Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ўтрая часьцей за NATO праводзіць ваенныя вучэньні


Расейская бронетэхніка пад Асіповічамі, 24 жніўня 2017 году
Расейская бронетэхніка пад Асіповічамі, 24 жніўня 2017 году

З пачатку 2015 году па цяперашні час Расея правяла 124 вучэньні з удзелам падразьдзяленьняў колькасьцю прынамсі 1500 вайскоўцаў. Сілы NATO за той жа час правялі толькі 38 такога кшталту вучэньняў.

Пра гэта паведаміла нямецкая газэта Frankfurter Allgemeine Zeitung (FAZ)

Па дадзеных нямецкіх журналістаў, атрыманых на аснове аналізу расейскіх і заходніх ваенных крыніцаў, з пачатку 2015 году па цяперашні час Расея правяла 124 вучэньняў з удзелам падразьдзяленьняў колькасьцю прынамсі 1500 вайскоўцаў. Сілы NATO за той жа час правялі толькі 38 такога кшталту вучэньняў. Расейскае ваеннае кіраўніцтва ў 2015-2017 гадах правяло 23 так званых «раптоўных праверак боегатоўнасьці», NATO — ніводнай. У 2015 годзе расейскія войскі правялі 54 вучэньні, у 2016-м — 44, за восем месяцаў гэтага году — 26. Адпаведныя лічбы для NATO — 13, 14 і 11.

Cтрах быць атакаваным у любы час прыводзіць на Захадзе да нестабільнасьці і боязі вайны, і гэта цалкам упісваецца ў цяперашнюю расейскую ваенную дактрыну

Заходнія аналітыкі адзначаюць, што апошнія гады Ўзброеныя сілы РФ усё больш актыўна адпрацоўваюць удзел у буйнамаштабных вайсковых апэрацыях. «Калі яшчэ ў 2011 годзе манэўры або праверкі боегатоўнасьці, якія ўключаюць да 100 тысяч удзельнікаў, былі зьявай выключнай, то цяпер гэта ў парадку рэчаў» — сказаў у інтэрвію FAZ аналітык Швэдзкага агенцтва абаронных дасьледаваньняў Ёхан Норбэрг.

Часьцей за ўсё манэўры апошнія гады праходзяць у Заходнім і Паўднёвым ваенных акругах — у непасрэднай блізкасьці ад межаў краінаў NATO і Ўкраіны. На думку адстаўнога генэрала Піцера Цвака, які ў 2012-2014 гадах быў ваенным аташэ пасольства ЗША ў Маскве, падвышаная ваенна-трэніровачная актыўнасьць расейскіх войскаў — ня толькі частка праграмы падвышэньня боегатоўнасьці. Яна нясе і пэўнае палітычнае пасланьне Захаду: «Мы назіраем за вамі, мы моцныя, мы шмат чаму навучыліся. Не зьвязвайцеся з Расеяй! »

Паводле амэрыканскага аналітычнага фонду Rand, Расеі спатрэбіцца 60 гадзін максымум, каб апынуцца ў Рызе і Таліне — прычым у выпадку неабходнасьці — адразу.

Газэта адзначае, што сёлетнія вучэньні «Захад-2017» прызначаныя для праверкі гатоўнасьці расейскіх вайскоўцаў да сутыкненьня на ўсходнім флянгу NATO. Расея заяўляе, што ў вучэньнях будуць удзельнічаць толькі 13 000 салдатаў, але заходнія экспэрты мяркуюць, што насамрэч у вучэньнях возьмуць удзел 100 тысячаў вайскоўцаў.

Паводле нямецкага выданьня «Захад-2017» будуць праводзіцца побач з самай уразьлівай тэрыторыяй Паўночнаатлянтычнага альянсу — на тэрыторыі Беларусі, у Балтыйскім моры і ў расейскім экскляве Калінінградзе, які ад Беларусі аддзяляе польска-літоўская мяжа працягласьцю ўсяго сотню кілямэтраў. «Гэтая мяжа ўяўляе сабой ахілесаву пяту NATO» — піша выданьне.

Яно спасылаецца на разьлікі амэрыканскага аналітычнага фонду Rand, паводле якіх Расеі спатрэбіцца 60 гадзін максымум, каб апынуцца ў Рызе і Таліне — прычым у выпадку неабходнасьці — адразу.

Аглядальнік FAZ, адзначаючы, што Расея праводзіць значна больш вучэньняў, чым заходнія краіны, выказвае меркаваньне, што гэтая перавага нічога ня кажа пра тое, ці плянуе Крэмль аднойчы ёй скарыстацца. На думку аўтара артыкулу ваеннае супрацьстаяньне з NATO з выкарыстаньнем звычайных узбраеньняў хутка можа перарасьці ў абмен ядзернымі ўдарамі, і ніводзін з бакоў ня зможа выйсьці з канфлікту пераможцам. Аднак апэратыўная перавага, гаворыцца ў артыкуле, сама па сабе рэалізуе пэўную мэту, страх быць атакаваным у любы час прыводзіць на Захадзе да нестабільнасьці і боязі вайны, гэта цалкам упісваецца ў цяперашнюю расейскую ваенную дактрыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG