Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг Сівіцкі: Беларусь ня можа адмовіцца ад сумесных манэўраў, бо тады Крэмль абвінаваціць у здрадзе


Палітоляг Арсені Сівіцкі

Афіцыйны Менск ня можа адмовіцца ад сумесных манэўраў з Расеяй, аднак ня мае намеру пакінуць у Беларусі расейскія войскі. Пра гэта палітоляг Арсені Сівіцкі сказаў у інтэрвію Свабодзе, камэнтуючы брыфінг начальніка генштабу Беларусі генэрал-маёра Алега Белаконева з нагоды вучэньняў «Захад-2017».

— Брыфінг Алега Белаконева абмежавалі ягонай заявай, а журналістам нават не дазволілі задаць генэралу пытаньні. Разгалошваньня якіх зьвестак пра манэўры апасаюцца людзі ў пагонах?

— Гэта такая традыцыйная манера зносін вайсковай установы з журналістамі. Мінабароны звычайна адзін з самых закрытых інстытутаў, таму тое, што такі брыфінг праведзены — ужо даволі сур’ёзны прагрэс. Гэта насамрэч такая спроба беларускага боку падкрэсьліць празрыстасьць вучэньняў, якія будуць праходзіць тут у верасьні.

— «Тэндэнцыйны ажыятаж» — сказаў генэрал-маёр Белаконеў пра размовы ў Эўропе наконт вялікіх маштабаў манэўраў «Захад-2017» і ролі ў іх расейскіх войскаў. Ці гэта не перабольшваньне з боку генэрала?

— Трэба разумець, што ўсё ж гэта сумесныя беларуска-расейскія вучэньні, і з дапамогай іх Беларусь як бы дэманструе сваю ляяльнасьць усходняму хаўрусьніку. Таму некаторыя мэсыджы былі выбраныя з улікам пэўнай аўдыторыі. У нас звычайна гэта робіцца гэтак, праз выказваньні на адрас Захаду.

Генэрал-маёр Алег Белаконеў на брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»
Генэрал-маёр Алег Белаконеў на брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»

— Алег Белаконеў назваў на брыфінгу колькасьць войскаў НАТО, якія сабраныя вакол Беларусі. Усяго 8 тысяч вайскоўцаў. А на манэўрах «Захад-2017» будзе задзейнічана, паводле генэрала, 12 700 беларускіх і расейскіх вайскоўцаў. Ці не ад гэтай розьніцы такое пачуцьцё небясьпекі перажывае Захад?

— Ня толькі. Нагадаю, што амаль адначасова ў 2017 годзе на ўсход ад НАТО будуць праходзіць два віды вучэньняў: разам з сумеснымі расейска-беларускімі «Захад-2017» у Расеі таксама пройдуць манэўры «Захад». Гэта будуць вучэньні з удзелам Паўночнага флёту, войскаў Заходняй і Паўднёвай вайсковых акругаў, частак Нацыянальнай гвардыі ды іншых сілавых структур. І адной з тэмаў гэтых вучэньняў будзе ўжываньне міжведамаснай групоўкі на эўрапейскім тэатры баявых дзеяньняў — фактычна сцэнар канфлікту з НАТО. Дык вось, на маю думку, некаторыя заходнія назіральнікі з гэтай прычыны аддаюць зашмат увагі беларуска-расейскім манэўрам, накладаюць на іх усе фобіі, зьвязаныя з манэўрамі «Захад» у Расеі.

— А як вы пракамэнтуеце сцэнар манэўраў «Захад-2017», які агучыў Алег Белаконеў? Нешта вам падаецца ў ім неверагодным? Нейкая «Вейшнорыя» захоплівае паўночна-заходнюю частку Беларусі, ёй дапамагаюць суседнія «Вестбарыя» і «Лубенія»...

Беларусь спрабуе правесьці гэтыя манэўры такім чынам, каб яны не разглядаліся як нейкі дэстабілізацыйны ці правакацыйны фактар, які падрывае рэгіянальную стабільнасьць і бясьпеку. Беларусь спрабуе захаваць статус донара гэтай стабільнасьці.

— На маю думку, форма, якая выбраная для апісаньня сцэнару вучэньняў і ваенна-палітычнага кантэксту, дэманструе, што гэта ўсё ня мае ніякага дачыненьня да рэальнай ваенна-палітычнай сытуацыі, якую мы тут цяпер назіраем. Адзначу, што калі генэрал-маёр Белаконеў пачаў апісваць сучаснае ваенна-палітычнае становішча ў рэгіёне, дык сказаў, што мы да НАТО ставімся з разуменьнем, і заклікаў альянс ставіцца да нашых манэўраў гэтаксама — з разуменьнем. То бок з гэтага вынікае, што, нягледзячы на такі сцэнар манэўраў, Беларусь ня бачыць у войсках НАТО непасрэднай пагрозы для сябе. Нават заявы пра тое, што ў сцэнары манэўраў выкарыстаны досьвед канфліктаў у паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе — таксама, на маю думку, спроба дыстанцыявацца ад рэальнай сытуацыі тут. То бок Беларусь спрабуе правесьці гэтыя манэўры такім чынам, каб яны не разглядаліся як нейкі дэстабілізацыйны ці правакацыйны фактар, які падрывае рэгіянальную стабільнасьць і бясьпеку. Беларусь спрабуе захаваць статус донара гэтай стабільнасьці. Але і ня можа адмовіцца ад правядзеньня сумесных манэўраў з Расеяй, бо тады Крэмль абвінаваціць Беларусь у здрадзе і пачне праводзіць больш жорсткі курс адносна нашай краіны.

— І які, на вашу думку, можа быць гэты курс?

— Найперш відавочна, што Расея не адмовілася ад плянаў па арганізацыі сваёй трывалай вайсковай прысутнасьці на тэрыторыі Беларусі і непасрэдна ад плянаў стварэньня тут сваіх вайсковых базаў. Але мяркую, што тыя расейскія войскі, якія будуць браць удзел у манэўрах «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі, адсюль будуць выведзеныя. Бачна, што ў кіраўніцтва Беларусі няма намеру іх тут пакінуць, бо гэта будзе падрываць статус Беларусі як донара рэгіянальнай стабільнасьці і бясьпекі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG