У Жаляна не было злачынных намераў, ён ня быў праінфармаваны наконт датычнасьці прадмету спрэчкі да боепрыпасаў і не зьбіраўся перасякаць зь ім дзяржаўную мяжу, — адзначыў адвакат. — Усё адбылося праз прыкрую памылку, магчыма, з прычыны моўнага барʼеру паміж маім падабаронным і супрацоўнікам мытні. Калі нешта і здарылася, то па неасьцярожнасьці, а не праз злачынныя намеры, на чым настойвае дзяржаўны абвінаваўца.

На жаль, гэтыя артыкулы адносяцца да катэгорыі цяжкіх, законам прадугледжваецца пакараньне на тэрмін звыш 6 гадоў. Асабіста я на сёньняшні дзень ня бачу, што ў яго дзеяньнях ёсьць склад злачынства. Да якой высновы прыйдзе суд, паглядзім. Аднак нават у выпадку абвінавачваньня паводле двух артыкулаў суд мае магчымасьць ужыць той, які не пазбаўляе волі».

24-гадовага француза затрымалі 21 верасьня на памежным пункце пропуску Новая Гута, пасьля чаго ён быў зьмешчаны ў Гомельскі сьледчы ізалятар № 3, дзе ўтрымліваецца дагэтуль.

Мытнікі сьцьвярджаюць, што Віё пешшу перасякаў беларуска-ўкраінскую мяжу і не задэкляраваў патрон. Сам падарожнік у лісьце на волю пісаў, што знарок выбраў «чырвоны калідор», каб задэкляраваць рэчы і патрон, падораны яму польскім сябрам.

На судзе прысутнічаюць францускі консул Карын Бардзье, брат Жаляна, а таксама прадстаўнікі францускіх СМІ.

Мытнік у судзе над французам з патронам: «Аглядалі, бо ў яго барада»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG