Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляныя літаратары. Ізі Харык, сіяніст, які стаў камуністам і ад камуністаў загінуў


У верхнім радзе крайні зьлева — І. Харык. Масква, 1925 год. Фота са збораў YIVO
У верхнім радзе крайні зьлева — І. Харык. Масква, 1925 год. Фота са збораў YIVO

Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень літаратуры Беларусі. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў прыгожага пісьменства.

Дэлегацыя беларускага народу выяжджала на Надзвычайны VIII Усесаюзны зьезд Саветаў для перадачы Пісьма беларускага народу вялікаму Сталіну. Справа — І. Харык. Фота з газэты «Звязда», 1936 год
Дэлегацыя беларускага народу выяжджала на Надзвычайны VIII Усесаюзны зьезд Саветаў для перадачы Пісьма беларускага народу вялікаму Сталіну. Справа — І. Харык. Фота з газэты «Звязда», 1936 год

У 1990-я гады апошні з магікан габрэйскай літаратуры Беларусі Гірш Рэлес пісаў, што сярод габрэйскіх пісьменьнікаў даваеннай БССР (зрэшты, у паваеннай іх амаль і не было, апрача таго ж Рэлеса) паводле маштабу і таленту першым быў Ізі Харык. Другім — Мойша Кульбак, а трэцім — Зэлік Аксэльрод. І Харык, і Кульбак загінулі ў страшную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Харыка не ўратавала нават тое, што ён перад сьмерцю напісаў не адну оду Сталіну і ягоным паплечнікам.

Зямляк Надзеі Хадасэвіч-Лежэ

Колішняе мястэчка, а цяпер вёска Зэмбін на Барысаўшчыне — радзіма Харыка. У часы, калі ў сям’і шаўца Давіда нарадзіўся будучы пясьняр габрэйскага люду Беларусі, пра гэтую мясьціну так пісалі тагачасныя даведнікі: «...Недалеко от реки Гайны лежит местечко Зембин... Оно расположено на старом виленском тракте, среди лесов и болот... В местечке числится до 700 душ, причем преобладают в населении евреи». Цяпер тут ня знойдзеш габрэяў. Галякост падкасіў гэты народ па ўсёй Беларусі, у тым ліку ўсіх сваякоў літаратара. Але ў Зэмбіне яшчэ відаць сьляды парослых дзірванам габрэйскіх могілак. Ацалела міква — юдэйская рытуальная лазьня. Да яе муроў, мабыць, дакранаўся і Харык. А ў гісторыі культуры краіны Зэмбін вядомы таксама як мясьціна, зьвязаная з францускаю мастачкаю беларускага паходжаньня — Надзеяй Хадасэвіч-Лежэ. Яна амаль аднагодка Харыка. У 1920-я гады тут, на радзіме маці, прайшло яе юнацтва. Мо выпадкова і скрыжоўваліся дарогі дзьвюх славутасьцяў. Аднак у тыя часы Харыка часьцей можна было сустрэць у Менску ды Маскве, чым у родным куце.

А тое, што свайго мястэчка Харык не забываў, сьведчыць красамоўны факт: першая публікацыя твораў паэта ў 1920 годзе, у маскоўскім часопісе «Dі Komunistiše Velt» («Камуністычны сьвет»), падпісана псэўданімам А. Зембін.

На жаль, дом, у якім нарадзіўся пісьменьнік, у верасьні 2001 году зьнесьлі. Хоць яшчэ ў 1998 годзе імем паэта назвалі ў Зэмбіне вуліцу.

Iзі Харык. 1920 год
Iзі Харык. 1920 год

Ізі — цёзка патрыярха

Хоць і завём мы Харыка Ізі (як, напрыклад, Аляксандра — Алесем), але мусім ведаць, што поўнае ягонае імя — Іцхак, як у аднаго з біблейскіх патрыярхаў (у хрысьціянскай традыцыі гучыць як Ісак). Таму ў савецкіх дакумэнтах пісьменьнік і стаў Ісакам Давідавічам (Давыдавічам). Прозьвішча Харык было пашыранае на Барысаўшчыне, але што яно значыць, дакладна не вядома.

Зьмяніў год нараджэньня, каб выглядаць маладзейшым пры новай жонцы

У 1936-м, за год да гібелі, Харыку выдалі прафсаюзны білет, у якім зь яго словаў напісалі датаю нараджэньня 1898 год. Так занатавана і ўва ўсіх энцыкляпэдыях. Але дакумэнты НКВД сьведчаць пра іншы год: 1896-ы. Прынамсі, краязнавец Аляксандар Разэнблюм бачыў такія паперы ў архіве КДБ Рэспублікі Беларусь. Паводле дасьледчыка габрэйскай культуры Беларусі Вольфа Рубінчыка, несупадзеньне лічбаў можна было б патлумачыць так. Харык у 1932 годзе, праз год пасьля выпадковага знаёмства на вуліцы, ажаніўся зь Дзінаю Матлінай, якая была маладзейшая за яго больш як на дзесяць гадоў, і сам хацеў «падмаладзіцца». Паэтава ўдава расказвала, што пасьля іх знаёмства Харыка бянтэжыла розьніца ва ўзросьце, якую заўважалі мінакі: «Для бацькі я, бадай, малады, а для мужа нібы стары». Дзіна і Ізі Харык мелі сыноў Юліка (1934 г. н.) і Давіда (1936 г. н.). Пасьля арышту мужа і жонкі ў 1937-м сыноў аддалі ў дзіцячы дом НКУС БССР.

Лёс малых невядомы.

Першая прафэсія — аптэкар

Анкета маскоўскага студэнта Ізі Харыка. 1923 год
Анкета маскоўскага студэнта Ізі Харыка. 1923 год

Харык — пралетар. На кавалак хлеба зарабляў на фабрыках, заводах. Але ў юнацтве пабыў аптэкарам у Барысаве. У 1919 годзе, пайшоўшы добраахвотнікам у Чырвоную Армію, у час вайны з палякамі тры месяцы служыў санітарам. У 1921-1922 гадах вучыўся на мэдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, толькі адчыненага ў Менску.

Другая прафэсія — літаратар

Бадай, адным зь першых пісьменьнікаў Беларусі, хто ня проста меў талент прыгожа пісаць, але і вучыўся гэтай спэцыяльнасьці, быў Ізі Харык. У 1922 годзе Народны камісарыят асьветы Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, дзе ў той час працаваў таленавіты хлопец, адправіў яго ў Маскву — у Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя Валерыя Брусава. Тут канчаткова вызначыўся ягоны працоўны лёс — як інтэлектуальнага работніка. У 1927 годзе скончыў габрэйскае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту 2-га Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (будынак захаваўся на вул. Бальшой Пірагоўскай, 1).

Зь вялікімі цяжкасьцямі дастаў кватэру, зь якой яго выселіў судзьдзя

З 1928 году Харык — ужо назаўсёды — у Менску. Пасьля пярэбараў з Масквы ў Менск не было дзе жыць. Але кватэру пісьменьнік усё ж знайшоў. І спакойна паехаў у творчую выправу ў Бабруйск. А калі вярнуўся, ягонае жыльлё ўжо займаў судзьдзя Рыўкін. У студзені 1929 году адказны сакратар Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў Янка Ліманоўскі не пакінуў гэтага без увагі, бо справа тычылася чальца яго літаратурнага аб’яднаньня. Скандал выйшаў на старонкі галоўнай газэты краіны — органа ЦК КП(б)Б «Зьвязда» — зь якіх прагучалі рытарычныя пытаньні:

«Яўрэйскі паэта І. Харык... зь вялікімі цяжкасьцямі дастаў кватэру ў адным зь менскіх ЖАКТ’аў.

...Чаму Рыўкін атрымаў ордэр на кватэру, якая занята Харыкам, чаму Харык, які літаральна знаходзіцца на вуліцы, не сустрэў у Гарсавеце адпаведных адносін, у той час як Рыўкін, які меў кватэру ў шэсьць кв. саж., чамусьці атрымаў на рукі выканаўчы ліст для высяленьня Харыка, атрымаў ордэр на кватэру (ці па чарзе?). Гэтыя пытаньні трэба выявіць».

Карэспандэнцыя журналіста Ілава «Яшчэ пра зьдзекі з тав. Харыка» ў газэцe «Зьвяздa». 1929 г. Фатакопія са збору Вольфа Рубінчыка
Карэспандэнцыя журналіста Ілава «Яшчэ пра зьдзекі з тав. Харыка» ў газэцe «Зьвяздa». 1929 г. Фатакопія са збору Вольфа Рубінчыка

У «Зьвязьдзе» неўзабаве зьявілася карэспандэнцыя журналіста Ілава пад назваю «Яшчэ пра зьдзекі з тав. Харыка», зь якой «выявілася»: «Ліст БелАПП’у ў газэце „Зьвязда“ аб зьдзеках з паэты т. Харыка сустрэў жывы водгук сярод працоўных г. Менску. Але менская акрпракуратура лічыць, што „фармальна“ мае рацыю т. Рыўкін, які выкінуў т. Харыка на вуліцу...»

Урэшце, як піша В. Рубінчык, Харык атрымаў жыльлё. Але дзе дакладна — невядома.

Жыхар Дома спэцыялістаў

Часопіс «Работніца і калгасніца Беларусі», чэрвень 1934 г. Фотакопія прадастаўлена Ўладзімерам Садоўскім
Часопіс «Работніца і калгасніца Беларусі», чэрвень 1934 г. Фотакопія прадастаўлена Ўладзімерам Садоўскім

У часопісе «Работніца і калгасніца Беларусі» ў чэрвені 1934 году зьявіўся фатаздымак з подпісам: «Новапабудаваны пяціпавярховы дом спэцыялістаў у Менску на 100 кватэр». Адну з гэтых кватэр атрымаў і Ізі Харык зь сям’ёю. Тагачасны адрас: вул. Савецкая, 148, кв. 52; цяпер на месцы пашкоджанага немцамі ў 1941 годзе, а пасьля 1944 году зьнесенага будынка — іншы жылы дом на рагу праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Казлова, пастаўлены ў 1950-я гады.

11 верасьня 1937 году народны камісар унутраных спраў БССР Бэрман падпісаў дакумэнт, які быў «выдан мл. лейт. госбезоп. тов. Шейнкману» на «1 сутки»: «Вам поручается произвести обыск и арест гр-на Харика Исаака Давидовича, прож. г. Минск, Советская, 148/19, кв. 52».

Знаны габрэйскі літаратар БССР у той час быў у Доме адпачынку пісьменьнікаў у Пухавіцкім раёне. А дома ішоў вобшук...

Энкавэдысты забралі пашпарт № 643002, членскі білет Саюзу савецкіх пісьменьнікаў БССР № 86, іншыя пасьведчаньні, нататнікі, граматы, кнігі, рукапісы, лісты, фатаздымкі, радыёпрыёмнік і грошы — 900 рублёў. Праз чатыры дні паэта выклікалі на допыт у будынак на той жа вуліцы Савецкай, на рагу цяперашніх праспэкта Незалежнасьці і Гарадзкога Валу, дзе Народны камісарыят — Міністэрства ўнутраных спраў — знаходзіцца дагэтуль.

5 лістапада 1937 году ў кватэры ў Доме спэцыялістаў была арыштаваная Дзіна Харык. 28 лістапада асобая нарада пры НКВД СССР асудзіла яе як «члена сям’і здрадніка Радзімы» да 8 гадоў зьняволеньня ў Карагандзінскім канцлягеры НКУС Казахскай ССР. Дзіна ня ведала, што Ізі ўжо няма ў жывых...

Спадарыня Дзіна выжыла, вярнулася ў Менск. Тут памерла ў 2003-м.

Быў сябрам партыі «Паалей-Цыён», «в узком кругу» выказваў незадавальненьне Камуністычнай партыяй

Паштоўка «Дом ураду Б.С.С.Р. Менск». 1930-я гг.
Паштоўка «Дом ураду Б.С.С.Р. Менск». 1930-я гг.

Бальшавікі прымалі ў сваю партыю многіх з тых, хто да гэтага меў іншыя погляды на жыцьцё. Харык у 1916-1923 гадах быў сябрам партыі «Паалей-Цыён» — іначай кажучы, сіяністам, прыхільнікам стварэньня габрэйскай дзяржавы ў Палестыне. Але ўжо з 1919 году, як пайшоў у Чырвоную Армію, стаў ляяльным да савецкай улады. У канцы 1920-х яго прынялі ў Камуністычную партыю. У 1931-1937 гадах літаратар займаў пасаду ў Цэнтральным выканаўчым камітэце Саветаў БССР. А значыць, ад 1934 году, калі Дом ураду пачалі засяляць чыноўнікі, бываў у ім.

У 1934 годзе, перад І Усесаюзным зьездам савецкіх пісьменьнікаў, у прэзыдыюме якога засядаў Харык, дзесьці побач з Максімам Горкім, агент НКВД зафіксаваў у рапарце: «В узком кругу высказывает недовольство партией».

Крытыка не была забытая.

«Подвергнуть обыску и аресту и привлечь в качестве обвиняемого» пісьменьніка зьбіраліся паводле пастановы опэрупаўнаважанага сьледчага аддзелу НКУС БССР Кунцэвіча яшчэ 4 жніўня 1937 году.

Харыка змусілі абылгаць сябе, назвацца «участником контрреволюционной троцкистской террористической организации». Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў «контрреволюционной террористической организации, осуществившей убийство С. М. Кирова», «вхождении в состав группы, подготовлявшей теракты над маршалом К. Е. Ворошиловым и председателем ЦИК СССР М. И. Калининым». Прысуд выносілі вайсковыя юрысты Матулевіч, Міляноўскі, Заранаў, Кудраўцаў.

Усё было фармальнасьцю. 21 кастрычніка 1937 году подпісы Сталіна, Молатава, Кагановіча, Варашылава і Мікаяна зьявіліся пад сьпісам з 56 грамадзян БССР, якіх прапаноўвалася расстраляць. Быў у тым пераліку і Харык.

Рэабілітавала паэта ў 1956 годзе Ваенная калегія Вярхоўнага суду СССР. А адзін з катаў — Матулевіч, дэпутат Вярхоўнага Савету РСФСР, у маі 1938 году выхваляўся на перадвыбарчым мітынгу: «Товарищи! Я имел счастье быть в составе суда, разбиравшего дело проклятых гадин — наемников фашизма бухариных, рыковых и других мерзавцев, посягавших вернуть нам иго и эксплуатацию трудящихся. Я имел счастье приложить свою руку к смертному приговору этим изменникам родины».

У турме Харык біўся аб дзьверы і крычаў «Far vos?» — «За што?» Апошнія словы габрэйскага пісьменьніка чуў беларускі паэт Станіслаў Шушкевіч, які сядзеў у камэры побач.

Рэдка казаў «не»

Паэмa I. Харыкa «Ад полюсу да полюсу» (Менск, 1934). Са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Паэмa I. Харыкa «Ад полюсу да полюсу» (Менск, 1934). Са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Менску Харык спачатку працаваў сакратаром, а затым і рэдактарам габрэйскага часопісу Štern («Зорка»), які знаходзіўся ў будынку на вул. Рэвалюцыйнай, 2 (захаваўся). З 1934 году ён — старшыня сэкцыі габрэйскіх пісьменьнікаў Саюзу савецкіх пісьменьнікаў БССР. З 1936-га — член-карэспандэнт Беларускай акадэміі навук.

Як згадвала Дзіна Харык, яе муж рэдка казаў «не», калі яму давяралі розныя адказныя даручэньні. Грамадзкая работа яго радавала ня менш за плённую творчасьць.

Рознаю была тая творчасьць. 7 студзеня 1930 году ў газэце «Рабочий», якая выходзіць і цяпер — пад назваю «Советская Белоруссия» — пісьменьнік публікуе ці то свой, ці то падпісаны «па даручэньні» артыкул пра «сокрушительный удар» па «великодержавным шовинистам и контрреволюционным нацдемам». У той час многія беларускія інтэлігенты, якія ў 1918 годзе ўдзельнічалі ў дзяржаўным будаўніцтве, стваралі БНР, абвінавачваліся ў нацыянал-дэмакратызьме, іх ссылалі ў турмы, адпраўлялі ў выгнаньне за межы Беларусі.

А ў 1930 годзе Харык піша паэму пра будаўніцтва пасёлка Асінторф на Віцебшчыне — гімн, дзе ўсхваляюцца і рабочыя, і камуністы, і ГПУ, і ганяцца шкоднікі. Паводле сучаснага публіцыста Леаніда Кацыса, «калі б камусьці захацелася знайсьці ўзорнага савецкага габрэйскага паэта, то лепшага за Харыка не прыдумаеш. Бо няма такой тэмы сацыялістычнага будаўніцтва гадоў 1920-1930-х гадоў, якой бы ён не закрануў у сваёй творчасьці». У дзіцячай паэме «Ад полюсу да полюсу» (1934) Харык апяваў будаўніцтва Беламорканалу, таварыша Фірына (начальніка канала) і таварыша Сталіна (начальніка ўсяго СССР), сьпяваў дыфірамбы карным органам, якія перавыхоўвалі — «перакоўвалі» — злачынцаў. А мы ведаем: былі там і сапраўдныя злачынцы, і палітычныя зьняволеныя. А тым часам у Менску, з ілюстрацыямі Марка Жытніцкага, паэма ў асобным выданьні на мове ідыш перамагла ў кніжным конкурсе.

Езьдзіў у Бірабіджан

У сярэдзіне 1930-х Харык пасьпеў зьезьдзіць у Габрэйскую аўтаномную вобласьць, на Далёкі Ўсход Расеі, каб апісаць нацыянальны экспэрымэнт савецкай улады.

Верш «Ноч у Бірабіджане» пераклала ў нашы дні Ганна Янкута. Вось яго пачатак:

У імгле жамчужнай мой Далёкі Ўсход
працінае сэрца сумам навылёт.

Вайна ў Гішпаніі камуністаў з франкістамі, подзьвіг палярнікаў-чалюскінцаў — габрэйскі пясьняр адгукаўся на ўсе прапагандысцкія акцыі савецкіх уладаў.

Адзін з шасьці суаўтараў «Пісьма беларускага народу вялікаму Сталіну»

«Пісьмo беларускага народу вялікаму Сталіну» з аўтографамі аўтараў, у т. л. Ізі Харыка. «Яно вышыта шоўкам... 70 работнiц i калгаснiц зь вялiкай любоўю вышывалi гэта пiсьмо», —паведамляла 1 сьнежня 1936 г. газэта «Лiтаратура i мастацтва». Захоўваецца ў маскоўскім Дзяржаўным цэнтральным музэі сучаснай гісторыі Расeі. Фота Віталя Скалабана
«Пісьмo беларускага народу вялікаму Сталіну» з аўтографамі аўтараў, у т. л. Ізі Харыка. «Яно вышыта шоўкам... 70 работнiц i калгаснiц зь вялiкай любоўю вышывалi гэта пiсьмо», —паведамляла 1 сьнежня 1936 г. газэта «Лiтаратура i мастацтва». Захоўваецца ў маскоўскім Дзяржаўным цэнтральным музэі сучаснай гісторыі Расeі. Фота Віталя Скалабана

Арыгінальныя творы Ізі Харыка на беларускай мове невядомыя. Але яго прозьвішча стаіць апошнім — побач з подпісамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Андрэя Александровіча, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі — пад «Пісьмом беларускага народу вялікаму Сталіну», падрыхтаваным «паэтычнаю брыгадаю», якую курыраваў «прараб» Глебка. 11 ліпеня 1936 году падпісчыкі газэты «Літаратура і мастацтва» ў гэтым творы прачыталі такія радкі:

Папалам дзялілі, пад адным прымусам,
Гора і галечу яўрэй зь беларусам.

Гэта — пра «дарэвалюцыйнае» мінулае.

А вось пра дзяцей, якія ідуць у школы:

Многа іх — белакурых, чарнявых, вясёлых, —
Тваё сьветлае імя у сэрцах нясуць.
Галасы іх гучаць разнастайнаю мовай:
Тут яўрэі, палякі і латышы.
Тут жыве беларуская, руская мова,
А пачуцьці адзіныя ў кожнай душы.

Ведаў Беларусь як свае пяць пальцаў

Iзі Харык. Скульптура работы Заіра Азгура. Канец 1980-х гг.
Iзі Харык. Скульптура работы Заіра Азгура. Канец 1980-х гг.

На сайце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сьцьвярджаецца, што член-карэспандэнт Ісак Давыдавіч Харык «широко использовал белорусский фольклор». Яго творчасьць сапраўды была насычана фальклёрам — аднак усё ж у большай ступені габрэйскім. Хаця, напрыклад, у паэме 1935 году «На чужым вясельлі» Вольф Рубінчык адзначае шмат беларусізмаў: asilek, ranitse, vаlаtshuhe, huliake. На беларускую мову, аднак, паэма цалкам не перакладзена. Але варта працытаваць красамоўныя радкі па-расейску ў перакладзе Давіда Бродскага:

Я знаю тебя, Беларусь, как пять своих пальцев!
Любую
И ночью тропинку найду!

Пэнсію ўдаве Дзіне Харык прасілі ва ўладаў Максім Танк і Пятрусь Броўка

Хадайніцтва Пeтруся Броўкi аб павелічэньні пэнсіі Дзіне Харык. 1978 г. З фондаў Нацыянальнaгa архіву Рэспублікі Беларусь
Хадайніцтва Пeтруся Броўкi аб павелічэньні пэнсіі Дзіне Харык. 1978 г. З фондаў Нацыянальнaгa архіву Рэспублікі Беларусь

Максім Танк у 1993 годзе даверыў дзёньніку думку: «Перачытаў вершы Ізі Харыка, падораныя калісьці мне яго жонкай Дзінай. Вершы яго вызначаюцца лірычнасьцю, зьмястоўнасьцю сярод тагачаснай барабаннай паэзіі. Некаторыя зь іх я калісьці перакладаў».

А яшчэ ў 1968 годзе Максім Танк хадайнічаў перад Камісіяй па ўстанаўленьні пэрсанальных пэнсій пры Савеце Міністраў БССР, каб тая прызначыла пажыцьцёвую грашовую дапамогу Дзіне Харык. У дакумэнце, што цяпер захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, першы сакратар праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР пісаў: «Ізі Харык, жыцьцё якога дачасна абарвалася ў 1937 г., зьяўляецца адным зь лепшых савецкіх паэтаў, адным з заснавальнікаў савецкай пралетарскай паэзіі...

У 1937 г. Ізі Харык быў незаконна рэпрэсіраваны, у 1956-м. — пасьмяротна рэабілітаваны. Разам з мужам была рэпрэсаваная і яго жонка Харык Д. З. Яна знаходзілася ў зьняволеньні 9 гадоў, у 1956 годзе справа яе за адсутнасьцю складу злачынства была спыненая».

Але камісія не прыняла Танкавых довадаў. І толькі паўторны зварот удавы да міністра сацыяльнага забесьпячэньня БССР Аўхімовіча і старшыні камісіі Лабанка далі вынік — пэрсанальную пэнсію: 60 рублёў пажыцьцёва. У 1978 годзе Пятрусь Броўка, дэпутат Вярхоўнага Савету СССР, зьвяртаўся да ўладаў з хадайніцтвам аб павелічэньні пэнсіі Дзіне Харык.

Апублікаваны ў абодвух паўшар’ях

Зборнік вершаў І. Харыка, выдадзены ў 1970 г. у Маскве
Зборнік вершаў І. Харыка, выдадзены ў 1970 г. у Маскве

Першы зборнік вершаў Ізі Харыка выйшаў у Менску ў 1922 годзе. Потым кнігі зьяўляліся — пры жыцьці аўтара — у Маскве, Кіеве, Харкаве (да 1934-га сталіца Ўкраінскай ССР, дзе таксама віравала габрэйскае культурнае жыцьцё). Апошні сьвежы том з уласнымі творамі Харык трымаў у руках у Менску ў 1936 годзе.

Пасьля забойства паэта яго творы ўбачылі сьвет у 1958 годзе — у Менску (па-беларуску) і ў Маскве. Адна з кніг пазьней выйшла ў Нью-Ёрку. У 1969 годзе Харыкава паэзія зьявілася пад адной вокладкай у Менску — пад рэдакцыяй Рыгора Барадуліна. Апошні раз кніга Ізі Харыка выходзіла на радзіме ў 2008 годзе — у арыгінале, на ідыш, і па-беларуску.

На беларускую яго перастваралі Пятрусь Броўка, Генадзь Бураўкін, Рыгор Бярозкін, Пятро Глебка, Хведар Жычка, Аркадзь Куляшоў, Вольф Рубінчык, Ганна Янкута і многія іншыя. Сам Ізі Харык на ідыш пераствараў Міхася Чарота, Якуба Коласа.

На вершы Харыка дагэтуль пішуць песьні

На відэа: Сьвета Бень выконвае песьню на верш Ізі Харыка «Ў шэрым змроку» ў перакладзе на беларускую мову

Многія зь вершаў Ізі Харыка (напрыклад, урыўкі з паэмы «Хлеб») сталі песьнямі.

З усясьветна вядомых сьпевакоў паэзію Харыка выконвала Тамара Гвэрдцытэлі (на музыку Мотла Палянскага).

Сёлета ў канцы верасьня Сьвета Бень, падтрыманая А.Залескім, выканала песьню на верш Ізі Харыка «Ў шэрым змроку» (пераклад Ганны Янкуты) і «Век настане такі...» (пераклад Рыгора Бярозкіна). Паэзія Харыка прагучыць таксама ў музычна-адукацыйным праекце «(Не)расстраляная паэзія» суполкі Tuzinfm.by, прысьвечаным памяці расстраляныx у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Канцэртная прэм’ера праекту адбудзецца ў менскім клюбе «Бруге» 29 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG