Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве прайшла акцыя памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў


На акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, Масква
На акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, Масква

У Маскве прайшла акцыя «Вяртаньне імёнаў» у памяць пра ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Ля Салавецкага каменя на Лубянскай плошчы з 10-й раніцы да 10-й вечара зачытвалі імёны людзей, якія загінулі ў часы сталінскага тэрору.

У акцыі ўзялі ўдзел больш за тысячу чалавек, у іх ліку грамадзкія і палітычныя дзеячы. Арганізатарам акцыі выступіла праваабарончая арганізацыя «Мэмарыял».

Многія, хто выступіў ля Салавецкага каменя, выказаліся ў падтрымку 61-гадовага гісторыка Юрыя Дзьмітрыева. Кіраўнік карэльскага «Мэмарыялу», які 20 гадоў таму выявіў месца пахаваньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Сандармоху і Чырвоным Бару, са сьнежня 2016 году знаходзіцца ў СІЗА. «Мэмарыял» прызнаў Юрыя Дзьмітрыева палітычным вязьнем.

У ліку выступоўцаў на акцыі памяці была і Ксенія Сабчак, якая нядаўна заявіла аб намеры балятавацца ў прэзыдэнты Расеі на выбарах 2018 году. Напярэдадні акцыі Сабчак напісала ў Instagram:

«Сталін зьнішчаў ня проста людзей. Ён зьнішчаў самых лепшых, самых разумных, самых сьмелых людзей. Гэта, па сутнасьці, поўнамаштабны генацыд рускага народу. Сталін зьнішчыў рускі сьвет, які нам так і не ўдалося аднавіць».

Журналістка адзначыла, што трэба асудзіць ня толькі Сталіна, але і палітыку краіны за сталінскім часам:

«Паглядзіце, прыгадайце: як толькі мы спрабавалі асуджаць яго, краіна рухалася наперад. Як толькі пачыналіся размовы пра неадназначнасьць, усе скочвалася ў застой і контрарэформы».

Журналістка дадала, што Сталін таксама зьяўляецца ворагам украінскага, беларускага, літоўскага, грузінскага народаў і ўсіх іншых народаў СССР.

«Сталін пабудаваў сыстэму, якую не атрымалася тут зламаць ні Міхаілу Гарбачову, ні Барысу Ельцыну. Сыстэму, дзе ўся ўлада належыць не народу, ня нават нейкім элітам, а проста спэцслужбам. Гэтую сыстэму нам яшчэ трэба зламаць», — падагульніла Сабчак.

Акцыя «Вяртаньне імёнаў» праводзіцца ў Расеі з 2007 году. Удзельнічаць у ёй можа любы ахвотны.

У Беларусі 26-30 кастрычніка таксама прайшлі розныя мерапрыемствы, прысьвечаныя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, у тым ліку «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах і «Ланцуг памяці» ля будынка КДБ у Менску.

29 кастрычніка 1937 году адбыўся самы чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры. За адну ноч з 29-га на 30-га карнікі НКВД расстралялі 22 пісьменьнікі, сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Юлі Таўбін, Міхась Чарот ды іншыя. Усяго ў тую ноч былі зьнішчаны больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі і дзяржаўнага апарату.

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG