Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства замежных спраў Польшчы адказала на пытаньне Радыё Свабода адносна патрабаваньня польскага амбасадара ў Швайцарыі прыбраць з помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Швайцарыі беларускамоўны надпіс. У чым прычына канфлікту і ці варта беларусам, палякам і амэрыканцам дзяліць Касьцюшку? Гэтыя тэмы ў перадачы «Сёньня на Свабодзе» абмяркоўваюць Дзьмітрый Гурневіч, Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Навумчык: Варта памятаць, што Польшча была першай дзяржавай, якая прызнала Беларусь адразу пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці 25 жніўня 1991 году. Адносна ж гісторыі з помнікам, уласна, для мяне тут незразумела адно. Вось МЗС Польшчы заявіла, што адсутнасьць згадкі на помніку пра якія-небудзь сувязі Касьцюшкі з Польшчай для Варшавы — непрымальна. Ці азначае гэта карт-бланш беларускаму боку боку патрабаваць на помніках Міцкевічу — згадкі пра Беларусь?

Гурневіч: Касьцюшка — супольны герой многіх народаў, герой Польшчы, ЗША, Францыі, Літвы, Беларусі. І сын Беларусі.

Фармулёўка «сын Беларусі» не адбірае ў іншых народаў, у тым ліку Польшчы, права называць Касьцюшку палякам.

Швайцарскія беларусы 8 месяцаў чакалі адказу ад польскай амбасады і мусілі праз пасярэднікаў выходзіць на пасла. Гэта несур’ёзна з польскага боку.

Калі б польская амбасада адразу зацікавілася ініцыятывай, то кампраміс быў бы магчымы ад самага пачатку.

Патрэбны кампраміс, які можа быць знойдзены, як гэта ня дзіўна, пры дапамозе беларускіх дыпляматаў.

Дракахруст: Беларускай грамадзе ў Швэйцарыі варта было адразу скарыстацца кампрамісным варыянтам — прыгадаць на шыльдзе, што Касьцюшка герой і Беларусі, і Польшчы.

Трэба ўлічваць кантэкст. Для пераважнай большасьці жыхароў што ЗША, што краінаў Заходняй Эўропы, у тым ліку і Швайцарыі Касьцюшка — польскі герой, польскі пэрсанаж. Прыклад — нядаўняя прамова Трампа ў Варшаве, дзе ён менавіта пра гэта і казаў. Упэўнены, што з кожных 100 швайцарцаў, якія хаця б чулі прозьвішча Касьцюшкі, 99 скажуць толькі, што ён паляк.

Калі перад швайцарскімі уладамі на адным баку шаляў — меркаваньне пасла, паўнамоцнага прадстаўніка краіны Эўразьвязу, а на другіх — меркаваньне мікраскапічнай эмігранцкай грамады з дыктарскай краіны, няцяжка здагадацца, каму будзе аддадзеная перавага.

Мяркую, што ціхая дыпляматыя, якую, гледзячы па ўсім, МЗС Беларусі практыкуе для вырашэньня гэтай праблемы — гэта аптымальны спосаб дзеяньня ў гэтай сытуацыі.

Мне вельмі не падабаецца, калі ў дыскусіі пачынаюцца абагульненьні, маўляў, яны, палякі, заўсёды былі такімі да беларусаў, імпэрыялістамі амаль такімі ж, як і расейцы. Гэта каму скарга? Дарагая цётачка Ангела, бачыш, якія кепскія палякі, ты ім скажы, каб паводзілі інакш? Дзядуля Трамп, абарані нас ад польскіх імпэрыялістаў? Ну паскардзіліся. І плён?

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG