Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Леў, вядзьмарка і гардэроб» Льюіса выйдзе па-беларуску


Аматары Клайва Стэйплза Льюіса атрымаюць па-беларуску другую зь сямі кніг «Хронік Нарніі», якая насамрэч была напісаная і апублікаваная першай (у 1950-м).

Клайв Стэйплз Льюіс — ірляндзкі пісьменьнік і багаслоў, блізкі сябар Джона Толкіна, разам зь якім лічыцца заснавальнікам і найлепшым прадстаўніком жанру фэнтэзі.

Перакладчык Андрэй Кім прызнаецца, што «Леў, вядзьмарка і гардэроб» —другая па важнасьці кніга ў ягоным жыцьці, якая паўплывала на фармаваньне яго як асобы, «патлумачыла дзіцяці пра дабро і зло; пра тое, што за дабро трэба змагацца; пра тое, што, нават калі зло здаецца мацнейшым, праўда заўжды пераможа».

У «Хроніках Нарніі» створаны чароўны сьвет, у якім побач зь людзьмі дзейнічаюць героі скандынаўскай, грэцкай і ірляндзкай міталёгіі, і ў той жа час кнігі зьмяшчаюць шмат намёкаў на хрысьціянскія ідэі ў даступным для юных чытачоў выглядзе.

«Леў, вядзьмарка і гардэроб» — пачатак гісторыі, у якой звычайныя дзеці праз шафу ў доме прафэсара Керка ўпершыню трапляюць у Нарнію і ажыцьцяўляюць старадаўняе прароцтва.

Правы на кнігу і ілюстрацыі мастачкі Паўліны Бэйнс, якая аздабляла арыгінальнае выданьне, набытыя ў выдавецтва Harpercollins. Вокладку ствараў адзін з найлепшых беларускіх ілюстратараў Раман Сустаў.

На плятформе «Талака» абвешчаны збор сродкаў на выданьне беларускага перакладу. Той, хто ахвяруе 14 рублёў, атрымае саму кнігу (гэта будзе таньней, чым потым купіць у краме). За 24 рублі можна будзе атрымаць гэтую кнігу плюс яшчэ «Хронікі Нарніі. Пляменьнік чараўніка», якая выйшла летась.

Падтрымаць праект можна тут.

XS
SM
MD
LG