Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матэвуш Адамскі: «Я ніколі не займаўся па падручніках, вывучыў беларускую мову на слых і з чытаньня»


Матэвуш Адамскі

Як удалося прывезьці другі раз у Менск усясьветна вядомага польскага кампазытара Кшыштафа Пэндэрэцкага? Чаму спэктакль «Урок каханьня. Гісторыя Касьцюшкі» пастаўлены на расейскай мове? Ці можна замежніку вывучыць беларускую мову без падручнікаў, «на слых»?

Пра гэта Свабодзе распавядае Матэвуш Адамскі, дырэктар Інстытуту Польскага ў Менску — установы з дыпляматычным статусам.

Пэндэрэцкі, 200 выканаўцаў і тубафоны ў «Сямі брамах Ерузаліму»

— 7 кастрычніка ў Менск прыедзе вядомы польскі кампазытар і дырыжор, прафэсар Кшыштаф Пэндэрэцкі. Ён быў у Менску ў 2013 годзе. Як удалося пры надзвычай напружаным графіку прывезьці яго ў Беларусь зноў?

— Каляндар, графік маэстра Кшыштафа Пэндэрэцкага сапраўды вельмі напружаны. І я вельмі шчасьлівы, што атрымалася запрасіць яго ў Менск, што ўсё ўдала супала. Была праведзеная вялікая арганізацыйная праца.

Фэстываль Юрыя Башмета — вельмі прэстыжная імпрэза, і для нас гэта гонар прадставіць самага славутага сучаснага польскага кампазытара. Яму 84 гады, і ён асабіста будзе дырыжыраваць.

— А прыадкрыйце таямніцу, якія яшчэ польскія зоркі будуць выступаць на менскай сцэне, якія творы будуць выконвацца?

— Прагучыць адна з самых вядомых араторый кампазытара «Сем брамаў Ерузаліму», якую Пэндэрэцкі напісаў да 3000-годзьдзя гораду. У гэтым творы кампазытар абʼяднаў кананічны тэкст са Старога запавету з музычнай мовай вялікага авангарду.

На сцэне мы ўбачым адначасова больш за 200 выканаўцаў, у тым ліку будуць выдатныя польскія салісты — Івона Хоса (сапрана), Караліна Сікора (сапрана), Ганна Любанска (мэца-сапрана), Пётар Навацкі (бас), Адам Здунікоўскі (тэнар) і Славамір Голянд. Саліраваць у канцэрце будзе піяніст Расьціслаў Крымер, арганізатар Міжнароднага фэстывалю Башмета. Зь беларускага боку выступяць таксама Дзяржаўны акадэмічны сымфанічны аркестар Беларусі, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Шырмы і Камэрны хор. Таму гэта грандыёзны польска-беларускі праект.

Хачу яшчэ падкрэсьліць, што шматтонныя інструмэнты, якія называюцца тубафоны, былі спэцыяльна адлітыя для гэтай сымфоніі, іх даставяць з Польшчы ў Менск. Гэта таксама сьведчыць пра маштаб гэтай падзеі.

Польскі малюнак — у Гомлі, польскі плякат — у Віцебску

— Вы актыўна працуеце ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Ведаю, што літаральна ў чацьвер адкрылася выстава ў Гомлі, на наступным тыдні рыхтуецца экспазыцыя ў Віцебску...

— Так, 5 кастрычніка ў палацы Румянцавых і Паскевічаў у Гомлі мы адкрылі выставу «Майстры польскага малюнку» з калекцый нашых партнэраў — Падляскага музэю ў Беластоку і Акруговага музэю ў Сувалках. Гэта ня так, што толькі ў Варшаве і ў Кракаве ёсьць цікавае, Беласток таксама важны пункт на мапе польскай культуры, польскіх музэйных фондаў. Абедзьве музэйныя ўстановы валодаюць адным з самых цікавых збораў графікі ў Польшчы. І мы маем прыемнасьць прадставіць 150 твораў мастацтва — працы славутых польскіх мастакоў XIX i XX стагодзьдзяў: Яна Матэйкі, Станіслава Ігнацыя Віткевіча, Альфрэда Веруш-Кавальскага, Максыміліяна Герымскага. Я вельмі рады, што мы прэзэнтуем гэтую калекцыю на паўднёвым усходзе Беларусі, у Гомлі.

На наступным тыдні ў віцебскім музэі Марка Шагала адкрыецца выстава плякатаў і графікі польскага мастака Рышарда Каі. Ён добра вядомы беларускай публіцы як плякаціст. Але яшчэ плённа працуе і як тэатральны сцэнограф.

Рышард Кая сам кажа, што ён «аматар кітчу, з кітчу чэрпае поўнымі жменямі». У Віцебску мы пакажам сэрыю ягоных плякатаў, выстава так і называецца: «Плякаты вельмі польскія». Да таго ж мастак асабіста будзе прысутнічаць на адкрыцьці, правядзе аўтарскую экскурсію па экспазыцыі.

«Урок каханьня. Гісторыя Касьцюшкі» прагучыць па-расейску

— 2017 год абвешчаны ЮНЭСКА годам Касьцюшкі. У чэрвені Інстытут Польскі разам з Акадэміяй навук Беларусі ладзілі навуковую канфэрэнцыю пра жыцьцё і барацьбу Тадэвуша Касьцюшкі. Якія цікавыя імпрэзы яшчэ рыхтуюцца?

— Да 200-годзьдзя з дня сьмерці нашага агульнага героя Тадэвуша Касьцюшкі ў Моладзевым тэатры Менску адбудзецца прэмʼера спэктакля па пʼесе Ганны Баярскай «Lekcja polskiego». Спэктакль будзе называцца «Урок каханьня. Гісторыя Касьцюшкі». Гэта таксама беларуска-польскі праект, на сцэне выступяць беларускія акторы, але рэжысэр польскі — Адам Вайтышка. Музыку напісаў сучасны польскі кампазытар Пётар Салябэр.

— А чаму спэктакль пра беларускага і польскага героя Тадэвуша Касьцюшку ставіцца на расейскай мове?

— Па-першае, увесь рэпэртуар Моладзевага тэатру — на расейскай мове. Але я адкажу так: добрую навіну пра агульнага нацыянальнага героя палякаў і беларусаў неабходна перадаваць усімі даступнымі і эфэктыўнымі спосабамі. Я перакананы, што варта данесьці яе таксама і да той часткі беларускага грамадзтва (а можа, перш за ўсё менавіта да яе), якая аддае перавагу зь дзьвюх дзяржаўных расейскай мове.

Я вельмі ўсьцешаны, што ўдалося дамовіцца з Моладзевым тэатрам, і разам мы ствараем такі цудоўны спэктакль.

Адчуваю ня толькі цікавасьць да польскай культуры, але і адкрытасьць да Польшчы

— У палітыцы экспэрты, дый звычайныя людзі, заўважаюць пацяпленьне беларуска-польскіх дачыненьняў. Вы распавялі пра плённае культурнае супрацоўніцтва. А ці заўсёды знаходзіце паразуменьне з афіцыйнымі беларускімі ўладамі? Ці лёгка яны прымаюць прапановы?

— Мы карыстаемся пацяпленьнем палітычных адносінаў. Гэта заўважна. Я вельмі ўсьцешаны, што прагрэс ёсьць. Але беларуска-польскія культурніцкія адносіны былі добрымі і эфэктыўнымі заўсёды. Я адчуваю ня толькі цікавасьць да польскай культуры з боку нашых партнэраў, мясцовых і рэспубліканскіх уладаў, але і адкрытасьць іх да Польшчы. Адчуваю таксама цікавасьць у прасоўваньні, папулярызацыі нашай агульнай спадчыны. І гэта вельмі важна.

Палякі і беларусы зьвязаныя стагодзьдзямі, у нас столькі супольнай спадчыны, агульныя героі, сумесная гісторыя! Ад гэтага немагчыма ўцячы.

— А ніколі не сутыкаліся з цэнзурай?

— У прынцыпе, такіх выпадкаў не было. Я ў Беларусі крыху больш за год, можа, чагосьці ня ведаю. Але думаю, што ўсё ж такі прэстыж такой установы, як Інстытут Польскі ў Менску, які працуе ўжо 24 гады, разуменьне асобаў, якія кіравалі Інстытутам Польскім, вопыт гэтых людзей у супрацоўніцтве зь беларускім бокам — галоўная прычына, чаму мы пазьбягалі скандалаў.

Адкрытасьць зь беларускага боку ёсьць. Я думаю, што ў любой справе мы можам дамовіцца, абапіраючыся на прынцыпы і правілы цывілізаванай дыскусіі, абмену думкамі і прапановамі. Я не магу сказаць ніводнага кепскага слова пра супрацу з уладамі ў галіне, якой я займаюся.

Наперадзе доўгі шлях да таго, каб зьмяніць вобраз Беларусі сярод палякаў

— А ці актыўна Беларусь арганізуе культурніцкія імпрэзы ў Польшчы? Там жа інстытуту, падобнага да вашага, няма? Ёсьць толькі Цэнтар беларускай культуры.

— Як адказаць вам дыпляматычна, з аднаго боку, і адначасова шчыра? Я думаю, што нашым беларускім калегам у Польшчы цяжэй працаваць. Насельніцтва ў Польшчы амаль у чатыры разы больш, і гэта адна з прычын.

Перад намі яшчэ доўгі шлях да таго, каб зьмяніць вобраз Беларусі сярод палякаў

Частка беларускай тэрыторыі была ў міжваенны час у межах Рэспублікі Польшча. Яшчэ ёсьць пакаленьне, якое добра памятае гэты час, ёсьць сувязі, ёсьць знакі гісторыі, ёсьць помнікі, ёсьць уяўленьне пра Польшчу — лепшае ў беларусаў, як мне здаецца, чым у палякаў пра Беларусь.

Перад намі яшчэ доўгі шлях да таго, каб зьмяніць вобраз Беларусі сярод палякаў. І гэтаму будзе спрыяць спрашчэньне візавага рэжыму. Гэта ўжо спрыяльны фактар. Палякі ўжо пачалі прыяжджаць часьцей у Беларусь і празь менскі аэрапорт, і праз Горадню. Я перакананы, што нам трэба на такім чалавечым узроўні лепш пазнаёміцца, мы ж суседзі. Палякі і беларусы жылі разам у адной дзяржаве — Рэчы Паспалітай, але нас гісторыя ў пэўны момант разьдзяліла. І гэтыя сувязі трэба нанова наладжваць. І дзеля гэтай справы я тут працую.

Адзіны замежны дыплямат у Менску, які не валодае расейскай мовай

— Не магу не ўхваліць вашу цудоўную беларускую мову. Проста зачараваная, як дыпляматы так хутка вывучаюць беларускую мову! Некалі швэдзкі амбасадар Стэфан Эрыксан, цяпер Матэвуш Адамскі...

— Я павінен вам прызнацца ў адной рэчы. Гэта ня гонар, я не павінен гэтым ганарыцца. Але я, напэўна, адзіны замежны дыплямат у Менску, які не валодае расейскай мовай. Бываюць дзіўныя і нават сьмешныя сытуацыі ў зьвязку з гэтым.

Але я ніколі не займаўся па падручніках, вывучыў беларускую мову на слых і з чытаньня, у тым ліку матэрыялаў Радыё Свабода. Яшчэ ў мяне жонка зь Беларусі. Магчыма, гэта галоўная прычына, чаму так атрымалася.

У працы дыплямата я лічу самым важным ня толькі прафэсійную падрыхтоўку, ня толькі разуменьне і прасоўваньне інтарэсаў сваёй краіны, але і нароўні з гэтымі фактарамі — цікавасьць да краіны, у якой прыйшлося працаваць. А яна ў мяне вялікая.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG