Былы начальнік Міжраённага рэгістрацыйна-экзамэнацыйнага аддзелу (МРЭА) прызнаны вінаватым у перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненым з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці (частка 2 артыкулу 426 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў атрыманьні хабару (ч. 1 і 2 арт. 430 КК), паведамляе БелТА.
Яму прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з прыёмам кваліфікацыйных экзамэнаў, тэрмінам на 5 гадоў. Акрамя таго, на 52-гадовага абвінавачанага накладзены штраф 300 базавых велічынь. Таксама ён пазбаўлены спэцыяльнага званьня палкоўніка міліцыі.
Знаходзячыся на пасадзе кіраўніка МРЭА ДАІ, 52-гадовы мужчына ў пэрыяд з 2014-га па 2016 год неаднаразова атрымліваў хабар за атрыманьне станоўчага выніку пры здачы кваліфікацыйных іспытаў на атрыманьне правоў кіроўцы. Выявілі чатыры факты атрыманьня ім хабару ў памеры да 250 даляраў, а таксама 11 эпізодаў садзейнічаньня экзамэнаваным.
Былыя калегі экс-начальніка выступалі пасярэднікамі паміж карумпаванымі экзамэнатарамі і будучымі кіроўцамі. Паводле сьледзтва, яны прапаноўвалі людзям дапамогу ў здачы іспытаў у абмен на грошы. Мінімальны хабар, які фігуруе ў абвінавачаньні, — 50 даляраў, максымальны — 700 за дваіх. У сярэднім «стаўка за правы» складала 250-350 даляраў. Частку хабару былыя калегі перадавалі службовай асобе МРЭА ДАІ, а курсантам прызначалі дзень фармальнага экзамэну, калі яны пасьпяхова «вытрымлівалі выпрабаваньне» незалежна ад іх ведаў і здольнасьцяў, паведамляе Tut.by.
Былы калега галоўнага фігуранта — 57-гадовы жыхар Пінскага раёну — прызнаны вінаватым у падбухторваньні і неаднаразовым дапамаганьні ў даваньні хабару, а таксама дапамаганні ў замаху на дачу хабару, учыненым паўторна. Ён прысуджаны да 3 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.
Трэці фігурант — 65-гадовы жыхар Пінску — за неаднаразовае падбухторваньне да даваньня хабару асуджаны на 2 гады 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Прысуд пакуль не набыў законнай сілы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апэляцыйным парадку.