Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта «День»: Расея можа зрынуць Лукашэнку і пасадзіць у Менску прарасейскі ўрад, як у Данецку і Луганску


Ілюстрацыйнае фота. Расейская вайсковая тэхніка пад Асіповічамі, напярэдадні вучэньняў «Захад-2017»

Украінская газэта «День» надрукавала артыкул расейскага палітычнага аглядальніка, прафэсара Барыса Сакалова, прысьвечаны вучэньням «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі і Расеі.

Аўтар перакананы: занепакоенасьць у суседніх дзяржавах будзе захоўвацца аж да заканчэньня манэўраў і вываду зь Беларусі ўсяго расейскага кантынгенту.

«Трывога ў эўрапейскіх краінах, роўна як ва Ўкраіне і ў самой Беларусі, зьвязаная з двума найбольш небясьпечнымі сцэнарамі, паводле якіх гіпатэтычна могуць разьвівацца манэўры „Захад-2017“, — адзначае Барыс Сакалоў. — Першы з гэтых алармісцкіх сцэнароў прадугледжвае, што значныя кантынгенты расейскіх войскаў застануцца ў Беларусі на няпэўна доўгі тэрмін. А гэта стварае адразу некалькі пагрозаў.

У прысутнасьці сваіх войскаў Расея можа інсьпіраваць дзяржаўны пераварот, зрынуць Лукашэнку і пасадзіць у Менску прарасейскі і цалкам залежны ад Масквы ўрад — кшталту тых, што цяпер сядзяць у Данецку і Луганску. Такі сцэнар быў рэалізаваны Сталіным улетку 1940 году ў Латвіі, Літве і Эстоніі. Тады ў краіны, дзе ўжо знаходзіліся савецкія вайсковыя базы, былі дадаткова ўведзеныя значныя кантынгенты Чырвонай Арміі, якія шматкроць перавышалі колькасьць латыскай, літоўскай і эстонскай армій. І савецкія войскі лёгка зрынулі мясцовыя ўрады і анэксавалі балтыйскія дзяржавы.

Дакладна невядома, колькі менавіта расейскіх войскаў будзе сканцэнтравана ў памежных зь Беларусьсю раёнах. Але ва ўсіх яшчэ сьвежая ў памяці памылка амэрыканскай выведкі, якая праглядзела канцэнтрацыю расейскіх войскаў у Крыме на пачатку 2014 году, перад самай акупацыяй і анэксіяй паўвострава. Дарэчы, у вучэньнях таксама ўдзельнічае расейскі Балтыйскі флёт, хоць Беларусь краіна сухапутная, выхаду да мора ня мае. І гэта, па зразумелых прычынах, выклікае занепакоенасьць у дзяржавах Балтыі».

Далей Барыс Сакалоў піша, што, паводле афіцыйных зьвестак расейскага Міністэрства абароны, у манэўрах будзе задзейнічана 13 тысяч чалавек. Але некаторыя назіральнікі выказваюць засьцярогу, што рэальная колькасьць расейскіх войскаў можа дасягнуць і 100 тысяч — інакш навошта для перавозкі войскаў і тэхнікі спатрэбілася ажно 4 тысячы вагонаў, тады як на папярэдніх вучэньнях такога тыпу было толькі 63?

Расейскія экспэрты пярэчаць заходнім калегам: з 13 тысяч салдатаў, якія ў ходзе вучэньняў будуць дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі, расейскіх будзе толькі 3 тысячы, а лічба ў 100 тысяч атрымалася ў выніку падсумоўваньня ўсіх войскаў, што будуць задзейнічаныя на розных этапах манэўраў.

«Нагадаю, што колькасьць Узброеных сілаў Беларусі складае ўсяго 48,5 тысячы „штыкоў“ без уліку цывільнага пэрсаналу, — падсумоўвае Барыс Сакалоў. — Пры гэтым на долю сухапутных войскаў прыпадае толькі 16,5 тысячы, лічачы і цывільны пэрсанал.

З улікам 6 тысяч байцоў сілаў спэцыяльных апэрацый і 2-3 тысяч байцоў ваенізаваных міліцэйскіх фармаваньняў (120 тысяч чалавек тэрытарыяльнай абароны як баяздольная сіла існуюць толькі на паперы) для надзейнай нэўтралізацыі беларускай арміі можа спатрэбіцца 50-60 тысяч чалавек з расейскіх сухапутных і паветрана-дэсантных войскаў. Калі такі кантынгент апынецца на тэрыторыі Беларусі, Лукашэнка можа па-сапраўднаму спалохацца, а разам зь ім — і краіны NATO».

Афіцыйны тэрмін правядзеньня маштабных вучэньняў «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі вызначаны ў прамежку 14-20 верасьня.

Генэрал-маёр Алег Белаконеў учора падчас брыфінгу з нагоды маштабных верасьнёўскіх вучэньняў «Захад-2017» запэўніў, што да 30 верасьня расейскія войскі вернуцца на месцы сваёй пастаяннай дысьлякацыі ў Расеі:

«Вучэньні «Захад-2017» маюць выключна абарончы характар, — адзначыў Белаконеў. — Іх правядзеньне не нясе ніякай пагрозы ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краінаў у прыватнасьці. Пасьля заканчэньня манэўраў у тэрмін да 30 верасьня асабовы склад, узбраеньне, вайсковая і спэцыяльная тэхніка Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь вернуцца ў пункты пастаяннай дысьлякацыі. А групоўкі войскаў Расейскай Фэдэрацыі вернуцца на сваю тэрыторыю», — падсумаваў начальнік Генэральнага штабу.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG