Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляныя літаратары. Янка Нёманскі, акадэмік зь лірычнай душой, забіты за «шкодніцтва»


Крыж у памяць пра Я. Нёманскага ў Курапатах

Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень літаратуры Беларусі. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў прыгожага пісьменства.

Мястэчка Шчорсы ў сучаснага беларуса асацыююцца найперш з графамі Храптовічамі, якія мелі тут двор. Адсюль родам і Іван Пятровіч, вядомы ў прыгожым пісьменстве пад псэўданімам Янка Нёманскі.

У юнацтве страціў амаль усіх сваякоў

Жыцьцяпіс Я. Нёманскага ў даведніку «Беларускія пісьменьнікі» (Менск, 1994)
Жыцьцяпіс Я. Нёманскага ў даведніку «Беларускія пісьменьнікі» (Менск, 1994)

Іван Пятровіч нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і. Не было гэта тады, у 1890 годзе, дзівам. Не ўнікальным, на жаль, быў і лёс, які напаткаў будучага пісьменьніка. У 1901 годзе памерла ад сухотаў маці, затым пяцёра братоў і сясьцёр — «ад зьнясіленьня». Пайшлі з жыцьця бабка, дзед, дзядзька. У 1906 годзе з усёй радзіны засталіся сам Іван, бацька Андрэй і цётка. Бацька неўзабаве ажаніўся з удавой, якая мела двое дзяцей. Але праз тры гады і яны памерлі. Андрэй Пятровіч зьехаў у Расею — на заробкі. Дый зьнік на яе неабсяжных прасторах...

Скончыў тую ж сэмінарыю, што Колас ды Чорны

Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя (зьлева). Фота канца ХІХ або пачатку ХХ ст. Не ацалела. Будынак справа, вядомы цяпер як «Дом на рынку», захаваўся
Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя (зьлева). Фота канца ХІХ або пачатку ХХ ст. Не ацалела. Будынак справа, вядомы цяпер як «Дом на рынку», захаваўся

У 1909 годзе Іван скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, зь якой выйшлі таксама Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), Адам (Адольф) Багдановіч — бацька паэта Максіма, Мікалай Раманоўскі (Кузьма Чорны). Гэта была ня столькі прэстыжная, колькі параўнальна даступная сярэдняя навучальная ўстанова, як успамінаў Чорны, — «для тых, хто ня меў за што вучыцца: там ня бралi платы за навуку, а найлепшым вучням давалi стыпэндыю».

Вучыўся на адным факультэце з Тарашкевічам

Санкт-Пецярбурскі імпэратарскі ўнівэрсытэт. Паштоўка канца ХІХ або пачатку ХХ ст.
Санкт-Пецярбурскі імпэратарскі ўнівэрсытэт. Паштоўка канца ХІХ або пачатку ХХ ст.

Прадоўжыў вучобу Пятровіч у Санкт-Пецярбурскім імпэратарскім унівэрсытэце. Прыкладна ў адзін час з Браніславам Тарашкевічам. І Тарашкевіч, і Пятровіч вучыліся на гісторыка-філялягічным факультэце. У Санкт-Пецярбургу Пятровічу давялося зарабляць на хлеб грузчыкам у порце, жыць у адным пакоі зь некалькімі чалавекамі.

Ваяваў за цара і бальшавіка

Пятровіч у войску паслужыў двойчы. Пасьля таго, як у 1917 годзе дэмабілізаваўся з царскага войска, у 1919-м зноў вярнуўся на службу, але зусім у іншую армію —Чырвоную. Ваяваў у Карэліі, пад Петраградам, Нарвай, Варшавай, нават у Сыбіры і на Далёкім Усходзе Расеі. З войска звольніўся ў 1921-м. Як загартаваны ў баях за савецкую ўладу чалавек. Але тая ўлада потым мала з гэтым лічылася.

Адзін зь лідэраў беларускага руху ў Петраградзе

Камандаваньне Першага Беларускага камуністычнага атраду і супрацоўнікі петраградзкага аддзелу Белнацкаму ля Публічнай бібліятэкі ў Петраградзе. Студзень 1919 г.
Камандаваньне Першага Беларускага камуністычнага атраду і супрацоўнікі петраградзкага аддзелу Белнацкаму ля Публічнай бібліятэкі ў Петраградзе. Студзень 1919 г.

У лютым 1918 году пры Народным камісарыяце ў справах нацыянальнасьцяў РСФСР ствараецца Беларускі аддзел — Белнацкам. Ім да траўня кіруе Аляксандр Чарвякоў. Тут працуе Зьміцер Жылуновіч. Неўзабаве яны стануць «айцамі» абвешчанай 1 студзеня 1919 году Беларускай Савецкай Рэспублікі. У Петраградзе да выезду ў Вільню працаваў у Белнацкаме і Тарашкевіч, а таксама Кляўдыюш Дуж-Душэўскі, Ігнат Дварчанін, Фабіян Шантыр.

Пятровіч — сакратар культурна-асьветнага і загадчык выдавецкага аддзелу Белнацкаму. Ён прычыняецца да выданьня першай беларускай бальшавіцкай газэты «Дзяньніца» (рэдактар Зьміцер Жылуновіч), на старонках якой ужо ў 1919 годзе выступіў з артыкуламі «Значнасьць апавяшчэньня Беларусі Радаваю Рэспублікай», «Патрэбнасьць прадстаўніцтва Беларусі пры Расейскай Радавай Рэспубліцы». Радавая — было такое слова ў той час, сынонім прыметніка «савецкі».

Працаваў зь Яўхімам Карскім і Аляксандрам Сержпутоўскім

«Этнографическая карта бѣлорусскаго племени. Бѣлорусскіе говоры», складзеная Я. Карскім у 1903 г. (выдадзена яшчэ раз у 1917 г.)
«Этнографическая карта бѣлорусскаго племени. Бѣлорусскіе говоры», складзеная Я. Карскім у 1903 г. (выдадзена яшчэ раз у 1917 г.)

У кастрычніку 1918 году ў Петраградзе было створана Беларускае вольна-эканамічнае таварыства. У праўленьне таварыства ўваходзілі акадэмік Расейскай акадэміі навук, ураджэнец Беларусі Яўхім Карскі, адзін з арганізатараў Усебеларускага зьезду 1917 году ў Менску Яўсей Канчар, этнограф Аляксандар Сержпутоўскі і іншыя, у тым ліку Іван Пятровіч.

Эсэр, якога бальшавікі так і не прынялі за свайго

Будынак ЦК КП(б)Б на рагу вул. Чырвонаармейскай і Карла Маркса. Пачатак 1930-х гг. На яго месцы цяпер будынак ЦК БРСМ
Будынак ЦК КП(б)Б на рагу вул. Чырвонаармейскай і Карла Маркса. Пачатак 1930-х гг. На яго месцы цяпер будынак ЦК БРСМ

У Белнацкаме Пятровіч быў сябрам сэкцыі беларусаў пры ЦК партыі левых эсэраў. Пазьней Пятровіч уступіў у партыю бальшавікоў. Але адтуль яго выключылі ў 1935 годзе падчас адной з чыстак. Калі ў 1957 годзе паўстала пытаньне пра пасьмяротнае аднаўленьне яго ў Камуністычнай партыі Беларусі, на бюро ЦК КПБ была прынята рэзалюцыя:

«Решением Минского горкома КП(б)Б от 7 декабря 1935 года Петрович И.А. исключен из партии за скрытие при вступлении в ВКП(б) своего пребывания в эсеровской организации и как принятый в партию с нарушением устава ВКП(б).

Петрович Иван Андреевич исключен из партии в 1935 году правильно, как принятый в партию с нарушением устава ВКП(б). Отказать в посмертной реабилитации его в партийном отношении».

Прапанаваў падзел Беларусі на вобласьці

БССР. Карта БССР першай паловы 1939 году
БССР. Карта БССР першай паловы 1939 году

Сваё жыцьцё ў БССР Пятровіч прысьвяціў перш за ўсё эканоміцы, займаў шмат высокіх пасадаў. Бабруйская вобласьць, створаная ў 1944 годзе—адна з тых, якія Пятровіч прапаноўваў утварыць яшчэ ў 1930-я. Ён працаваў над новым раянаваньнем рэспублікі. Але работу яму не далі скончыць. І нават зрабілі вінаватым. Начальнік сьледчага аддзелу Ўпраўленьня дзяржаўнай бясьпекі НКУС БССР старшы лейтэнант дзяржбясьпекі А. Валчок у «замечаниях по вопросу о создании областей в БССР», адпраўленых сакратару ЦК КП(б)Б Волкаву, называе Пятровіча «вредителем». Ужо тады ён быў пад арыштам.

Быў прыхільнікам мэліярацыі

Здабыча торфу ў БССР. Часопіс «СССР на стройке», № 4, 1933 г. Фотакопія прадстаўлена Ўладзімерам Садоўскім
Здабыча торфу ў БССР. Часопіс «СССР на стройке», № 4, 1933 г. Фотакопія прадстаўлена Ўладзімерам Садоўскім

Пятровіч быў прыхільнікам мэліярацыі. А пра апанэнтаў так адгукаўся ў лісьце да сакратара ЦК КП(б)Б Мікалая Гікалы: «Ва ўсёй сваёй працы і да ўступленьня ў Камуністычную партыю я змагаўся за генэральную лінію партыі. Не выпадкова, што мая праца ў Дзяржпляне часта бралася ў штыкі з боку часткі старых спэцыялістаў, якія аказаліся пасьля шкоднікамі, напрыклад у пытаньні мэліярацыі, дзе я патрабаваў найхутчэйшага асваеньня мэліяраваных плошчаў».

Паскараў пуск трамваю ў Менску

«Менск. Выгляд на больніцу. 1929 г.». На здымку відаць першы менскі трамвай, які едзе ад былой бальніцы на Траецкай гары да сучаснай вул. Зыбіцкай
«Менск. Выгляд на больніцу. 1929 г.». На здымку відаць першы менскі трамвай, які едзе ад былой бальніцы на Траецкай гары да сучаснай вул. Зыбіцкай

Першы менскі электрычны трамвай, які замяніў сабою конны, рушыў у дарогу 13 кастрычніка 1929 году. У згаданым лісьце Гікалу Пятровіч сьцьвярджаў: «Будаўніцтва трамвая ў Менску я адзін абараняў у Дзяржпляне».

Заняў месца Ластоўскага

У пачатку 1929 году, як была створана Беларуская акадэмія навук, яе сакратаром зьяўляўся Вацлаў Ластоўскі. У тым жа годзе яго звольнілі, неўзабаве рэпрэсавалі. Яго месца заняў, да 1931 году, Іван Пятровіч.

Жыў у менскім 3-м Доме Саветаў

Паштоўка «Менск. 3-і дом Советаў». Другая палова 1930-х гг.
Паштоўка «Менск. 3-і дом Советаў». Другая палова 1930-х гг.

Івана Пятровіча арыштавалі 27 красавіка 1937 году ў Менску, на вул. Горкага, 21/52, кв. 25. Цяпер гэта будынак на вул. Багдановіча, 23 (на рагу са Старажоўскай). Пабудаваны ў 1936 годзе як 3-і Дом Саветаў. Гэта быў адзін з прэстыжных дамоў Менску. Намэнклятурны, але ня толькі. Паводле гісторыка Ірыны Варанковай, да 1941 году тут жыла артыстка Ларыса Александроўская. 24 чэрвеня 1941 году ў будынак трапіла нямецкая бомба, ён згарэў. Адноўлены ў 1947-м.

Забіты за нішто

Зборнік апавяданьняў Я. Нёманскага «На зломе» (Менск, 1928).
Зборнік апавяданьняў Я. Нёманскага «На зломе» (Менск, 1928).

