Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Столтэнбэрг: Расея і Беларусь ня выканалі абавязаньняў наконт празрыстасьці вучэньняў «Захад-2017»


Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што Расея і Беларусь ня выканалі сваіх міжнародных абавязаньняў што да абсалютнай празрыстасьці сумесных вайсковых вучэньняў «Захад-2017», заплянаваных на верасень у Беларусі.

У інтэрвію Associated Press у Варшаве 24 жніўня Столтэнбэрг адзначыў, што Расея выкарыстоўвае «шчыліны», каб зьвесьці да мінімуму колькасьць супрацоўнікаў NATO, якім дазволена назіраць за вучэньнямі.

Згодна з правіламі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, вядомых як Венскі дакумэнт, дзяржавы, якія праводзяць манэўры з удзелам больш як 13 тысяч вайскоўцаў, павінны своечасова паведаміць іншым краінам і быць адкрытымі для назіральнікаў.

«Мы заклікаем Расею цалкам выканаць гэты дакумэнт, але таксама не выкарыстоўваць шчылінаў, такіх як нескладаныя практыкаваньні, як і многія іншыя каманды, што ёсьць папраўдзе аднымі вучэньнямі», — сказаў ён.

Расея, у сваю чаргу, адпрэчыла асьцярогі з нагоды вучэньняў.

«Гэта звычайнае сумеснае мерапрыемства, гэта не агрэсія, як гэта бачаць некаторыя краіны», — заявіў 24 жніўня намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін. «Я ня бачу прычынаў баяцца. Звычайнае мерапрыемства, якое будзе адкрытым і добразычлівым», — дадаў ён.

Беларусь раней заявіла, што запрасіла назіральнікаў зь сямі краінаў на вучэньні, якія будуць праходзіць з 14 па 20 верасьня. Столтэнбэрг сказаў, што NATO накіруе туды двух экспэртаў, дадаўшы, што гэтага недастаткова.

NATO рэгулярна запрашае Расею на свае вучэньні з мэтай умацаваньня даверу, сказаў Столтэнбэрг, але «Расея ніколі з моманту заканчэньня халоднай вайны не запрасіла ніводнага саюзьніка NATO назіраць за якімі-хаця сваімі вучэньнямі», — дадаў ён.

Раней на гэтым тыдні службовец NATO паведаміў Радыё Свабода, што вялікая празрыстасьць вучэньняў важная для «прадухіленьня памылковых уяўленьняў і пралікаў». Расея і Беларусь выбіраюць «выбарачны падыход» да празрыстасьці, не даюць назіральнікам магчымасьці размаўляць з асобнымі салдатамі аб вучэньнях ці праводзіць аблёты, сказаў службовец.

Улады Беларусі заявілі, што ў вучэньнях «Захад-2017» возьмуць удзел 12 700 вайскоўцаў. Але NATO падазраюць, што ў выніку ўдзельнікамі будзе больш вайскоўцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG