Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Менску ўшануюць ахвяраў «ночы расстраляных паэтаў». Што, дзе, калі


Крыж у памяць пра Янку Нёманскага і іншыя крыжы памяці расстраляных у Курапатах

Сустрэча з народжанымі ў ГУЛАГу

26 кастрычніка, 16.00. У сядзібе БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3-39) — лекцыя гісторыка Ігара Кузьняцова пра рэпрэсіі 1937–1938 гадоў у Беларусі, сустрэча з народжанымі ў ГУЛАГу Зінаідай Тарасевіч і Ўладзімерам Раманоўскім. Прагляд фільму «Курапаты — шлях сумленьня». Арганізатар — аргкамітэт грамадзкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці».

Песьні на вершы рэпрэсаваных паэтаў

26 кастрычніка, 19.00. Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы (вул. Янкі Купалы, 4). Літаратурна-музычная вечарына «Страчаныя абліччы». З творамі на вершы рэпрэсаваных паэтаў выступяць гурт «Балцкі субстрат», Кацярына Ваданосава і Fantazy Orchestra, Вера Бурлак, Аляксей Галіч, Аляксей Жбанаў. Вядоўцы музычнай вечарыны — Віктар Жыбуль і Павал Каралёў.

Зачытваньне прозьвішчаў ахвяраў

Курапаты, ілюстрацыйнае фота
Курапаты, ілюстрацыйнае фота

​29 кастрычніка, 12.00. У Курапатах (51-ы кілямэтар МКАД) зачытаюць прозьвішчы ахвяраў, расстраляных НКВД у сутарэньнях менскай турмы (вядома больш за 5 тысячаў прозьвішчаў), у тым ліку прозьвішчы ахвяраў ночы 29–30 кастрычніка 1937 году. У памяць загінулых запаляць сотні сьвечак памяці, прагучыць малітва за Беларусь каля Крыжа пакуты. Арганізатар — аргкамітэт грамадзкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці».

«Яўген Анегін» у перакладзе Алеся Дудара

​29 кастрычніка, 16.40. У Галерэі TUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57) прагучыць пераклад паэмы Аляксандра Пушкіна «Яўген Анегін», які лічыўся страчаным 80 гадоў. Алесь Дудар першым у гісторыі пераклаў «Анегіна» на беларускую мову, але вядомыя былі толькі некалькі ўрыўкаў. У гадавіну «чорнай ночы» твор будзе прачытаны ў жывым эфіры, як у прэм’ерным 1936-м, калі трансьляцыя ішла на ўвесь Менск праз рэпрадуктары. Першы разьдзел прадэклямуе народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Арганізатары — Ганна Севярынец / Алесь Плотка пры падтрымцы Галерэi TUT.BY.

«Ланцуг памяці» каля будынка КДБ

Архіўнае фота. Акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. 29 кастрычнік 2015 году
Архіўнае фота. Акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. 29 кастрычнік 2015 году

​29 кастрычніка, 19.00. Акцыя «Ланцуг памяці» каля будынка КДБ (пр. Незалежнасьці, 17) у Менску. «Ня трэба сьцягоў і лёзунгаў. Бо забітыя хадзілі пад рознымі сьцягамі, натхняліся рознымі лёзунгамі. Вазьміце толькі сьвечкі ці лямпадкі. Каб трагедыя 1937 году больш ніколі не магла паўтарыцца на нашай зямлі», — заклікаў арганізатар акцыі, апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч.

НЕрасстраляная паэзія

​29 кастрычніка, 19.00. Клюб «Брюгге» (Партызанскі праспэкт, 6А). Канцэртная прэм’ера праекту «НЕрасстраляная паэзія. 1937–2017». Арганізатар — партал TuzinFM.

«Ноч паэтаў» у Курапатах

29 кастрычніка, 23.00. Памятная імпрэза «Ноч паэтаў» у Курапатах. Будуць чытаць вершы рэпрэсаваных паэтаў, ставіць зьнічкі. Чакаецца ўдзел актывістаў, палітыкаў, гісторыкаў, паэтаў і музыкаў. Імпрэза працягнецца да раніцы 30 кастрычніка. Арганізатар — «Малады фронт».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аўтамаратон памяці

29 кастрычніка, 11.00. Кальварыйскія могілкі на вуліцы Кальварыйскай. Аб’езд на аўтамабілях памятных месцаў згубы ахвяраў камуністычных рэпрэсій. Маршрут: Кальварыйскія могілкі — раён Цівалі — Лошыца — ўрочышча Благоўшчына ( Трасьцянец) — Вайсковыя могілкі — парк Чалюскінцаў — Курапаты. Арганізатары — рух салідарнасьці «Разам» і грамадзкая ініцыятыыва «Дзея».

Вечарына «Расстраляная літаратура»

30 кастрычніка. Саюз беларускіх пісьменьнікаў запрашае ўшанаваць памяць усіх ахвяраў сталінскага палітычнага тэрору. У Галерэі TUT.BY (Менск, праспэкт Дзяржынскага, 57, ст.м. «Міхалова»). Пачатак у 18.30. Уваход вольны.

Удзел у вечарыне бяруць: Радзім Гарэцкі, Марат Гаравы, Анатоль Сідарэвіч, Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Марына Шыбко. Музычная частка: бард Таццяна Грыневіч.

Прэзэнтацыя выбраных твораў Алеся Дудара

Алесь Дудар
Алесь Дудар

28 кастрычніка, а 15.00 у музэі Петруся Броўкі адбудзецца прэзэнтацыя першага аднатомнага выданьня «Выбраных твораў» Алеся Дудара, які быў расстраляны ў турме НКВД 29 кастрычніка 1937 году.

Кніга падрыхтаваная да выданьня Ганнай Севярынец і выйшла адмыслова да гадавіны 80-годзьдзя «ночы расстраляных паэтаў». У імпрэзе возьмуць удзел Лідзія Малініна, Аляксандар Фядута, Анатоль Сідарэвіч і Васіль Дранько-Майсюк.

Свабода будзе шырока асьвятляць памятныя імпрэзы, у тым ліку наладзіць жывую відэатрансьляцыю з «Ночы паэтаў» у Курапатах.

У міністэрствах культуры і інфармацыі Беларусі карэспандэнту Свабоды адказалі, што не плянуюць 29 кастрычніка праводзіць памятныя мерапрыемствы, прысьвечаныя ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

Спэцпраект Свабоды «Расстраляныя літаратары»:

Юрка Лявонны, Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойша Кульбак, Алесь Дудар, Ізі Харык, Анатоль Вольны, Міхась Чарот, Юлі Таўбін, Платон Галавач, Янка Нёманскі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG