Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзыдэнта. Рутыннае мерапрыемства. Але на ім было прагаворана шмат цікавых рэчаў, якія даюць незалежнаму назіральніку багатую спажыву для аналізу працы дзяржаўнага апарату.

Найперш выявілася трохі дзіўная для беларускага сацыяльнага ладу сытуацыя: рашэньні, прынятыя на самым высокім узроўні, не выконваюцца. У гэтым прызнаецца сам Лукашэнка:

«Традыцыйна мы будзем абмяркоўваць на падобных нарадах пытаньні выкананьня даручэньняў прэзыдэнта. Я перш за ўсё папярэджваў кіраўніка Адміністрацыі — у нас праблемы ёсьць (ня ведаю — вялікія, малыя) — сёньня зробім высновы па выканальніцкай і, на жаль, працоўнай дысцыпліне нашых дзяржаўных служачых... І папярэджваю ўсіх, што рашэньні, якія мы прымаем тут (хай нават не фармалізаваныя, а вусныя мае рашэньні), павінны безумоўна выконвацца».

Сытуацыя дзіўная таму, што ідэя парадку і цьвёрдай улады — асноватворная для беларускай сацыяльнай мадэлі, яна даўно стала часткай яе міталёгіі, неадʼемным складнікам вонкавага вобразу і брэнду Беларусі. За чвэрць стагодзьдзя кіраваньня Лукашэнкі, здавалася, адбудаваная жорсткая ўладная вэртыкаль, якая працуе як аўтамат. Амаль на кожнай нарадзе, паседжаньні, падчас дакладаў чыноўнікаў кіраўнік Беларусі паўтарае мантру пра неабходнасьць жалезнай дысцыпліны. Ня раз Лукашэнка параўноўваў дзяржаўных служачых з вайскоўцамі. І вось высьвятляецца, што чыноўнікі не выконваюць загады галоўнага ўладара краіны.

Добрай ілюстрацыяй гэтай хваробы стаў сэмінар па пытаньнях ЖКГ мінулай пятніцай, 20 кастрычніка. Шмат разоў Лукашэнка на розных нарадах казаў пра непразрыстасьць камунальных тарыфаў і гнеўна патрабаваў: дайце мне, нарэшце, рэальную калькуляцыю кошту тых ці іншых паслуг. І вось на гэтым сэмінары высьветлілася, што за шмат гадоў камунальшчыкі так і не змаглі зрабіць элемэнтарную рэч: палічыць, колькі рэальна каштуюць паслугі ЖКГ. Чатыры гады рыхтавалася гэтае мерапрыемства, была створаная адмысловая група. І ў выніку Лукашэнка, выступаючы на сэмінары, кажа:

«Мы палічым спачатку тарыфы дакладна, каб энэргетыкі, тыя, хто ваду падае, ня жыравалі і не вырашалі свае праблемы за кошт насельніцтва. І тады прымем рашэньне, калі будзем выходзіць і як будзем выходзіць на стоадсоткавую аплату. Я перакананы: калі мы вельмі дакладна палічым, ужо з трэцяга заходу, гэтыя тарыфы, то працэнт кампэнсацыі будзе вельмі высокі. Можа, і 90%».

Дык, можа, спачатку варта было б палічыць — і толькі потым выстаўляць рахункі насельніцтву?

Ці вось яшчэ адна тэма нарады — якасьць працы са зваротамі грамадзян. Зноў паслухаем Лукашэнку:

«Нам трэба нейкую нармальную форму выпрацаваць у працы са зваротамі грамадзян. Усе цягнецца з савецкіх часоў: хтосьці напісаў у Адміністрацыю прэзыдэнта або на імя прэзыдэнта, хтосьці скардзіцца на мясцовыя органы ўлады, а мы туды адпраўляем для разгляду гэтыя скаргі і заявы. Паток непатрэбны інфармацыі, плацім за гэта грошы, пошта нясе іх туды, гэтыя лісты, потым яны вам дасылаюць назад. А яшчэ і фэльдʼегерскую сувязь выкарыстоўваем нятанную. Пара гэтаму пакласьці канец».

То бок 23 гады кіраваньня аказалася мала, каб стварыць сучасны, «нармальны» мэханізм працы са зваротамі грамадзян. Усё засталося як у савецкія часы. На вуліцы ХХІ стагодзьдзе, лічбавыя тэхналёгіі, а тут усё яшчэ фэльдʼегерская сувязь выкарыстоўваецца. Мусіць, трэба яшчэ 23 гады, каб навесьці тут парадак.

Увогуле, можна канстатаваць, што за фасадам вонкавага парадку ў краіне ў кожнай галіне і сфэры адбываюцца падобнага роду рэчы. Найбольш бездапаможнымі сталі ведамствы, адказныя за эканоміку. Практычна ўсе праекты мадэрнізацыі, якія спрабавалі ажыцьцявіць, праваліліся.

Можна сказаць, толькі два інстытуты працуюць спраўна. Гэта апарат рэпрэсій і сыстэма фальсыфікацыі выбараў. То бок тыя дзяржаўныя ланцугі, якія забясьпечваюць уладу. А ўсё астатняе ня так і важна, таму пушчана на самацёк.

І яшчэ адна праблема, якую абазначыў Лукашэнка на гэтай нарадзе:

«Я хацеў бы пабудаваць работу так, каб не было такой думкі, што немагчыма да прэзыдэнта наўпрост данесьці рашэньне тых ці іншых пытаньняў або паставіць наўпрост перад ім пытаньне».

Кіраўнік дзяржавы, па сутнасьці, сфармуляваў галоўную загану пэрсаналісцкага рэжыму, у якім усе важныя рашэньні прымае адзін чалавек. Калі чыноўніку ці лабістам удаецца данесьці да яго праблему, ёсьць шанец, што нейкае рашэньне будзе прынята. Але ён моцна заняты, стаміўся, працуе толькі паўдня, потым гуляе ў хакей, капае бульбу ў Драздах. Лукашэнка сам прызнае, што існуе думка пра яго недаступнасьць. Але ў аўтарытарным рэжыме асабістай улады гэтая праблема невырашальная.

У вядомага савецкага паэта і барда Булата Акуджавы ёсьць такія радкі:

Римская империя времени упадка
Сохраняла видимость твердого порядка:
Цезарь был на месте, соратники рядом,
Жизнь была прекрасна, судя по докладам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG