Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь 1 верасьня ў менскай кнігарні «ЛогвінаЎ» распачынаюцца адкрытыя лекцыі, прысьвечаныя беларускім пісьменьнікам, якія сталі героямі праекту «(Не)расстраляная паэзія», а 29 кастрычніка ў клюбе «Бруге» адбудзецца канцэртная прэзэнтацыя альбому на іх вершы.

Заплянавана 12 лекцый, якія прачытаюць знаўцы беларускай літаратуры Андрэй Хадановіч, Віктар Жыбуль, Ганна Севярынец, Антон Рудак, Вольф Рубінчык і Аляксей Стрэльнікаў. Таксама ў імпрэзах возьмуць удзел музыкі — Лявон Вольскі, Аляксандар Памідораў, Vinsent, Re1ikt, Naka Dzieciuki. Яны прэзэнтуюць у акустычным фармаце песьні, напісаныя ў межах гэтага праекту.

Першай будзе імпрэза, прысьвечаная Юлію Таўбіну. Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч уклаў кнігу «Юлі Таўбін. Выбранае». У зборнік увайшлі найлепшыя творы з прыжыцьцёвых зборнікаў паэта, некалькі вершаў, якія ніколі не друкаваліся, і пераклады Генрыха Гейнэ. Таксама лекцыі будуць прысьвечаныя Майсею Кульбаку, Юрку Лявоннаму, Анатолю Вольнаму, Валеру Маракову, Міхасю Зарэцкаму, Міхасю Чароту ды іншым літаратарам, якіх рэпрэсавалі і расстралялі ў ноч на 30 кастрычніка 1937 году.

На лекцыях таксама будуць прэзэнтаваныя «маўклівыя кнігі» — нататнікі-песеньнікі з выявамі паэтаў, якія зрабіла дызайнэрка Кацярына Пікірэня. Уваход на імпрэзы вольны.

Канцэртная прэзэнтацыя праекту «(Не)расстраляная паэзія» адбудзецца ў клюбе «Бруге» 29 кастрычніка 2017 году — у 80-ю гадавіну расстрэлу 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Расклад лекцый можна паглядзець тут.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG