Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры выдуманыя краіны і 13 тысяч вайскоўцаў. Галоўнае пра вучэньні «Захад-2017»


Вучэньні «Захад 2013». Ілюстратыўнае фота.
Вучэньні «Захад 2013». Ілюстратыўнае фота.

15 жніўня ў Беларусь пачалі прыбываць расейскія вайскоўцы. Яны правядуць падрыхтоўку перад асноўным этапам вучэньняў.

Колькі расейскіх жаўнераў прыяжджаюць на папярэднія вучэньні і навошта?

Невядома. Па афіцыйнай інфармацыі, папярэднія беларуска-расейскія вучэньні пройдуць у Беларусі 21–25 жніўня. У іх возьмуць удзел «органы вайсковага кіраваньня і злучэньні тылавога і тэхнічнага забесьпячэньня». Фактычна гэта асобныя ад «Захаду 2017» вучэньні. Мінабароны Беларусі паведаміла, што на іх будуць адпрацоўваць прыкрыцьцё стратэгічных аўтамабільных дарог, разгортваньне часовых трубаправодаў, трэніраваць схему запраўляньня вайсковай тэхнікі палівам.

У якіх мясцовасьцях будуць праходзіць гэтыя вучэньні, таксама не паведамляецца. Няма інфармацыі і пра тое, ці застануцца расейскія вайскоўцы, задзейнічаныя ў вучэньнях 21–25 жніўня, на вучэньні «Захад 2017».

Калі і як пройдуць вучэньні «Захад 2017»?

З 14 па 20 верасьня. Вучэньні пад агульнай назвай «Захад» праводзяцца войскамі Беларусі і Расеі раз на два гады, пачынаючы з 2009, калі паміж кіраўніцтвам краін было падпісана адпаведнае пагадненьне. У тым жа годзе адбыліся першыя вучэньні «Захад 2009», Расею на іх прадстаўляў Дзьмітры Мядзьведзеў.

Афіцыйная падстава правядзеньня вучэньняў «Захад» — трэніроўка абароны тэрыторыі Саюзнай дзяржавы ад магчымага нападу, а таксама паляпшэньне ўзаемадзеяньня паміж вайсковым камандаваньнем абедзьвюх краін. Вучэньні маюць статус стратэгічных. То бок гэта мадэляваньне паўнавартаснай вайны. Гэтым «Захад» адрозьніваецца ад менш маштабных вайсковых мерапрыемстваў.

Акцыя супраць правядзеньня вучэньняў «Захад 2017» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 7 ліпеня 2017.

Колькі расейскіх вайскоўцаў будуць удзельнічаць у вучэньнях «Захад 2017»?

3000 чалавек, паводле заяў міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова. Агулам на тэрыторыі Беларусі ў вучэньнях «Захад 2017» будуць удзельнічаць 10200 вайскоўцаў, зь іх 7200 — беларусы. Вучэньні часткова будуць праходзіць таксама на тэрыторыі Расеі, там плянуюць задзейнічаць яшчэ каля 3000 вайскоўцаў.

Разам з тым у сярэдзіне ліпеня генэральны сакратар НАТО Енс Солтэнбэрг паведаміў, што рэальная колькасьць вайскоўцаў, задзейнічаных у вучэньнях «Захад 2017», можа быць большай, чым афіцыйная.

«Зыходзячы з досьведу папярэдніх вучэньняў, мы маем падставы лічыць, што ў вучэньнях будзе ўдзельнічаць большая колькасьць войскаў, чым заяўлена афіцыйна», — сказаў генэральны сакратар НАТО.

Наколькі большай можа быць іх колькасьць, Енс Солтэнбэрг не ўдакладніў.

3000 расейскіх вайскоўцаў у Беларусі — гэта шмат ці не?

Гледзячы з чым параўноўваць. Ва Ўзброеных сілах Беларусі служыць каля 65 тысяч чалавек, зь якіх 48 500 — вайскоўцы, а 16 500 — цывільны пэрсанал. У працэсе далучэньня Крыму да Расеі ўдзельнічала, па розных ацэнках, ад 10 да 12 тысяч расейскіх вайскоўцаў. У вайсковых вучэньнях НАТО «Анаконда 2016», якія праходзілі летась на тэрыторыі Польшчы, удзельнічала каля 31 тысячы вайскоўцаў.

Якая тэхніка будзе выкарыстаная?

Да 70 самалётаў і верталётаў, а таксама 680 адзінак сухапутнай тэхнікі — каля 100 танкаў, 150 адзінак артылерыі, устаноўкі «Град», «Сьмерч» і «Ўраган». Такія зьвесткі падаюць афіцыйныя крыніцы.

Для параўнаньня — у вайсковым парадзе да Дня Незалежнасьці сёлета ўдзельнічала 280 адзінак тэхнікі. Падрабязнай інфармацыі пра тое, колькі расейскіх танкаў і БТРаў прыбудзе ў Беларусь, няма.

Дзе будуць праходзіць вучэньні «Захад 2017»?

На шасьці вайсковых палігонах: пад Лепелем, Барысавам, на палігоне Ласьвіда каля Віцебску, каля Асіповічаў, на палігонах вайскова-паветраных сілаў каля Ружанаў і Даманава. Таксама паведамляецца, што вучэньні заплянаваныя «на адным участку мясцовасьці каля населенага пункта Дрэтунь».

Чаму будуць вучыцца расейскія і беларускія вайскоўцы?

Сцэнар вучэньняў «Захад 2017» часткова раскрыў 12 ліпеня на форуме АБСЭ ў Вене намесьнік кіраўніка генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі генэрал-маёр Павал Муравейка. Паводле яго, на вучэньнях будзе распрацаваная мадэль канфлікту паміж «Паўночнымі» (Беларусь і Расея) і «Заходнімі» (кааліцыя трох дзяржаў-агрэсараў: Вейшнорыі, Весбарыі і Лубеніі). Па сцэнары, «Заходнія» спрабуюць раскалоць саюз Беларусі і Расеі, пагоршыць сацыяльна-эканамічную абстаноўку ў першай, дамагчыся там зьмены кіраўніцтва і, выкарыстоўваючы ўсё гэта, захапіць частку Беларусі і стварыць там дзяржаву пад назвай «Вейшнорыя». Пасьля чаго «Заходнія» зьбіраюцца ўвесьці свае войскі на тэрыторыю ўсёй краіны. «Паўночныя», адпаведна, павінны гэтым плянам супрацьстаяць.

Як рэагуюць краіны-суседзі?

Найбольш непакояцца Літва і Ўкраіна.

«Мы з насьцярогай чакаем вучэньняў „Захад-2017“, падчас якіх канцэнтруюцца вельмі шматлікія і агрэсіўныя сілы, ідзе дэманстратыўная падрыхтоўка да вайны з Захадам», — заявіла прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

А сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій выказаў меркаваньне, што падчас вучэньняў «Захад 2017» расейскія войскі могуць перайсьці беларуска-ўкраінскую мяжу:

«Ня варта выключаць горшы сцэнар: выкарыстаньне вучэньняў як мінімум для дыскрэдытацыі Беларусі, а як максымум — ажыцьцяўленьня прамой агрэсіі або дывэрсійнай падрыўной дзейнасьці супраць нашай дзяржавы».

Генэральны сакратар НАТО Енс Солтэнбэрг у ацэнках больш стрыманы. Ён заклікае ўлады Беларусі і Расеі выконваць міжнародныя дамоўленасьці і правесьці вучэньні як мага больш адкрыта.

Што на гэта адказваюць беларускія ўлады і расейскія вайскоўцы?

Што ўсё будзе добра і ў межах міжнародных пагадненьняў.

«Мы нічога не хаваем і хаваць не павінны. Калі натаўцы хочуць прысутнічаць на нашым вучэньні, калі ласка», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Кіраўнік Мінабароны Расеі Сяргей Шайгу падкрэсьлівае мірны характар падзеі:

«Дадзенае мерапрыемства праводзіцца раз на два гады па сумесным рашэньні прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі і носіць выключна абарончы характар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG