Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Француская амбасада сочыць за лёсам Жаляна Віё, якога судзяць у Гомлі


Ілюстрацыйнае фота. Гомельскі сьледчы ізалятар, дзе знаходзіўся Жалян Віё

Францускі консул Карын Бардзье выехала ў Гомель, дзе раённы суд сёньня, 15 лістапада, а 10-ай раніцы пачне разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні падарожніка з Францыі Жаляна Віё. Яго вінавацяць у незаконнай перавозцы агнястрэльнай зброі (ч.2 арт. 295 КК РБ) і незаконным абароце атрутных рэчываў (ч.1 333-1 КК РБ).

Справу мае разглядаць судзьдзя Тамара Застаўнецкая.

У амбасадзе Францыі ў Менску Свабодзе паведамілі, што пасьля таго, як стала вядомай дата пачатку суду, быў пададзены запыт на другую сустрэчу консула з грамадзянінам Францыі Жалянам Віё, які ўтрымліваецца ў Гомельскім СІЗА. У амбасадзе спадзяюцца, што такая сустрэча адбудзецца ў найбліжэйшы час. Віё пакуль меў толькі адну сустрэчу з францускім консулам, у кастрычніку, па выніках гэтай сустрэчы консул канстатавала, што ўмовы ўтрыманьня Віё палепшыліся, цяпер ён знаходзіцца ў «прымальных умовах», наколькі гэта можа датычыць турмы. У Віё ёсьць беларускі адвакат, зь якім ён заключыў дамову на абарону.

Жалян Віё:

На суд у Гомель прыехаў брат Жаляна, будуць на працэсе таксама прадстаўнікі францускіх СМІ.

Затрымалі францускага падарожніка ў верасьні 2017 году на памежным пункце пропуску Новая Гута і зьмясьцілі ў Гомельскі сьледчы ізалятар № 3. Жалян Віё кіраваўся ва Ўкраіну, перасякаў беларускую мяжу пешшу і, як сьцьвярджаюць мытнікі, не задэкляраваў патрон, які знаходзіўся ў кішэні ягонага заплечніка. Экспэртыза выявіла, што пісталетны патрон калібру 9×19 прызначаны для стральбы зь пісталетаў і пісталетаў-кулямётаў. Сам Віё пісаў на волю менскаму сябру, што пры пераходзе беларускай мяжы выбраў «чырвоны калідор», каб дэкляраваць рэчы і патрон, падораны яму ў якасьці сувэніра калегам з Польшчы Паўлам Сьвінарскім. Справу мае разглядаць судзьдзя Тамара Застаўнецкая. Свабода будзе весьці жывы блог і відэатрансьляцыю з суду.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG