Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Портнікаў пра вялікага Лукашэнку, маленькага Пуціна і «Хартыю»


Зьлева направа: расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін, тагачасная кіраўніца зьнешняй палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў Менску ў дзень сустрэчы, на якой гаворка ішла аб узброенай агрэсіі Расеі ў Данбасе. 26 жніўня 2014 году.

Піша ўкраінскі журналіст і палітычны камэнтатар Віталь Портнікаў.

Праз 20 гадоў пасьля таго, як прыхільнікі беларускай дэмакратыі падпісалі дакумэнт «Хартыя 97», у Менску вырашылі заблякаваць аднайменны сайт, які зьяўляецца самым папулярным апазыцыйным рэсурсам Беларусі. Гэтае рашэньне прадэманстравала, дзе межы кампрамісаў Аляксандра Лукашэнкі з цывілізаваным сьветам. Беларускі прэзыдэнт можа рабіць рэвэрансы перад Захадам, каб палегчыць для сябе і для свайго атачэньня санкцыйны рэжым, але ўсё роўна застаецца маленькім Пуціным. І больш за тое, гэта Пуцін — вялікі Лукашэнка. Бо Лукашэнка стаў будаваць свой аўтарытарны рэжым яшчэ тады, калі Пуцін насіў валізкі за мэрам Пецярбургу Анатолем Сабчаком.

Лукашэнка і Пуцін размаўляюць адзін з адным на адной мове — мове аўтарытарызму і паважаюць сілу і хлусьню.

«Хартыя 97» — ня проста рэсурс, які пасьлядоўна распавядае беларусам праўду пра іх краіну. Гэта яшчэ і рэсурс, які распавядае праўду пра Ўкраіну — і Ўкраіну часоў Майдану, і Украіну часоў вайны з Расеяй. Менавіта таму ворагі ў рэсурсу маглі быць і ў Менску, і ў Маскве. Бо «Хартыя» для беларусаў, якія знаходзяцца ў палоне расейскай і сваёй «роднай», лукашэнкаўскай прапаганды — адно з нямногіх вокнаў у сьвет рэальнага жыцьця і сапраўдных каштоўнасьцяў. І чаму трэба зьдзіўляцца, што Аляксандр Лукашэнка закрыў гэтае акно?

Лукашэнка і Пуцін гавораць на адной мове

Для Ўкраіны гэта таксама важны ўрок. Мы доўгія гады спрабуем пабудаваць адносіны зь Менскам, спрабуючы як бы не заўважаць залежнасьці Лукашэнкі ад Крамля. Але гэта ня толькі грашовая залежнасьць. Гэта і залежнасьць каштоўнаснага ўзроўню. Лукашэнка і Пуцін размаўляюць адзін з адным на адной мове — мове аўтарытарызму і паважаюць сілу і хлусьню. Менавіта таму Лукашэнка можа прыяжджаць у Кіеў і казаць пра павагу да ўкраінскага сувэрэнітэту, а затым на тэрыторыі яго краіны расейцы выкрадаюць украінскага хлопца. Нічога асабістага — проста залежнасьць ад Масквы.

А блякаваньне «Хартыі» — гэта ўжо залежнасьць ад хлусьні. Беларускаму прэзыдэнту вельмі важна трымаць сваё грамадзтва ў постсавецкім анабіёзу, паколькі толькі такі анабіёз — гарантыя працягу яго ўлады. Аднак той факт, што з апазыцыянэрамі расправіліся менавіта цяпер, кажа аб заклапочанасьці беларускага кіраўніцтва настроямі сваіх суграмадзян. Цікава, што «Хартыю» забаранілі як раз на гадавіну падпісаньня Лукашэнкам знакамітага «закону аб дармаедах», што прывяло да найбольш масавых пратэстаў у краіне за апошні час.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG