Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навошта нам гэтыя манэўры? Наваяваліся ўжо», — жыхары Асіповічаў пра вучэньні «Захад-2017»


Вайсковая тэхніка на тэрыторыі тэхнічнага цэнтру асіповіцкіх артылерыстаў

Асіповіцкі палігон задзейнічаюць у вучэньнях «Захад-2017». Мясьціна, на якой будуць «ваяваць» расейскія і беларускія салдаты — меней за два дзясяткі кілямэтраў ад Асіповічаў. У райцэнтры дысьлякуецца рэактыўная артылерыйская брыгада.

Ад 21 жніўня пачынаецца падрыхтоўка да расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017». Вайскоўцы сумесна адпрацуюць комплекс «захадаў у тылавым і тэхнічным забесьпячэньні». Расейскія войскі пачалі прыбываць у Беларусь ад 15 жніўня.

Самі ж вучэньні «Захад-2017», як заяўляецца, пройдуць з 14 па 20 верасьня на шасьці беларускіх палігонах.

Вайсковец-артылерыст: «Рыхтуемся»

Напярэдадні «плянавай падрыхтоўкі да стратэгічных вучэньняў» у Асіповічах не адчувалася, што неўзабаве райцэнтар апынецца ў эпіцэнтры вайсковых гульняў. На вуліцах замежных вайскоўцаў не было. Зрэдку па адным і групамі праходзілі беларускія. На пытаньні пра вучэньні вайскоўцы адказваць не жадалі і толькі адзін зь іх адрэагаваў: «Рыхтуемся».

«У мяне сябар служыць у частцы, дык кажа, што рыхтуюць палігон блізу вёскі Рэпішчы да вучэньняў. У іх будуць удзельнічаць і нашы артылерысты», — сказаў адзін з жыхароў Асіповічаў, дадаўшы, што асаблівай мітусьні з прычыны манэўраў у райцэнтры пакуль няма. «Усё будзённа», — зазначыў ён.

Вайскоўцы ў Асіповічах
Вайскоўцы ў Асіповічах

На тэрыторыі тэхнічнага цэнтру вайсковай часткі, як было відаць з-за невысокай агароджы з калючым дротам, салдаты завіхаліся ля ракетных установак. На некаторых артылерыйскія корабы былі ўзьнятыя ўгару.

Ракетныя ўстаноўкі і танкі на чыгунцы

«Мне даводзіцца штодня бачыць гэтую тэхніку, — сказаў мужчына, убачыўшы, што журналіст спрабуе сфатаграфаваць аб’екты за плотам. — Час ад часу яна выяжджае на палігон. Расейскія вайскоўцы пакуль не наведваліся сюды. На флягштоку толькі беларускі сьцяг; як прыяжджаюць госьці, дык сьцягоў болей».

На чыгунцы плятформаў з вайсковай тэхнікай не было таксама, але, паводле мясцовых жыхароў, вагоны зь ёю апошнім часам бачыць даводзіцца нярэдка, асабліва ўвечары.

Праверка тэхнікі да манэўраў
Праверка тэхнікі да манэўраў

«Як ехаў па мосьце, дык бачыў састаў з танкамі, але чые яны, не разгледзеў, — казаў наступны суразмоўца. — Знакаў прыналежнасьці на іх не відаць было. Ужо вечарэла. Гэта былі вялікія машыны. Шмат апошнім часам і цыстэрнаў з палівам праходзіць чыгункаю ў Асіповічах».

«Адваяваліся. Нядаўна чалавек падарваўся на снарадзе апошняй вайны»

Ад 15 жніўня, калі пачалі прыбываць у Беларусь расейскія вайскоўцы, лякаматываў з паліўнымі цыстэрнамі сапраўды пабольшала. Гэта адзначаюць ня толькі жыхары Асіповічаў, але і Магілёва.

«Я жыву непадалёк ад палігону, дык там назіраецца ажыўленьне.Часта страляць сталі», — паведаміла жыхарка прыгараднай асіповіцкай вёскі Пратасевічы.

Кінутыя пантоны па-за вайсковай часткаю
Кінутыя пантоны па-за вайсковай часткаю

«Да манэўраў стаўлюся нармальна, а як бязь іх у сучасным сьвеце, — казала жанчына далей. — Паўсюль жа тэракты. Калі мы саюзная з Расеяй дзяржава, дык войскі ж павінны ўзаемадзейнічаць. Толькі ўсё роўна неяк неспакойна. Нам бы цішыні, бо Беларусь ужо ўдосталь наваявалася. Нядаўна чалавек падарваўся на снарадзе ад апошняй вайны, калі зьбіраў мэталялом у лесе...».

У межах падрыхтоўкі да вучэньняў «Захад-2017», як напісана на сайце Міністэрства абароны Беларусі, будзе адпрацавана тэхнічнае прыкрыцьцё аб’ектаў на ўчастках ваенна-аўтамабільных дарог; эвакуацыя, рамонт і аднаўленьне няспраўнай тэхнікі і ўзбраеньня; разгортваньне палявога магістральнага трубаправоду, а таксама ўчасткаў масавай запраўкі тэхнікі.

На гаспадарку грошай няма, а на манэўры ёсьць

Зьвестак пра тое, у колькі абыдуцца вучэньні Беларусі, не называецца. Вядома, што ў манэўрах будуць удзельнічаць больш за 10 тысяч вайскоўцаў, тры тысячы зь якіх расейскія.

«У Беларусі і Расеі, відаць, дужа шмат грошай, таму яны наважыліся на такія гульні, — выказваў сваю думку наконт манэўраў наступны суразмоўца. — Для патрэбаў простага люду грошай не хапае, а на абслугоўваньне вайсковай тэхнікі на такіх вучэньняў яны ёсьць. Як я служыў, дык адзін патрон абыходзіўся пад 1 даляр 30 цэнтаў».

Недабудаваны аквапарк — нестае грошай
Недабудаваны аквапарк — нестае грошай

Малады мужчына ня даў адназначнага адказу на пытаньне, ці зьедуць расейцы пасьля вучэньняў зь Беларусі. Суразмоўца, аднак, прыгадаў, што казалі жыхары Асіповічаў, калі Пуцін насядаў на Лукашэнку, каб аддаў бабруйскі аэрадром расейцам.

«Тады казалі, што і ў Асіповічах разьмесьцяць расейскую частку. Да Бабруйску ж ад нас недалёка, — казаў ён. — Ці былі такія пляны, цяжка казаць. Можа, гэта і чуткі, але ж іх пацьвярджалі і нашы артылерысты. Дык вось, навошта нам чужыя войскі. Свае ж ёсьць...».

Помнік партызанам у непрыкметным кутку

У Асіповічах нямала жыве адстаўных савецкіх вайскоўцаў. Адзін зь іх расказаў, якую тэрыторыю займала вайсковая частка да развалу Савецкага Саюзу. Зь незадаволенасьцю згадаў, як скарачалі вайскоўцаў за часамі незалежнай Беларусі.

«Цяпер зразумела, што Беларусі не патрэбна было вялікае войска, але мы ж, калі нас скарачалі, меліся знайсьці сабе занятак. Хто дзе ўладкаваўся, — казаў былы вайсковец. — Цяпер паглядзіце: усё, што па-за тэрыторыяй часткі, разбураецца. Вунь бачыце, як гібеюць вайсковая сталоўка ды казарма. А там боксы зарасьлі так, што ня дойдзеш да іх. Для тых, хто служыў, балюча глядзець на тое, што разбураецца. Нешта аддалі пад цывільную гаспадарку, але ня ўсё...».​

Незапатрабаваная сталоўка артылерыстаў
Незапатрабаваная сталоўка артылерыстаў

Паўднёвая частка Асіповічаў, у якой дысьлякуюцца артылерысты, забудаваная тыпавымі двухпавярховікамі. Такія дамы ўзводзілі ваеннапалонныя немцы. У непрыкметным кутку гарадка — помнік беларускім партызанам.

На тэрыторыі вайсковай часткі праз агароджу відаць занядбаны будынак казармы. Навокал афіцэрскія інтэрнаты. На вуліцы Рабоча-сялянскай, насупраць цэнтральнага КПП, будынак, у якім у 1938 годзе спыняўся савецкі вайскавод Георгі Жукаў. Пра гэта гаворыць шыльда.

«Нам тут Данбасу ня трэба. Жывём жа мірна»

У паўночнай частцы Асіповічаў — тэхнічны цэнтар артылерыстаў. Вакол яго вуліцы названыя ў гонар савецкіх вайскаводаў Варашылава і Чарняхоўскага. Сярод савецкай тапанімікі без асфальту, у пыле, — вуліца імя Янкі Купалы.

На Чарняхоўскай паўстае новы жылы масіў. Тут узводзяць аквапарк. На пашпарце аб’екта пазначана, што займацца спортам у ім меліся амаль год таму — у лістападзе 2016-га. Фінансаваць будаўніцтва аквапарк браліся расейцы за сродкі кампаніі «Газпром трансгаз Беларусь».

Дом, у якім жыў Жукаў
Дом, у якім жыў Жукаў
Вуліца імя Янкі Купалы
Вуліца імя Янкі Купалы

«У нас бальніцу дабудаваць каторы год ня могуць. Цяпер яшчэ адзін даўгабуд зьявіўся — аквапарк. Нашто гэтыя манэўры? Пастраляюць і паедуць, — незадаволена казаў жыхар вуліцы Чарняхоўскага. — Паглядзіце, былыя казармы разбураюцца. Людзям няма дзе зарабіць. Мае знаёмцы, як пачулі пра манэўры, дык адрэагавалі дужа раздражнёна. Нам жа тут Данбасу ня трэба. Жывём жа мірна. Нікога не чапаем».

Абарончы характар вучэньняў не супакойвае суседзяў Беларусі

Афіцыйная падстава правядзеньня вучэньняў «Захад» — трэнаваньне абароны тэрыторыі Саюзнай дзяржавы ад магчымага нападу, а таксама паляпшэньне ўзаемадзеяньня паміж вайсковым камандаваньнем абедзьвюх краінаў. Вучэньні маюць статус стратэгічных.

Кіраўніцтва расейскага і беларускага войска заяўляе, што вучэньні пройдуць у межах міжнародных пагадненьняў.

Помнік партызанам
Помнік партызанам

«Мы нічога ня ўтойваем і ўтойваць не павінны. Калі натаўцы хочуць прысутнічаць на нашым вучэньні, калі ласка», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Кіраўнік Мінабароны Расеі Сяргей Шайгу падкрэсьлівае мірны характар падзеі:

«Гэтае мерапрыемства праводзіцца раз на два гады паводле сумеснага рашэньня прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі і носіць выключна абарончы характар».

«Мы з насьцярогай чакаем вучэньняў „Захад-2017“, падчас якіх канцэнтруюцца вельмі шматлікія і агрэсіўныя сілы, ідзе дэманстратыўная падрыхтоўка да вайны з Захадам», — заявіла прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце.

Дамы ля часьці артылерыстаў
Дамы ля часьці артылерыстаў

Сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій выказаў думку, што падчас вучэньняў «Захад 2017» расейскія войскі могуць перайсьці беларуска-ўкраінскую мяжу:

«Ня варта выключаць найгоршы сцэнар: выкарыстаньне вучэньняў як мінімум для дыскрэдытацыі Беларусі, а як максымум — ажыцьцяўленьня прамой агрэсіі або дывэрсійнай падрыўной дзейнасьці супраць нашай дзяржавы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG