Пра гэта, як піша газэта The Guardian, папярэдзіў кіраўнік парлямэнцкага камітэту па культуры, СМІ і спорту, які займаецца дадзеным расьсьледаваньнем, Дэміэн Колінз.
Колінз паведаміў, што кампаніям дадзены крайні тэрмін — да 18 студзеня — падаць парлямэнтарыям усю неабходную інфармацыю ў адказ на запыт, які тычыцца «дэзынфармацыйнай кампаніі Расеі», што праводзілася на іх плятформах.
«Павінен быць спосаб уважліва адсочваць дзеяньні, які кампаніі кашталту Facebook укараняюць, каб ідэнтыфікаваць крыніцы дэзынфармацыі. Асабліва калі гэта палітычна матывавана і зыходзіць ад іншай краіны», — сказаў Колінз.
Ён падкрэсьліў, што сацыяльныя сеткі павінны расказаць парлямэнту, як яны могуць супрацьстаяць падобным дзеяньням.
«А калі вам ня ўдасца эфэктыўна абараніць сайт і даць рады праблемнаму кантэнту, тады трэба ўводзіць нешта накшталт санкцыяў супраць вас», — дадаў Колінз.
Ён ня выключыў, што адным з варыянтаў санкцыяў можа стаць абмежаваньне на рэкляму ў сацсетках.
Пасьля таго, як Facebook, Twitter і Google распавялі пра спробы Расеі паўплываць празь іх плятформы на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, брытанскія парлямэнтары запатрабавалі правесьці расьсьледаваньне магчымага ўплыву Расеі на вынікі рэфэрэндуму па Brexit.
Камітэт Колінза раней зьвяртаўся ў Facebook і Twitter з просьбай шырока распаўсюдзіць інфармацыю аб умяшаньні Расеі ў рэфэрэндум. Замест гэтага ў пачатку сьнежня абедзьве кампаніі перадалі копію інфармацыі, якую далі Выбарчай камісіі ў адказ на значна больш вузкі запыт пра рэкляму з Расеі на працягу шасьці тыдняў, якія папярэднічалі галасаваньню. Facebook прадставіў справаздачу, што зьвязаныя з Расеяй акаўнты напярэдадні рэфэрэндуму аб Brexit закупілі ўсяго тры рэклямныя пасты, выдаткаваўшы менш за адзін даляр.
«Я не чакаў, што яны па сутнасьці цалкам праігнаруюць нашу просьбу, — сказаў Колінз, апісваючы рэакцыю кампаній як «экстраардынарную».
У лісьце ў Twitter у гэтым месяцы ён напісаў:
«Інфармацыя, якой вы падзяліліся з намі, абсалютна неадэкватная... Падаецца дзіўным, што да гэтага часу мы атрымалі больш інфармацыі аб дзеяньнях, якія адбываліся на вашай плятформе ад журналістаў і навукоўцаў, чым ад вас».
У сувязі з гэтым Колінз ужо выказваў незадаволеньне нежаданьнем Facebook і Twitter супрацоўнічаць у лістах кампаніям, але пра магчымыя санкцыі загаварыў упершыню.