У Пятровіча падчас арышту канфіскавалі: «4 тетради, разная переписка, блокнотов 11 штук, 10 книг под ред. Петровича, книга „Война с белополяками“, журн. „Полымя“ — 25 штук, „Красная новь“ — 2 шт., 2 книги под редакцией Некрашевича, 1 книга под ред. Дунца, 1книга под ред. Гартного и разн. книги — 7 шт., вся переписка и документы». 10 траўня 1937 году інспэктар пры наркаме ўнутраных спраў БССР М. Кац «нашел», што «материалами следствия в достаточной степени установлено, что Петрович И.А. состоял членом национал-фашистской организации в БССР и проводил организационную, вредительскую и разрушительную к-рдеятельность».

Пісьменьнік Васіль Хомчанка, які таксама прайшоў праз жорны НКВД, але выжыў, згадваў пазьней: «У маёй камэры знаходзiлiся ажно тры лiтаратары: пiсьменьнiк i акадэмiк Янка Нёманскi, паэты Янка Тумiловiч i Масей Сяднёў. Камэра наша, разьлiчаная ў нармальны час на чатыры чалавекi, зьмяшчала тады ажно дзесяць. Дыхаць не было чым, вось i iшла пара з акенца, як з лазьнi. З тых вязьняў-аднакамэрнiкаў уцалелi я i Масей. Астатнiх расстралялi». Была зьняволеная жонка Пятровіча Глафіра і 15-гадовы сын Андрэй, які загінуў у ГУЛАГу.

Апісаў красу возера Кромань

Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны)
Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны)

У літаратуру Нёманскі прыйшоў яшчэ ў пару, калі выдавалася «Дзяньніца». Яго жыцьцё было зьвязана з паплечнікам—пісьменьнікам і палітыкам Зьмітром Жылуновічам (Цішкам Гартным). Зь першым апавяданьнем «Над Кроманьню» літаратар Янка Нёманскі выступіў у 1922 годзе ў часопісе «Полымя». Прыгожы пачатак твору пра возера ў Налібоцкай пушчы, на паўночны ўсход ад Шчорсаў, зачароўвае і прымушае чытаць далей: «Цудоўнае гэта возера. Ты яшчэ нядаўна тут жывеш і ня бачыў яго як сьледуе. Я ж пражыў тут змалку сярод гэтых сумных лясоў ды балот; тут навокал траха не на 20 вёрст няма ні аднае вёскі: усё лес ды лес, балоціна з правалінамі, дзе вада чорная як сажа і дзе ніхто ня мераў дна».

Аўтар беларускага рымэйку «Рамэа і Джульета»

Вокладка апошняга кніжнага выданьня твораў Я. Нёманскага (Менск, 1984)
Вокладка апошняга кніжнага выданьня твораў Я. Нёманскага (Менск, 1984)

Беларусь — краіна паміж Польшчаю і Расеяй, паміж сьветам каталіцтва і праваслаўя. І гэтая праблема — падзеленасьці Беларусі паміж цывілізацыямі — турбавала і Янку Нёманскага. У апавяданьні «Рамэа і Джульета на Беларусі» ён паказаў празь лёс дваіх закаханых Яся і Алесі залежнасьць тагачаснага соцыюму ад рэлігійных забабонаў: «У небе запеў арган зорак, дыямэнтавыя агеньчыкі зь зямлі, зь дзерава пераліваліся ўсімі тонкімі фарбамі красулі і сваімі праменьнямі цалавалі ў вочы Алесю.

— Каб заўсёды так, — прамовіла Алеся.

— Будзе, дарагая, заўсёды, — супакоіў яе Ясь.

— На сэрцы ў мяне, Ясю, бывае часта так цяжка. Пайсьці ж да шлюбу з табою нам нельга, бо мы не аднае веры.

— Чаму ж ня можам мы пажаніцца, цудоўная ты! Ці ж ты не пайшла б за мяне, хоць я і католікам лічуся?

— Ты ведаеш, што мой бацька — вораг католікаў, а твой лічыць нас недавяркамі і мужыкамі. Дак дзе ж там у іх знойдзеш згоду? А без бацькоў, ведама, нічога ня будзе».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG