Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляныя літаратары. Юрка Лявонны, паэт-прыгажун артыстычнага складу, забіты як «член шпіёнска-дывэрсійнай арганізацыі»


Паўлюк Трус і Юрка Лявонны на І Усебеларускім зьезьдзе «Маладняка». Менск, 25-29 лістапада 1929 году

Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень літаратуры Беларусі. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў прыгожага пісьменства.

Калі Сяргей Грахоўскі ў 1970-я гады пісаў успаміны пра сваё пісьменьніцкае жыцьцё ў даваенным Менску, з-пад ягонага пяра выйшлі і такія радкі: «Юрка Лявонны. Так, вам нічога не гаворыць гэтае імя, а мяне апаноўваюць такія ўспаміны, што вось ужо колькі дзён жыву зусім у іншым вымярэньні падзей і часу». І праўда, што мы ведаем пра гэтага чалавека? На самой справе гэта Леанід Юркевіч. Спачатку падпісваўся як Леанідаў. Але, як трапна заўважыў Грахоўскі, «мода на псэўданімы нібыта адразу сур’ёзна далучала да літаратуры», таму «спакусіўся і шаснаццацігадовы падлетак перакруціць сваё імя на прозьвішча, а прозьвішча на імя». Так зьявіўся паэт Юрка Лявонны.

Паходзіў з найбяднейшага кутка Беларусі

Чавусы. 1930-я гг.
Чавусы. 1930-я гг.

Леанід Юркевіч прыйшоў на сьвет у 1908 годзе, як пішуць даведнікі, «у сям’і службоўца» ў Чавусах, горадзе на ўсход ад Магілёва. Гэта быў адзін з найбяднейшых куткоў краіны. Так яго апісваў незадоўга да нараджэньня Юркевіча — у 1880-м — варшаўскі «Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich» (т. 1, с. 776): «Фабрычнай вытворчасьці тут зусім няма. Аніякія найважнейшыя шляхі зносін не праходзяць праз павет. Сярод вясковага люду пануе большая, як у іншых паветах [Магілёўскай] губэрні, нэндза зь неад’емнай ад яе дзікасьцю і цемнатою». Тым ня менш, як сьведчыў Сяргей Грахоўскі, бацькі Юркі Лявоннага «мелі свой дамок і садок».

Сын беларусізацыі

Заява Л. Юркевіча (Леанідава) у магілёўскую філію «Маладняка» з просьбай «залічыць». 10 кастрычніка 1925 году
Заява Л. Юркевіча (Леанідава) у магілёўскую філію «Маладняка» з просьбай «залічыць». 10 кастрычніка 1925 году

Упершыню Юркевіч выступіў у друку — яшчэ пад сваім прозьвішчам — не пазьней за верасень 1925 году, якім датуецца першы вядомы ягоны верш «„Мертвые“ по „жывых“» у газэце «Магілеўскі селянін». 10 кастрычніка таго ж году Юркевіч (Леанідаў) напісаў заяву ў магілёўскую філію «Маладняка», выказваючы «вялікае жаданьне працаваць у шэрагах» гэтага літаратурнага згуртаваньня.

Ужо паўтара года як і Чавусы, і Магілёў уваходзілі ў склад Беларускай, а не Расейскай рэспублікі. Беларусізацыя, абвешчаная ў 1924 годзе, нібы той нерат, выцягвала з самых глухіх куткоў краю новых актывістаў нацыянальнага руху. Але неўзабаве амаль усіх, каго вынесла на бераг грамадзка-культурнага жыцьця беларуская хваля, кулі НКВД змылі на доўгія гады ў мора забыцьця.

Зарабляў на хлеб журналістыкай

Артыкул Ю. Лявоннага «Самадзейнае мастацтва ў лягерах» у газэце «Літаратура і мастацтва» (23 чэрвеня 1935 г.)
Артыкул Ю. Лявоннага «Самадзейнае мастацтва ў лягерах» у газэце «Літаратура і мастацтва» (23 чэрвеня 1935 г.)

Каб зарабіць на хлеб, многія паэты мусілі працаваць у газэтах, часопісах. Гэта, зрэшты, была магчымасьць тварыць на роднай мове. З 1925-га беларуская прэса расла і колькасна, і якасна. З таго часу мы знаходзім публікацыі — і вершы, і рэпартажы — Леанідава-Лявоннага ў газэтах «Магілеўскі селянін», «Чырвоная зьмена», «Савецкая Беларусь», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Беларуская работніца і сялянка» ды інш.

Бывала, што аўтара публікавалі, а ганарару не дасылалі. У сувязі з адным такім інцыдэнтам Лявонны 25 мая 1926 году зьвярнуўся ў менскае цэнтральнае бюро «Маладняка» па дапамогу: «У газэце „Савецкая Беларусь“, у №№ ад 14/III, 18/III, i 14/IV г.г., зьмешчаны былі мае вершы пад псэўданімамі „Юр. Лявонны“ і „Леанідаў“. Ня гледзячы на ўсе мае запытаньні ў гэтым кірунку — ганарару за іх мне ня высылаюць. Знаходзячысь зараз у надта цяжкім матар’яльным становішчы — прашу вас як-небудзь паклапаціцца аб тым, каб мне выслалі належныя грошы, па адрасу: г. Магілеў, Быхаўская, 18. Пэдтэхнікум. Л. Юркевічу.

P.S. Калі зрабіць нічога не магчыма, як прыехаць асабова — паведамце лістом».

Паводле Сяргея Грахоўскага, у 1931 годзе «Юрка працаваў у рэдакцыі „Звязды“ і адначасова вучыўся на крытычна-творчым аддзяленьні літфаку пэдінстытуту. У 1935 годзе мы зь Лявонным пачалі працаваць у вельмі дружнай рэдакцыі грамадзка-палітычнага вяшчаньня радыёкамітэту. Усім тады жылося галаднавата, беднавата, няўтульна, але весела, і вершы пісаліся бадзёрыя, аптымістычныя, на высокай ноце».

Выступаў і як літаратурны крытык

Сярод публікацый Лявоннага ёсьць некалькі, прысьвечаных сьвежым кнігам яго сучасьнікаў. Ён адгукнуўся на «Вершы» Язэпа Пушчы і «Пялёсткі» Валерыя Маракова, выдадзеныя ў 1926-м, на «Вежу» Алеся Дудара 1928-га. Гэта была пара, калі крытыка яшчэ не вырашала, жыць табе ці чакаць чорнага варанка.

Прыгажун артыстычнага складу

Ю. Лявонны — у першым радзе чацьвёрты зьлева — падчас канфэрэнцыі «Маладняка». Люты 1928 году
Ю. Лявонны — у першым радзе чацьвёрты зьлева — падчас канфэрэнцыі «Маладняка». Люты 1928 году

У 1931 годзе, калі Лявонны пасябраваў з Грахоўскім, той яго ўбачыў такім: «Малады, статны і прыгожы юнак, трошкі артыстычнага складу, з густымі каштанавымі валасамі, у шэрым касьцюме ў дробную клетачку, у белай кашулі з модным гальштукам».

За тры гады выйшлі шэсьць кніг

Вокладка кнігі Ю. Лявоннага «Стала і мужна» (Менск, 1933)
Вокладка кнігі Ю. Лявоннага «Стала і мужна» (Менск, 1933)

Першы зборнік Лявоннага ўбачыў сьвет у Менску ў 1930 годзе — «Комсамольскія вершы». У тым жа годзе выйшла кніга «Штурм». А ў 1931-м адразу тры: «Жалезныя віхуры, «Крок пяцігодкі», «Разьбег». І ў 1932-м апошні прыжыцьцёвы зборнік — «Стала і мужна». Экзэмпляр гэтай кнігі захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва з аўтографам Лявоннага яго ленінградзкаму калегу, ураджэнцу Магілёва, перакладчыку: «Паўлу Кабзарэўскаму. Стала і мужна пойдзем наперад! У дзень нашага выступленьня ў Магілеве — шчыра — Юр. Лявонны. 2/VIII-33 г.».

З 1933 году Лявонны па-ранейшаму — актыўны аўтар пэрыёдыкі. Апошнюю яго публікацыю бібліёграфы фіксуюць 23 лютага 1936 году — нарыс «Незабыўныя дні» ў газэце «Чырвоная змена». У тым жа годзе, у 5-м нумары часопісу «Полымя рэволюцыі», зьяўляецца пераклад верша Маякоўскага «Два маі». І ўсё — Лявонны зьнікае зь літаратурнага далягляду.

Дарэчы, Сяргей Грахоўскі ўспамінаў, што Лявонны гадзінамі чытаў з памяці Маякоўскага: «У яго быў тонкі густ да слова, да формы, а пра сябе ён часта гаварыў: «Сапраўднае я яшчэ напішу, значнае наперадзе...»

Але — не напісаў...

У 1927 годзе ў вершы «Правады» Лявонны выказаўся пра кароткую долю чалавека на зямлі:

Кожны з нас на зямлі толькі госьць:
Гэта — вечная радасьць і драма...
Як па медных дратох тэлеграма —
Прамільгне і мая маладосьць.

Наступаў на горла ўласнай песьні

Вокладка кнігі Ю. Лявоннага «Камсамольскія вершы» (Менск, 1930)
Вокладка кнігі Ю. Лявоннага «Камсамольскія вершы» (Менск, 1930)

Сяргей Грахоўскі згадваў, што «па сваёй сутнасьці Лявонны быў лірык, тонкі і рамантычны. Але паэт мусіў станавіцца на «горла ўласнай песьні» і прызнавацца: «Любоўную лірыку цяжка пісаць — яе не бярэ выдавецтва».

А лірычная паэзія Лявоннага сапраўды цікавая, як, напрыклад, радкі зь верша 1931 году «Ён прыйшоў...»:

Ён прыйшоў,
Прыйшоў квяцісты травень,
Ахінуты ў белы футарал.
І на яблынях пялёсткавую навісь
Кінула шаўковая зара.

Аднак газэты і часопісы патрабавалі іншых тэмаў і слоў. Вось некаторыя з назваў такіх твораў: «Памяці Дзяржынскага», «Партзьезду» (1927), «Канфэрэнцыі бязбожнікаў», «У Дзень Калектывізацыі» (1929), «На хвалі сталінскіх прыбояў», «Першамай у Заходняй Беларусі» (1931), «Свабоду Тэльману» (1935).

Актуальнымі праблемамі, на якія мусілі адгукацца пісьменьнікі, або нават рабілі гэта на сваё жаданьне, былі ня толькі палітычныя. Лявонны, напрыклад, — аўтар аднаго зь першых твораў у нашай літаратуры пра аборт, апублікаваным у кнізе «Жалезныя віхуры»:

І сьцены душнае бальніцы
Схавалі нерашучы крок.
Гарэлі ў сонцы камяніцы,
І ад чаканьня
Стыгла кроў.
А як на поўдзень
Сталі цені
І спахмурнеў бальнічны сад —
Дрыжэлі вузкія калені
І пакаёвы далягляд...
І зьнікла радасная мэта, —
Маўклівы доктар
Яе сьцёр.
І бляск халоднага пінцэта
На міг запаланіў жыцьцё.

Аўтар верша пра Каліноўскага

Кастусь Каліноўскі, ілюстрацыйная выява
Кастусь Каліноўскі, ілюстрацыйная выява

У Лявоннага зьяўляліся творы, прысьвечаныя і знакамітым асобам Беларусі — колішнім і сучасным: Якубу Коласу (1926), Максіму Багдановічу (1927), Цішку Гартнаму (1928). Паэт быў сярод тых, хто прычыніўся да фармаваньня ў другой палове 1920-х гадоў нацыянальнага міту пра Кастуся Каліноўскага. У газэце «Магілеўскі селянін» 29 сакавіка 1928 году зьявіўся яго верш, які ўслаўляў змагара за «мужыцкую праўду»:

...Слухай, вёска,
Запечная, цьмяная!
Вестку волі Кастусь прынёс...
— Тваё цела ў нязьлічаных ранах,
Ланцугамі акован лёс...
Бізуны... Бізуны... Зорка бліскае.
А ў лясох —
Для паўстанца прастор!..
Ой, крывавы туман на Лукішках
І над Горадняй крыўды стон...
За чырвонай мяжой —
шал і лёскат.
Але стануць і там у калёны —
Не адзін Кастусь Каліноўскі,
А такіх, як ён — мільёны!..

Арыштаваны за «контрарэвалюцыйныя вершы»

Ілюстрайцыйнае фота. Будынак КДБ Беларусі
Ілюстрайцыйнае фота. Будынак КДБ Беларусі

Сяргей Грахоўскі адзначаў, што «самая вялікая і бязьлітасная «праполка» беларускіх пісьменьнікаў настала ўвосень 1936 году: «У кожным доме да раніцы прыслухоўваліся да стуку, рыпу, гулу машыны, трымалі пакуначкі зь бялізнаю ў чаканьні „чорнага ворана“».

30 кастрычніка 1936 году Лявоннага арыштавалі ў Менску — на вул. Фурманскай, д. 9, кв. 2.

Паводле Грахоўскага, яго і Лявоннага «вадзілі на допыты па адных калідорах, круцілі, ламалі, выцягвалі душу „на канвэерах“, а пабачыцца так і не давялося. У верасьні 1937-га мяне перавялі ў гарадзкую турму і кінулі ў агульную камэру. Якраз пад ёю, акно над акном, у сутарэньні сядзеў Юрка Лявонны. Мы адразу пачалі зь Юркам перагаворвацца. Прыкладна ў канцы верасьня Лявонны „ня выйшаў у этэр“. Праз чатыры дні паведамілі з сутарэньня: „Не вярнуўся. Забралі рэчы“».

28 кастрычніка 1937 году паэта як «члена шпіёнска-дывэрсійнай арганізацыі» прысудзілі да расстрэлу.

Пераклаў зь Сяргеем Грахоўскім раман Жуля Вэрна

Кніга Жуля Вэрна «80 000 кілометраў пад вадой» убачыла сьвет з подпісам: «пад рэдакцыяй Янкі Маўра». Так у 1937 годзе ў Юндзетсэктары Беларускага дзяржаўнага выдавецтва прыкрылі сапраўдных перакладчыкаў.

Лявонны пераклаў яшчэ два творы замежных пісьменьнікаў, якія выйшлі ў Менску асобнымі кнігамі ў 1929 годзе (апавяданьне Дзьмітрыя Фурманава «Чырвоны дэсант») і ў 1932-м (раман чэскага літаратара Івана Ольбрахта «Ганна-пралетарка»).

Не выдаваўся паўстагодзьдзя

Зборнік Ю. Лявоннага «Выбранае» (Менск, 1960)
Зборнік Ю. Лявоннага «Выбранае» (Менск, 1960)

Пасьля 1933 году толькі аднойчы ўбачыла сьвет кніжачка Лявоннага — «Выбранае» ў 1960-м, у Менску. Час ад часу ў 1960-1970-я зьяўляліся публікацыі пра паэта і яго творы ў пэрыёдыцы Магілёва, Менску. Пра яго тады апублікавалі ўспаміны Станіслаў Шушкевіч-старэйшы, Сяргей Грахоўскі. А потым зноў наступіла маўчаньне. Перарвалася яно толькі ў 2008 годзе, калі ў менскім выдавецтве «Кнігазбор» убачыў сьвет зборнік «Расстраляная літаратура», дзе знайшлося месца і для паэзіі Лявоннага.

Аляксей Туранкоў напісаў песьні на вершы Лявоннага

У беларускім савецкім войску, дый у сучасным, калі б не была спыненая беларусізацыя, сьпявалі б песьні на словы Лявоннага. Сярод пакладзеных на музыку верш Юркі «Баявая чырвонаармейская». Кампазытар Аляксей Туранкоў, адзін з пачынальнікаў нацыянальнай опэры, напісаў музыку да тэкстаў Лявоннага «Маладое» і «Ў паход».

Сёлета песьню на верш Лявоннага выканаў гурт «Vuraj»

Гэтай восеньню імя Лявоннага зноў паўстала зь нябыту, дзякуючы літаратурна-музычнаму праекту «(Не)расстраляная паэзія» парталу Tuzinfm.by. Гурт «Vuraj» выканаў песьню на верш «Зімовая радасьць». А архівіст і літаратуразнавец Віктар Жыбуль зрабіў ўдакладненьне да творчага жыцьцяпісу Лявоннага: гэты твор у зборніку 1960 году няправільна датаваўся 1924 годам, на самай справе ён напісаны ў 1927-м.

А вось выданьне поўнага збору твораў Лявоннага — задача на будучыню.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG