«Захад-81», напрыклад, былі вельмі буйнымі вучэньнямі, цэнтрам якіх стала Беларуская вайсковая акруга. Адбываліся таксама ў верасьні. Цяпер можна прачытаць, што мэтай было навучыцца, як «зьмяць» сілы НАТО за тры дні.
Закончыўся «Захад-81» у Беларусі высадкай з паветра цэлай дывізіі з тэхнікай. Прычым упершыню ў некалькіх баявых машынах дэсанту знаходзіліся экіпажы. Гэта было небясьпечна, але прызямліліся яны ўдала. Афіцэры атрымалі ордэны Чырвонай зоркі.
Ну й скажыце, навошта было гэтую назву выцягваць з архіву савецкай арміі?
Напэўна, каб паказаць, што «традициям верны». Што датычыць расейскай арміі — былой савецкай, то ўсё зразумела. Навошта гэта сёньня другой з удзельніц «Захаду-2017» — беларускай? Адказ на паверхні: а што ў ёй беларускага? Апроч месца дысьлякацыі? Гэта ранейшае месца разьмяшчэньня войскаў Беларускай вайсковай акругі СА. Нават кіраўніцтва ажыцьцяўляецца згмаху, дзе быў штаб акругі.
Гэта сумная канстатацыя з майго боку, ня болей. Хацелася б, каб было іначай. Каб традыцыі савецкай-расейскай арміі ня мелі дачыненьня да беларускай, каб яе можна было з піетэтам назваць — нашай. Са сваімі традыцыямі. Са сваімі, значыць, адрознымі ад традыцый расейскай арміі.
«Партрэт Суворава побач з Пагоняй» — назва майго тэксту з газэты «Свабода». 1993 год, верасень. Сам я рэдагаваў тады «Пагоню», але Ігар Гермянчук папрасіў напісаць для «Свабоды» што-небудзь гарадзенскае.
Было вядома, што з Горадні пачыналі ствараць беларускую армію. Так, менавіта ў Горадні частку былой савецкай, якую не плянавалася выводзіць у РФ, пераўтваралі ў армію РБ.
Гэта адбывалася на Фолюшы, дзе стаяла танкавая дывізія. Дывізію скарацілі да брыгады, 1-й Беларускай брыгады! Я папросту гонар адчуваў. Ну нарэшце! Але, не. Так проста, хлопцы, нічога ў гэтай рэспубліцы не бывае. Што значыць, першая беларуская? Ні храна. Яна была, ёсьць і будзе 6-й! А як жа слаўны баявы шлях? А як жа ордэны Леніна, Суворава, Багдана Хмяльніцкага? Куды іх? Калі яна будзе ў вас раптам называцца 1-й беларускай, га? Нумарацыю захаваць — сьвятая справа.
Дывізію, між іншым, вывелі з ГДР у Горадню. І чаму яе павінны былі назаўсёды ўмантаваць у толькі ствараную армію беларусаў? Зрабіць яе асновай? Хто адкажа? Што беларускага было ў той 6-й дывізіі, якая нават не ваявала на Беларускім фронце, не вызваляла тэрыторыю Беларусі? Нават гэтага не было.
Я напісаў для «Свабоды» рэпартаж з Фолюша. Камандзіру падабалася параўноўваць брыгаду з фабрыкай. У яго столькі тэхнікі, што ніхто ня мусіць хадзіць пешкі, казаў ён. Але ня толькі танкі ёсьць, бэтээры, а свая гаспадарка таксама — 800 курэй, 240 сьвіней, 330 кароў, бычкі. На поўным забесьпячэньні брыгада.
Слухаць было цікава, але я ня мог пазбыцца ўнутранага дыскамфорту. Над галавой камандзіра вісела расфарбаваная Пагоня, рыцар на кані. А на яго зухава пазіраў генэралісімус Сувораў: маўляў, хто каго? Герб Пагоня і партрэт Суворава побач дакладна адлюстроўвалі цяперашні стан «беларускага надзелу» былой савецкай арміі, напісаў тады я.
У музэйчыку, як і ў кабінэце палкоўніка, таксама павесілі Пагоню. І муляжы савецкіх ордэнаў, і Суворава, вядома ж. Адзін з журналістаў пацікавіўся: каго лічаць цяпер патэнцыйным праціўнікам? Польшчу і Літву лічаць, ці не? Камандзір адказвае, што ў нас з суседзямі ёсьць дамова аб супрацоўніцтве, але калі браць канкрэтна Літву, то чаго яе баяцца, калі яна па сутнасьці ня мае войска? І я спачатку адчуваю гонар за нашу такую вялікую армію. Але адразу міжволі задумваюся: чыё войска больш надзейнае? — вось у чым пытаньне.
Сёлета адзначылі 25-годзьдзе 6-й брыгады. Прабачце, гэта я са сваім беларускім розумам чорт знае што сказаў. Адзначалі 75 год! Вы ўсё правільна прачыталі. Так званая «першая беларуская» брыгада была створаная пры Сталіне. Дзе? Пад Масквой ці недзе там, якая розьніца? Вось што адзначалі ў Горадні. Прычым сьвята выйшла за межы вайсковага гарадку, на Савецкай плошчы яно таксама прысутнічала, каб для ўсіх гарадзенцаў была падзея. Ваякі гэта падкрэсьлівалі з гонарам.
Ніхто ніякое 25-годзьдзе пачаткаў стварэньня беларускай арміі не сьвяткаваў у той дзень у Горадні.
«Гваздом праграмы стала інсцэніроўка аднаго зь першых баёў злучэньня — пад горадам Казельск». На такой аптымістычнай ноце заканчваліся паведамленьні пра падзею.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.