Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі пачынаецца суд над «французам з патронам» Жалянам Віё


Суд Гомельскага раёну, архіўнае фота

Суд Гомельскага раёну 15 лістапада пачне разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні падарожніка з Францыі Жаляна Віё. Яго вінавацяць у незаконнай перавозцы агнястрэльнай зброі (ч.2 арт. 295 КК РБ) і незаконным абароце атрутных рэчываў (ч.1 333-1 КК РБ).

Свабода будзе весьці жывую трансьляцыю з суду. Справу мае разглядаць судзьдзя Тамара Застаўнецкая.

Затрымалі французскага падарожніка ў верасьні 2017 году на памежным пункце пропуску Новая Гута і зьмясьцілі ў Гомельскі сьледчы ізалятар № 3. Жалян Віё кіраваўся ва Ўкраіну, перасякаў беларускую мяжу пешшу і, як сьцьвярджаюць мытнікі, не задэкляраваў патрон, які знаходзіўся ў кішэні ягонага заплечніка.

Экспэртыза выявіла, што пісталетны патрон калібру 9×19 прызначаны для стральбы з пісталетаў і пісталетаў-кулямётаў. Сам Віё пісаў на волю менскаму сябру, што пры пераходзе беларускай мяжы выбраў «чырвоны калідор», каб дэкляраваць рэчы і патрон, падораны яму ў якасьці сувэніра калегам з Польшчы Паўлам Сьвінарскім.

У чым віна француза паводле артыкулу 333-1, пакуль невядома.

Як пішуць родзічы затрыманага, адвакат высьветліў, што Віё нібы можна вызваліць, сплаціўшы вялікі заклад. Паводле родзічаў, беларуская міліцыя пакуль не знайшла відэадоказаў, але і яны ня могуць знайсьці Сьвінарскага, каб той сьведчыў на карысьць Віё. Грошы на штраф, які могуць прысудзіць Віё, ягоныя родзічы сабралі праз інтэрнэт і знаёмых.

«Я хутка пакрыюся лёдам». Сваякі затрыманага француза пра яго падарожжа ў «беларускае пекла»

Ад 21 верасьня Віё знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3. Дзякуючы розгаласу, пішуць ягоныя родзічы, Віё цяпер утрымліваецца ў больш ціхай і цёплай камэры, атрымлівае перадачы, у тым ліку ад гомельскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў і блогерскай суполкі «Ротарная жатка».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG