Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія абвінавачвае Расею ў спробах паўплываць на рэфэрэндум аб Brexit


Дасьледчыкі знайшлі ў сацсетках дзясяткі тысяч акаўнтаў, якія агітавалі за выхад краіны з ЭЗ.

Пасьля шматлікіх абвінавачваньняў у адрас Масквы ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году ў ЗША зьяўляюцца і першыя сьведчаньні яе магчымых спробаў аказаць уплыў на рэфэрэндум у выхадзе Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу. Дасьледчыкі знайшлі дзясяткі тысяч акаўнтаў у сацсетках, якія агітуюць за выхад з ЭЗ або распальваюць палітычныя і міжрасавыя канфлікты, паведамляе «Голас Амэрыкі».

За два дні перад перамогай прыхільнікаў Brexit ў чэрвені 2016 году з зарэгістраваных у Расеі акаўнтаў у «Твітэры» было апублікавана амаль 45 тысяч пастоў на гэтую тэму, пераважна супраць сяброўства Брытаніі ў ЭЗ. На наступны дзень пасьля рэфэрэндуму большасьць акаўнтаў спынілі актыўнасьць.

Wired і CNN: Расея выкарыстоўвала Twitter, каб уплываць на Brexit

Дасьледаваньне Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі і брытанскага Ўнівэрсытэту Сўонсі паказала, што раней гэтыя акаўнты ў дэбатах у Brexit ня ўдзельнічалі.

На фоне зьяўленьня новай інфармацыі выбарчая камісія Вялікай Брытаніі і камітэт заканадаўцаў запусьцілі расьсьледаваньне з гэтай нагоды.

«Расея ўмешваецца і спрабуе падарваць давер грамадзкасьці да палітычных інстытутаў і вядучых СМІ ў заходніх краінах. Неабходна разглядаць распаўсюджваньне фэйкавых навін з фальшывых акаўнтаў у Twitter і Facebook у гэтым ключы, як рэальную пагрозу нашай дэмакратыі», — канстатуе чалец парлямэнту Вялікай Брытаніі Даміян Колінз.

Амэрыканская выведка лічыць, што Расея вяла прапагандысцкую кампанію з мэтай паўплываць на прэзыдэнцкія выбары 2016 году.

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін адмаўляе факт умяшаньня. Пасьля сустрэчы з Пуціным на мінулым тыдні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сказаў, што верыць расейскаму калегу.

Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі ў аўторак выступіла ў зусім іншым ключы.

Тэрэза Мэй
Тэрэза Мэй

«Яны спрабуюць ператварыць інфармацыю ў зброю... Выкарыстоўваючы кіраваныя дзяржавай мэдыяарганізацыі для распаўсюджваньня фальшывай інфармацыі і сфабрыкаваных выяў, каб сеяць рознагалосьсі на Захадзе», — падкрэсьліла Тэрэза Мэй.

Так, карыстальнік Twitter, які нібыта зьяўляецца жыхаром Тэхасу, апублікаваў фота мусульманкі, што абыякава праходзіць міма ахвяры сакавіцкага тэракту на Вэстмінстэрскім мосьце. На іншых выявах відаць, што жанчына відавочна знаходзіцца ў стане ўзрушэньня. Пазьней адміністрацыя Twitter паведаміла, што акаўнтам кіравалі з Расеі.

«Яны робяць гэта, каб распаліць міжрасавую напружанасьць», — тлумачыць Колінз.

Кампанія Twitter перадала Кангрэсу ЗША дэталі пра 3000 акаўнтаў, зьвязаных з «Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў», якое базуецца ў Санкт-Пецярбургу і дзе, як мяркуецца, працуюць сотні чалавек, што распаўсюджваюць прапаганду. І займаюцца гэтым ня толькі жывыя людзі.

Дасьледчыкі Лёнданскага гарадзкога ўнівэрсытэту выявілі ў Twitter 13500 аўтаматызаваных акаўнтаў, або «ботаў», якія працавалі падчас рэфэрэндуму ў Брытаніі.

«Іхная задача — перапісваньне і дубляваньне інфармацыі, апублікаванай рэальнымі карыстальнікамі. Карыстальнікамі, якія публікавалі паведамленьні з так званым „гіпэрпартыйным“ кампанэнтам. Гэта ня проста сярэднестатыстычныя грамадзяне, якія разважаюць пра Brexit», — адзначае аналітык зь Лёнданскага гарадзкога ўнівэрсытэту Марк Бастас.

Дасьледнікі з унівэрсытэту не ўлічылі, адкуль дзейнічалі боты.

Аднак заканадаўцы як у Эўропе, так і ў ЗША лічаць, што Крэмль ужывае сацсеткі для насаджэньня супярэчнасьцяў у грамадзтве. Twitter і Facebook заяўляюць, што супрацоўнічаюць з расьсьледаваньнем, аднак усё часьцей іх заклікаюць да больш актыўных дзеяньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG