Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускага падарожніка «з патронам» будуць судзіць у Гомлі паводле двух крымінальных артыкулаў


Гомельскі сьледчы ізалятар, дзе цяпер знаходзіцца Жалян Віё

Суд Гомельскага раёну 15 лістапада пачне разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні падарожніка з Францыі Жаляна Віё. Яго вінавацяць паводле часткі 2 артыкулу 295 (незаконная перавозка агнястрэльнай зброі) і часткі 1 артыкулу 333-1 (незаконнае абарачэньне моцнадзейных ці атрутных рэчываў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook прэсавы сакратар абласнога суду Вольга Барсукова.

Затрымалі французскага падарожніка ў верасьні на памежным пункце пропуску Новая Гута і зьмясьцілі ў Гомельскі сьледчы ізалятар № 3. Жалян кіраваўся ва Ўкраіну, перасякаў беларускую мяжу пешшу і, як сьцьвярджаюць мытнікі, не задэкляраваў патрон, які знаходзіўся ў кішэні ягонага заплечніка.

Экспэртыза ўстанавіла, што пісталетны патрон калібру 9×19 прызначаны для стральбы з пісталетаў Раrabellum P-08, Walter P-38, пісталета-кулямёта МР-38 ды некаторых іншых відаў агнястрэльнай зброі згаданага калібру.

У чым віна француза паводле артыкулу 333-1, пакуль невядома.

Сам Жалян Віё пісаў на волю менскаму сябру, што пры пераходзе беларускай мяжы выбраў «чырвоны калідор», каб дэкляраваць рэчы і патрон, падораны яму ў якасьці сувэніра калегам з Польшчы.

Пра арышт Віё даведаліся ягоныя сваякі ў Францыі і распачалі ў сеціве ды СМІ кампанію за яго вызваленьне зь «беларускага палону».

«Я хутка пакрыюся лёдам». Сваякі затрыманага француза пра яго падарожжа ў «беларускае пекла»

Становішча францускага падарожніка абцяжаранае тым, што дадзены яму адвакат не валодаў ані французскай, ані ангельскай моваю. Француз, у сваю чаргу, ня ведае ні беларускай, ні расейскай.

Журналістам у Гомелі ўдалося распытаць жанчыну, чый сын сядзіць у адной камэры з Жалянам Віё.

«У лісьце сын паведаміў, што знаходзіцца ў адной камэры з маладым французам. Небарака, ён нічога не разумее, разгублены такі. Сын піша, што шкадуе француза, дзеліцца зь ім харчамі, калі сам атрымлівае з дому перадачу». Вядома, што француз абураецца ўмовамі ўтрыманьня ў ізалятары.

Намесьнік начальніка ізалятару Юры Лавец раней у размове з гомельскімі журналістамі адрэагаваў на нараканьні:

«Умовы ўтрыманьня ў беларускім ізалятары, пэўна, адрозьніваюцца ад францускіх. Але ніякае тут ня пекла, гэта глупства».

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG