Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАТЭ хоча адсудзіць у заўзятара зь бел-чырвона-белым сьцягам 5 тысяч эўра


Футбольны клюб БАТЭ падасьць рэгрэсны пазоў на заўзятара Аляксандра Вянгерскага, які выбег на поле «Барысаў-Арэны» зь бел-чырвона-белым сьцягам падчас матчу Лігі Эўропы, каб спагнаць зь яго 5 тысяч эўра, паведамляе прэс-служба БАТЭ.

28 верасьня падчас матчу Лігі Эўропы ў Барысаве паміж БАТЭ і лёнданскім «Арсэналам» заўзятар Аляксандар Вянгерскі выбег на поле зь бел-чырвона-белым сьцягам і ў байцы з гербам «Пагоня». Яго злавілі сьцюарды і перадалі міліцыі.

Аляксандар Вянгерскі на матчы
Аляксандар Вянгерскі на матчы

Вянгерскага тады асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, прызнаўшы вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні законнаму патрабаваньню службовай асобы. У зьняволеньні Вянгерскі абвясьціў галадоўку празь нязгоду з абвінавачаньнем у непадпарадкаваньні міліцыі.

За ўчынак Вянгерскага Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЭФА) аштрафаваў беларускі футбольны клюб БАТЭ з Барысава на 5000 эўра. Такое рашэньне прыняла ўправа па кантролі, этыцы і дысцыпліне УЭФА 20 кастрычніка. БАТЭ выплаціў штраф у поўным аб’ёме.

У паведамленьні БАТЭ падкрэсьліваецца, што «вяртаньне сродкаў у клюбны бюджэт ні ў якім разе не зьяўляецца прычынай падачы пазову».

«Увесь штраф, спагнаны ў выпадку станоўчага рашэньня суду, пойдзе на дабрачыннасьць. БАТЭ хоча такім чынам нагадаць усім заўзятарам аб недапушчальнасьці падобных паводзінаў на стадыёне і паказаць, што ў клюба ёсьць прававыя мэханізмы, каб адрасна пакараць парушальнікаў грамадзкага парадку», — гаворыцца ў заяве БАТЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG