Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяне ўся гэта гісторыя вакол выказваньня Андрэя Пачобута ўражвае прадэманстраваным пэўнай часткі публікі ірацыянальным страхам перад «беларускім нацыяналізмам».

Тут нічога новага. Я гэта назіраю 25 гадоў, і 25 гадоў не стамляюся зьдзіўляцца, як самі беларусы баяцца падасца камусьці і сабе самім занадта «нацыяналістычнымі». Гэта проста нейкі нацыянальны лёзунг — «А што пра нас падумаюць і скажуць суседзі?» Яго трэба ў гімн другім радком уносіць (бо першы радок, пра «мірныя людзі» максымальна слушны, цалкам адпавядае рэчаіснасьці).

Мапа БНР на піве і моцная Эўропа

Як толькі тыя тры з паловай чалавекі, якім яшчэ неабыякавы статус беларускай мовы, пачынаюць законным чынам адстойваць яе правы — адразу 3 тысячы чалавек залямантуюць, што гэтым (выкананьнем заканадаўства і адстойваньнем права беларускай мовы на існаваньне) яны кагосьці крыўдзяць. Як толькі на бутэльцы піва зьявіцца гістарычная мапа БНР, адразу ж узьнікаюць галасы, што гэта ледзь не пагроза перагледзець межы. —Дык гэта ж у падручніках гісторыі ёсьць. — У падручніках можна, а на піве нельга.

Самае прыкольнае, многія беларусы «баяцца» таго, што ва ўсіх суседніх нацыях ёсьць нармальным і не падлягае сумневу — мова, нацыянальная гісторыя, нацыянальныя каштоўнасьці. Пры тым часта яны захапляюцца тым, як усё «там», у суседзяў наладжана ў гэтым сэнсе, а потым вяртаюцца ў Беларусь і кажуць — «не, у нас так нельга, у нас трэба асьцярожна, каб нікога не пакрыўдзіць».

То бок — ім можна, а нам нельга. А раптам каго пакрыўдзім самім фактам свайго існаваньня? І яны гэта называюць ветлівасьцю і талерантнасьцю. Калі, напрыклад, пяць чалавек размаўляюць паміж сабой па-беларуску, а потым падыходзіць шосты (беларус), гаворыць па-руску — то ўсе гэтыя пяць пераходзяць на рускую мову. (А потым ён яшчэ скажа — «а чаго вы перайшлі, я ж усё разумею па-беларуску»). Дык гэта ніякага не талерантнасьць, гэта комплекс непаўнавартаснасьці.

Палохаць пагрозай беларускага нацыяналізму — прыблізна тое самае, што чытаць вязьню канцлягеру лекцыю аб шкодзе пераяданьня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG