Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску выставяць арыгінальныя ілюстрацыі Сальвадора Далі да «Боскай камэдыі»


Турысты перад палотнішчам Сальвадора Далі
Турысты перад палотнішчам Сальвадора Далі

Ад 1 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі ўпершыню будуць выстаўленыя гравюры гішпанскага мастака-сюрэаліста Сальвадора Далі да «Боскай камэдыі» італьянскага мысьляра і паэта Дантэ Аліг’еры.

«Значэньне твору Аліг’еры для сусьветнай культуры пераацаніць немагчыма, — адзначаюць у музэйнай установе. — Пры гэтым ня многія могуць пахваліцца веданьнем кнігі і чытаньнем тэксту. На выставе будуць прадстаўлены ілюстрацыі „Боскай камэдыі“, створаныя Сальвадорам Далі да сьвяткаваньня 700-годзьдзя Дантэ Аліг’еры. Гэтыя гравюры — унікальная магчымасьць пазнаёміцца зь несьмяротнай кнігай».

Юбілейнае выданьне з ілюстрацыямі Сальвадора Далі пабачыла сьвет у 1965-м. Зьяўленьню графічных працаў папярэднічала сэрыя акварэляў, якую італьянскі ўрад замовіў мастаку яшчэ ў 1951 годзе. Далі працаваў амаль 10 гадоў гадоў і стварыў па адной ілюстрацыі да кожнай тысячы радкоў паэта. Ён захаваў вернасьць сюрэалістычнай вобразнасьці і ў апісаньнях пекла, чысьцілішча і раю карыстаецца ўласным стылем з акцэнтам на фантастычнасьць вобразаў.

Сотня арыгінальных графічных працаў паходзяць з прыватнай італьянскай калекцыі. Ілюстрацыі да «Боскай камэдыі» прызнаныя лепшымі творамі мастака ў галіне кніжнай графікі. Каштоўным дадаткам выставы і калекцыі зьяўляецца тытульны ліст «Боскай камедыі» 1965 году выпуску з малюнкам і подпісам Сальвадора Далі.

Да выставы падрыхтавана суправаджальная праграма адукацыйнага характару: спэцыялісты раскажуць пра спадчыну Дантэ Аліг’еры, пройдуць чытаньні «Боскай камэдыі», заплянаваныя лекцыі, прысьвечаныя інтэрпрэтацыі кнігі ў іншых відах мастацтва, а таксама асобе самога Сальвадора Далі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG