Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сцэнар нападу»: чаму ў Латвіі непакояцца вучэньнямі «Захад-2017»


Чаму ў Латвіі непакояцца вучэньнямі «Захад-2017»?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:10:02 0:00

Чаму ў краінах Балтыі ўспрымаюць сумесныя вучэньні Расеі і Беларусі з занепакоенасьцю? І як Літва, Латвія і Эстонія будуць рэагаваць на канцэнтрацыю расейскіх вайскоўцаў па-за тэрыторыяй Расейскай Фэдэрацыі недалёка межаў з краінамі Балтыі? Тлумачыць дзяржсакратар Міністэрства абароны Латвіі Яніс Гарысанс.

Яніс Гарысанс: Наша непакой з нагоды вайсковых вучэньняў зьвязаны з досьведам 2009-га і 2013-га гадоў. Мы, вядома, не адмаўляем, што вайсковыя вучэньні павінны праводзіцца: у кожнай краіне яны праводзяцца, у тым ліку і ў нас. Што нас турбуе, дык гэта, па-першае, сцэнары, якія разыгрываюцца падчас гэтых вучэньняў, а па-другое, непразрыстасьць у арганізацыі гэтых вучэньняў.

Раней мы ўжо назіралі, напрыклад, што заяўленая колькасьць удзельнікаў не адпавядае рэальнаму ліку вайскоўцаў. Былі і іншыя несупадзеньні.

Мінулыя вучэньні «Захад» праходзілі ў 2013 годзе, за некалькі месяцаў да падзей у Крыме. Ужо тады мы ня раз выказвалі непакой, гэтыя вучэньні разглядаліся Радай NATO-Расея, і ўжо тады ім не хапала празрыстасьці.

Мы больш за дзесяць гадоў прапануем расейскаму боку заключыць двухбаковае пагадненьне аб дадатковых інспэкцыях падчас вучэньняў. На наш погляд, яно павялічыла б ступень даверу. Калі б у нас была магчымасьць у выпадку неабходнасьці праводзіць інспэкцыі і праверкі, яны маглі б рабіць тое ж самае ў нас. На жаль, Расея адхіляе нашу прапанову.

РС: У Расеі і ў Беларусі ўвесь час праводзяцца нейкія вучэньні, чаму менавіта «Захад-2017» выклікае такі неспакой? У чым іх асаблівасьць?

Яніс Гарысанс: Мы сочым за тым, што адбываецца каля нашых межаў, за тым, як гэтыя вучэньні арганізоўваюцца. Ясна, што афіцыйная фаза вучэньняў — гэта кароткі пэрыяд часу, нашмат больш часу займае падрыхтоўка узброеных сілаў. Мы ведаем, што ў бліжэйшы час пачнецца перасоўваньне гэтых сілаў.

Я не магу рабіць заявы пра тое, што менавіта можа адбыцца, але нам бы не хацелася, каб арганізатары вучэньняў выкарыстоўвалі «сцэнары нападу», як гэта было ў 2009 і ў 2013 гадах. Гэтая інфармацыя даступная публічна, і пакуль ніхто гэтыя зьвесткі не абвяргаў: у 2009 годзе падчас вучэньняў «Захад» разыгрываўся сцэнар ядзернага нападу на Варшаву, а ў 2013 годзе само разьмяшчэньне войскаў сьведчыла аб тым, што гэта сцэнар нападу.

Мы разумеем, што можна выкарыстоўваць цяжкую тэхніку і ракеты для зьнішчэньня тэрарыстычных груповак, але практыка паказвае, што танкі ў выніку выкарыстоўваюцца для іншых мэтаў. Гэта і выклікае наш неспакой.

Тое, што Расея адмовілася заключыць дамову аб інспэктаваньні, таксама выклікае падазрэньні. У чым тут праблема? Сцэнары вучэньняў могуць быць рознымі, які будзе выкарыстоўвацца ў гэтым годзе — мы ня ведаем. Магчыма, гаворка пойдзе пра Калінінград і калідор Сувалкі.

РС: Латвія і Літва атрымалі запрашэньне быць назіральнікамі на гэтых вучэннях. Што гэта азначае на практыцы?

Яніс Гарысанс: Ёсьць некалькі узроўняў назіраньня. Беларусь, а цяпер і Расея запрасіла назіральнікаў прыняць удзел у так званых «адкрытых днях». Па сутнасьці гэта такі дзень для гасьцей, калі фармальна даюць назіраць за паказальнымі выступленьнямі вайскоўцаў. Але гэта не дае ніякага паняцьця аб тым, што сапраўды адбываецца падчас вучэньняў.

Вядома, гэта пэўны крок насустрач, і мы, зразумела, гэта падтрымліваем. Але, калі мы сапраўды хочам дамагчыся адкрытасьці, то мы павінны атрымаць магчымасьць бачыць рэальную сытуацыю.

Сэнс інспэкцый, і гэта адзначана ў Венскай дамове, у тым, каб даць зацікаўленым бакам магчымасьць пераканацца, што нічога нечаканага не адбываецца.

Цалкам інтэрвію на відэа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG