Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыяналізм (прынамсі калі мы хочам прэзэнтаваць гэтае слова ў станоўчым сэнсе) — гэта азначае падымаць сваю нацыю, а не прыніжаць іншыя.

Ёсьць габрэйская показка, якая заканчваецца выразам, які, як гэта часам бывае, стаў вядомай прыказкай — «ужо можна». Ужываецца ў сытуацыях, калі праявы антысэмітызму раптоўна зьяўляюцца там, дзе раней іх не назіралася ці яны пільна прыхоўваліся.

Вось гэтая фраза — «ужо можна» — міжволі прыходзіць мне ў галаву, калі я назіраю цяперашнія дыскусіі вакол палякаў і Касьцюшкі. «Ужо можна» кідацца на палякаў. «Ужо можна» казаць, што ніхто нам, беларусам, не дапаможа, што вакол адны ворагі. Увогуле, ведаеце, мне заўсёды здавалася, што сантымэнт «усе вакол нас ворагі, ніхто нас ня любіць, усе жадаюць нам шкоды, у гісторыі ўсе з намі змагаліся, зараз усе хочуць нас захапіць, у нас няма саюзьнікаў» уласьцівы ў нашых шыротах у дастаткова заўважнай ступені толькі адной нацыі — расейскай. Бо менавіта адтуль мы штодня чуем і чытаем такія сьцьвярджэньні.

Але дыскусія вакол Касьцюшкі паказала, што сындром «крэпасьці ў аблозе» падзяляюць і многія беларусы.

Уражвае тое, зь якім шалёным імпэтам некаторыя кінуліся абвінавачваць палякаў ва ўсіх існых і ўяўных грахах. Нібыта ім нарэшце дазволілі тое, што раней было «забаронена», «не прынята», «сорамна» — а вось цяпер «ужо можна». Нібыта нехта даў адмашку, і ўдзельнікі кінуліся навыперадкі займаць першае месца ў спаборніцтве «хто найярчэй зганьбіць палякаў».

Дарэчы, вы не заўважалі, наколькі дзіўна гучыць наступная прэтэнзія — «мала яны нам дапамагаюць, маглі б і больш». Слухайце, беларусам што — апрыёры ўсе абавязаныя? Дапамагаюць — дык скажыце дзякуй! Ці, напрыклад, прэтэнзія, што яны дапамагаюць, зыходзячы выключна са сваіх інтарэсаў. А вы што — хочаце, каб нейкія краіны (людзі) дапамагалі тым, хто іх ненавідзіць, альбо тым, хто не падзяляе хаця б асноўныя агульныя інтарэсы?

Ну давайце плюнем на рацыянальныя матывы. Давайце хутчэй адмовімся ад нашага стабільнага геапалітычнага саюзьніка, ад суседа, ад адной зь нямногіх краін у Эўразьвязе, якая нешта разумее ў беларускіх рэаліях. Мы ж такая «звышдзяржава», што нам саюзьнікі больш не патрэбныя. Мы, відаць, можам цяпер паўтараць усьлед за расейскімі шавіністамі — «у нас няма саюзьнікаў, акрамя арміі і флёту» (ой, а ў нас у Беларусі і флёту няма)...

Нядаўна ў адной з папярэдніх грамадзкіх дыскусіяў (вакол мапы БНР на «Лідзкім» піве) я пісаў пра тое, што «Нельга стаць нацыяй, каб нікога не пакрыўдзіць». Варта заставацца сабой і трымацца сваіх інтарэсаў, але пры гэтым не перакідаць на суседзяў крыніцу нашых уласных праблемаў. Не палякі вінаватыя ў тым, што ў Беларусі няма помнікаў Касьцюшку.

Не бывае геаграфічных суседзяў, якія будуць жыць не сваімі, а выключна нашымі інтарэсамі. Ня трэба патрабаваць ад іншых нерэальнага. І ня трэба недахопамі суседзяў (сапраўднымі альбо ўяўнымі) апраўдваць уласны правінцыялізм і нават лёгкія прыкметы шавінізму.

Нацыяналізм (прынамсі калі мы хочам прэзэнтаваць гэтае слова ў станоўчым сэнсе) — гэта азначае падымаць сваю нацыю, а не прыніжаць іншыя.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG