Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найбольш зацікаўленыя ў рассакрэчваньні архіваў — 35-45-гадовыя афіцэры КДБ»


22 лістапада будзе 54-я гадавіна забойства 35-га прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі Лі Гарві Освальдам. Гадавіна шараговая, не юбілейная — але спэцвыпуск «Зоны Свабоды» прысьвечаны гэтай тэме таму, што ў Амэрыцы адкрываюць апошнюю частку сакрэтнага архіву, прысьвечанага забойству, а ў Беларусі — нават ня думаюць.

Чаму амэрыканскія архівы ў справе забойства прэзыдэнта Кенэдзі цалкам адкрываюць больш чым праз 50 гадоў пасьля забойства? Што было ў менскай справе КДБ пра жыцьцё Освальда ў Менску? Якім чынам амэрыканскі пісьменьнік Норман Мэйлер атрымаў доступ да архіваў, закрытых для беларускіх дасьледнікаў? Калі ўсе архівы адкрыюцца, ці гэта пакладзе канец касьпіралёгіі? Чаму ў архівах схаванае ня толькі мінулае, але і будучыня? І якая існуе альтэрнатыва дзяржаўным архівам?

Абмяркоўваюць аўтар кнігі «Освальд у Менску» Аляксандар Лукашук, Сяргей Навумчык, які трымаў у руках справу КДБ на Лі Гарві Освальда, і вядучая Ганна Соўсь.

Прапануем фрагмэнт перадачы:

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Сяргей Навумчык: На сёньняшні момант найбольш поўны дакумэнт, па якім мы можам ацэньваць пэрспэктывы рассакрэчваньня архіваў КДБ, гэта адказ з Адміністрацыі прэзыдэнта на запыт беларускага гісторыка Зьміцера Дразда. Калі вельмі коратка, то закон аб архіўнай справе і справаводзтве прадугледжвае засакрэчваньне інфармацыі, датычнай асабістага жыцьця, на 75 гадоў. Але адлік пачалі ня з моманту, напрыклад, прысуду ці выкананьня сьмяротнага прысуду, а з моманту рэабілітацыі.

У мяне ёсьць сьціплае прадчуваньне, што КДБ само не дажыве да гэтага часу.

Больш за тое, я працытую: «КДБ і МУС падпісалі дамову з архіўным дэпартамэнтам аб працягненьні тэрмінаў часовага захоўваньня сваіх дакумэнтаў на 75 гадоў. У гэтай сувязі да сыходу тэрмінаў дзеяньня перадачы дакумэнту з ведамасных архіваў (гэта значыць з архіваў КДБ — СН) у дзяржаўныя немагчымыя». Значыць да 2081 году. Тыя, каму сёньня 2-5 гадоў, ужо будуць старымі людзьмі, калі па вэрсіі КДБ, можна будзе рассакрэціць архівы. Але ў мяне ёсьць сьціплае прадчуваньне, што КДБ само не дажыве да гэтага часу.

За працу ў КДБ у пэрыяд 2000-2010 гадоў могуць проста пазбавіць пэнсіі.

Я мяркую, што найбольш зацікаўленая катэгорыя людзей у рассакрэчваньні архіваў — гэта ня дзеці ці ўнукі рэпрэсаваных, ці актыўныя палітыкі, за якімі сочаць, а афіцэры КДБ, якім цяпер 35-45 гадоў. Бо можа адбыцца тое, што адбывалася ў некаторых постсавецкіх краінах. Напрыклад гадоў праз 25 усталёўваецца ў Беларусі дэмакратыя і прымаецца закон аб прызнаньні КДБ злачыннай арганізацыяй. Гэта ўжо зроблена ва Ўкраіне і іншых дзяржавах. І тады чыста юрыдычна, паколькі высьвятляецца, што КДБ браў на сябе адказнасьць за ўсе справы, якія рабіліся ў 1937 і іншых гадах (а яны сваіх сваіх агентаў не рассакрэчваюць), то КДБ робіцца юрыдычным пераемнікам. А гэта значыць, што за працу ў КДБ у пэрыяд 2000-2010 гадоў могуць проста пазбавіць пэнсіі...

Ганна Соўсь: Аляксандар, значная частка вашай кнігі зьвязаная з тэорыямі, хто мог забіць Кенэдзі, калі ня Освальд. Шмат публікацый, кніг, фільмаў даводзілі, што гэта ня Освальд. Калі усе архівы адкрыюцца, ці гэта пакладзе канец касьпіралёгіі? Калі усе архівы адкрыюцца, ці гэта пакладзе канец касьпіралёгіі?

Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі кнігі "Освальд у Менску". Чэрвень 2017 году.
Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі кнігі "Освальд у Менску". Чэрвень 2017 году.

Аляксандар Лукашук: Кожны раз, калі я чую ад знаёмых, сяброў Освальда: «Я ўпэўнены, што ён ня мог забіць», я пытаюся: «А чаму вы так упэўненыя?». Адказваюць: «А як адзін чалавек мог забіць?» Пытаюся: «Ці вы вывучалі дакумэнты, глядзелі матэрыялы балістычнай экспэртызы, ці вы разьбіраецеся ў ёй? Ці вы бачылі ацэнкі гэтых ацэнак?» Адказваюць: «Не, я так думаю». Гэта, шчыра кажучы, даўно мяне пачало раздражняць, што людзі не займаюцца, не вывучаюць, а тым ня менш маюць поўнае перакананьне. Гэтая рэч застанецца, але задача журналістаў, задача дасьледчыкаў, задача гісторыкаў — не эмоцыі, а вывучэньне фактаў і выкладаньне таго, што зь іх вынікае.

​У 2014 годзе дакумэнтальны фільм Радыё Свабода з нагоды 50-х угодкаў забойства прэзыдэнта Кенэдзі «Освальд у Менску», атрымаў «Срэбную Ўзнагароду Адметнасьці» ад амэрыканскай Акадэміі інтэрактыўнага і візуальнага мастацтва ў Нью-Ёрку.​


Ганна Соўсь: У 2000-м годзе на Радыё была штодзённая перадача «Слова дня», якая потым выйшла кнігай у Бібліятэцы Свабоды. Было ў гэтым слоўніку свабоды і слова Архіў, пра якое напісалі вы. Я зачытаю фрагмэнт: «Архівы БНР сталіся першай ахвярай бальшавіцкай палітыкі ў Беларусі: засакрэчаная дзяржава, украдзеная памяць, замкнёнае ў вязьніцы спэцсховішчаў мінулае, якое ня стала будучыняй — пакуль ня стала. У архівах захаваная ня толькі мінуўшчына, але і прышласьць». Аляксандар, а што вы мелі на ўвазе, калі пісалі, што ў архівах схаванае ня толькі мінулае, але і будучыня?

Аляксандар Лукашук: У закрытым грамадзтве архіў — гэта турма памяці. У адкрытым грамадзтве архіў — гэта неабходная частка падмурку свабоды, дэмакратыі, законнасьці, маральнасьці, нацыянальнай ідэі, патрыятызму. Роля архіву ў дэмакратычным грамадзтве проста надзвычайная для сацыяльнай справядлівасьці, нацыянальнай еднасьці, вырашэньня нейкіх юрыдычных праблемаў. Краіны Балтыі, Украіна адкрылі свае архівы, разарвалі ланцуг таталітарнага мінулага, турмы, яны выпусьцілі памяць на свабоду. Без памяці мы ніхто і зваць ніяк. Я веру ў будучыню Беларусі, значыць у будучыню свабодных архіваў.

Ганна Соўсь: А якая існуе альтэрнатыва дзяржаўным архівам? Што можа зрабіць грамадзтва?

Аляксандар Лукашук: Ёсьць чатыры крыніцы гістарычных ведаў. Гэта архівы і дакумэнты ў іх, эпісталярый, друк, у тым ліку дыгітальны цяпер і мэмуары. Але ёсьць яшчэ пятае — тое, што робіць Сьвятлана Алексіевіч, тое, што робіць Зьміцер Бартосік — зьбіраць галасы, запісваць, выкладаць і складаць. Гэта альтэрнатыва выдатна працуе ў Беларусі. Яна павінна працягваць працаваць, і мы ў ёй бярэм удзел

Ганна Соўсь: Сяргей, вашы кнігі па найноўшай гісторыі таксама ў пэўнай ступні альтэрнатыва дзяржаўным архівам. Ваш адказ?

Сяргей Навумчык: Вельмі важна, каб кожная сям’я захоўвала тое, што зьвязанае зь ёй. Нават ня толькі, калі нехта быў рэпрэсаваны, але ўвогуле лісты, фотаздымкі, якія спачатку здаюцца дробнымі і нецікавымі, але зь іх складаецца гісторыя, гісторыя ня толькі канкрэтнага чалавека, але і гісторыя народу і нацыі.

Спэцвыпуск з архіваў Свабоды.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG